Вы тут

Вынікі чатырохгадовага праекта «Тарфянікі-2»


Вынікі чатырохгадовага праекта «Тарфянікі-2» — аднаўленне гідралагічнага рэжыму і прыняцце патрэбных дакументаў.

Тарфяныя балоты ў наступныя 20 гадоў дапамогуць знізіць выкіды парніковых газаў, скараціць колькасць пажараў і захаваць жыццё многім жывёлам і раслінам, лічаць спецыялісты.


Усё гэта дзякуючы маштабнаму праекту «Тарфянікі-2», які на працягу чатырох гадоў фінансаваўся Глабальным экалагічным фондам і рэалізоўваўся Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Поўная назва праекта: «Распрацоўка інтэграваных падыходаў да кіравання водна-балотнымі ўгоддзямі з улікам прынцыпу шматмэтавага ландшафтнага планавання з мэтай атрымання шматбаковых экалагічных выгад».

Па словах кіраўніка праекта Аляксея Арцюшэўскага, дзякуючы будаўніцтву водарэгулявальных збудаванняў быў адноўлены гідралагічны рэжым дзевяці парушаных тарфянікаў у Магілёўскай, Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях. А гэта каля 15 тысяч гектараў водна-балотных тэрыторый. Аднак самым важным дасягненнем праекта кіраўнік лічыць прыняцце і зацвярджэнне пастановай Савета Міністраў «Стратэгіі захавання і ўстойлівага выкарыстання тарфянікаў» і «Схемы размеркавання тарфянікаў па напрамках выкарыстання на перыяд да 2030 года» — дакументаў, якія дапамогуць рэгуляваць дзейнасць па захаванні і выкарыстанні тарфяных балот.

— Гэты праект даказаў, што экалогія і эканоміка — гэта не дыяметральна супрацьлеглыя паняцці. Яны павінны і могуць існаваць разам, — сказаў эксперт.

Важнасць эканамічных выгад адзначыў і намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут.

— У аснове ўсяго, вядома, стаіць экалогія. Але не варта забываць і пра эканамічны бок. У межах праекта створана 13 водна-балотных заказнікаў, экалагічныя сцежкі, якія змогуць паказаць натуральную прыгажосць нашай краіны не толькі беларусам, але і замежным турыстам.

Дарэчы, яшчэ адзін важны складнік праекта — захаванне біяразнастайнасці на балотах. З гэтай мэтай у Лідскім раёне Гродзенскай вобласці на неэфектыўна асушаных тарфяных землях былі высаджаны чорнаалешнікі, якія з'яўляюцца месцам пражывання многіх уразлівых відаў жывёл і раслін. Акрамя гэтага, актывісты грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) стварылі сістэму захавальнікаў для найбольш значных водна-балотных тэрыторый.

— Вядома, супрацоўнікаў нашай арганізацыі недастаткова, каб кантраляваць стан усіх балот. Таму мы прыцягваем да работы валанцёраў з розных куткоў нашай краіны. І сёння ў нас ужо 120 пастаянных захавальнікаў, — расказаў дырэктар арганізацыі Аляксандр Вінчэўскі.

Эксперт дадаў, што ў абавязкі захавальнікаў уваходзіць пастаянны маніторынг замацаванай за імі тэрыторыі, пра вынікі якога яны паведамляюць супрацоўнікам АПБ. Таксама валанцёраў вучаць самастойна рэагаваць на парушэнні.

На гэтым работа па захаванні і аднаўленні тарфянікаў не заканчваецца. Цяпер ідзе рэгістрацыя праекта «Тарфянікі-3».

Кацярына КІРЭЕВА

kаtуаkіrееvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Аднавіць і зберагчы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %.