Вы тут

Князь Андрэй Полацкі. Жыццёвы шлях


«О, салавей, летняя птушка, вось бы табе, салавей, сваім спевам праславіць вялікага князя Дзмітрыя Іванавіча і брата яго, князя Уладзіміра Андрэевіча, і зямлі Літоўскай двух братоў Альгердавічаў, Андрэя і брата яго Дзмітрыя, ды Дзмітрыя Валынскага! Яны — сыны Літвы храбрыя, крэчаты ў ратны час і палкаводцы праслаўленыя, пад гукі труб іх спавівалі, над шлёмамі мілавалі, з канца капія яны ўскормлены, з вострага мяча ўспоены ў Літоўскай зямлі». Вось так узнёсла ўсхваляў герояў славутай Кулікоўскай бітвы невядомы, але высокапаэтычны аўтар «Задоншчыны». Не ведаў ён, што менавіта яго літаратурны талент і мастацкае слова абессмяроціць імёны герояў гэтай бітвы, у прыватнасці братоў Альгердавічаў — Андрэя Полацкага і Дзмітрыя Бранскага. Хто б цяпер ведаў нейкага ноўгарад-северскага князя Ігара, каб не «Слова аб паходзе Ігаравым»? Вось такая моц геніяльнага твора, калі рэальны правобраз літаратурнага героя вырастае да сімвалічнага вобраза свайго часу і нават краіны, калі нагадаць караля Артура, рыцара Раланда, прынца Гамлета і нашага князя Ігара.


Менавіта «Задоншчыне» Андрэй Полацкі абавязаны славай героя перамогі над чорным Мамаевым полчышчам. Высакародны, мужны віцязь — аналаг еўрапейскага рыцара. Як не захапляцца ім?! А жыццё гэтага віцязя было цяжкім і драматычным: бацькоўская няласка, адыход з роднага дома, блуканне па чужых дварах, паўстанне супраць несправядлівасці, палон і гады ў няволі, зноў нявызначанае блуканне і слаўная смерць на полі бітвы на Ворскле. Як ні дзіўна, але гэта звычайны лёс многіх Альгердавічаў першага і другога пакалення. Толькі малалікасць дакументаў не дазваляе нам пазнаёміцца з іх драматычным жыццём — уявіць гэтую размаітую мазаіку людскіх лёсаў з напалам шэкспіраўскіх пачуццяў.

Калі б Альгерд перадаў велікакняжацкі пасад Андрэю, свайму старэйшаму сыну, безумоўна, гісторыя ВКЛ пайшла б не Ягайлавым шляхам да Крэва і Кракава, а зусім іншым. Андрэй працягваў бы бацькоўскую палітыку збору ўсходнееўрапейскіх зямель і многае зрабіў бы. Хоць чаго гадаць. Сталася як сталася.

На той час, 1377 год смерці Альгерда, Андрэй ужо пабываў пскоўскім князем, але заставаўся князем полацкім. Менавіта з-за полацкага пасада ён у 1342 г. пакінуў Пскоў, прызначыўшы там сваіх намеснікаў. Не паслухаўся просьбаў пскавічоў правіць у Пскове самаму, таму знайшлі яму замену ў 1348 г. Андрэй быў першым памочнікам у бацькаўскіх справах, і, вядома, Альгерд хацеў мець у Полацку менавіта яго. У 1358 г. Андрэй завалодаў такім важным для ВКЛ горадам, як Ржэў. Хадзіў з бацькам у паходы на Маскву, яшчэ не прадбачачы, якую ролю адыграе яна ў ягоным жыцці. Абараняў Полаччыну ад крыжакоў, калі яны ў 1366 г. прыйшлі пад Полацк. Сам хадзіў у паходы на Лівонію, помсцячы крыжакам за спусташэнне роднаю краю. З усіх Альгердавічаў ён быў варты велікакняжацкага пасада, але Альгерд з-за сваіх бацькаўскіх пачуццяў завяшчаў яго старэйшаму сыну ад другой сваёй жонкі Ульяны Цвярской, Ягайлу. Пэўна, думаў, што ён паклапоціцца аб сваіх малодшых братах. Андрэй не прызнаў Ягайлу вялікім князем і выехаў у Пскоў шукаць дапамогі. Пэўна, спадзяваўся, што яго зноў абяруць пскоўскім князем. Але пскавічы не хацелі ўвязвацца ў міжусобную вайну паміж Альгердавічамі. Тым часам Полацк абклала насланае Ягайлам войска на чале з усюдыісным Скіргайлам.

Андрэй адправіўся да таго, хто мог дапамагчы яму, — маскоўскага князя Дзмітрыя Іванавіча. Той дапамог, але сабе на карысць. Пайшоў паходам да Бранска, дзе яго хлебам-соллю сустрэў князь Дзмітрый Альгердавіч, перадаўшы свае ўладанні — Бранск, Трубчэўск і Старадуб пад ягоную ўладу. Гэта аслабіла ВКЛ, але не ўзмацніла самога Андрэя. Давялося ўтаймоўваць сваю ганарыстасць і служыць маскоўскаму князю. У 1378 г. у бітве з татарскім полчышчам Беліча, першай выйгранай маскавітамі ў татар бітве, ён унёс важкі ўклад у перамогу. «Ударылі па іх з аднаго боку князь Андрэй Полацкі, а з другога боку Даніла Пронскі», — паведамляе летапіс. А пасля будзе славутая перамога 8 верасня 1380 г. на Куліковым полі, дзе Андрэй Полацкі ўзначаліў полк правай рукі. Напярэдадні бітвы ён параіў Дзмітрыю Іванавічу перайсці Дон: «Калі будзем тут, слабым будзе воінства, калі ж мы на другі бок Дона пяройдзем, моцнымі і мужнымі будзем». Словы, у якіх праявілася Андрэева натура — моцная і мужная. Ён не даваў воінству магчымасці адступіць у цяжкі час: загінуць або перамагчы — іншага ён не бачыў. Перамога была аплачана вялікімі стратамі. Дзмітрый Данскі не тое, што не мог дзейна дапамагчы Андрэю, але ў 1382 г. даць належны адпор нашэсцю залатаардынскага хана Тахтамыша, і пакінуў абараняць сваю сталіцу князю Асцею, якога лічаць за Андрэева сына. Але прыход у 1381 г. да ўлады ў ВКЛ Кейстута дазволіў Андрэю вярнуцца ў Полацк. Палачане выгналі з горада Скіргайлу. Цяпер Андрэй больш рэалістычна ацаніў свае сілы і магчымасці, ён ужо не прэтэндуе на велікакняжацкую ўладу ва ўсім Вялікім Княстве, ён хоча кіраваць Полацкай зямлёй як сваёй дзяржавай, называе сябе вялікім князем Полацкім (для лівонцаў ён «рускі кароль Полацка»), б'е сваю манету. Аднак лёс зноў супраць яго.

Падманам і з дапамогай крыжакоў да велікакняжацкай улады прыйшоў зрынуты Ягайла. Пасля смерці Кейстута чарга падышла і да Андрэя, які абвясціў сябе самастойным гаспадаром. Страта Полацка — гэта страта Дзвінскага гандлёвага шляху. Гэта эканамічны ўдар па ВКЛ. Не чакаючы драматычнай развязкі, Андрэй едзе ў Пскоў і ўжо там у доўгіх роздумах вырашае звярнуцца па дапамогу да Ордэна. Пайсці шляхам Вітаўта, які з крыжакамі ваяваў з Ягайлам. 9 кастрычніка 1385 г. Андрэй аддае сваё «Полацкае каралеўства» пад уладу Лівонскага ордэна. Такі вось гістарычны паварот, які вызначыў для Полацка ганарысты яго князь. Магчыма, саюз з ордэнам ён лічыў часовай мерай, хацеў падмануць крыжакоў, як Вітаўт. У 1386 г., калі Ягайла з братамі адправіўся ў Польшчу каранавацца, Андрэй падняў паўстанне (хоць гэта гучна сказана). Дапамога лівонскіх крыжакоў вылілася ў рабаванне зямель ад Лукомля да Ашмян. Невядома, ці прыняў Полацк былога свайго князя, які апроч турбот і вайны нічога станоўчага не мог даць гораду. Прынамсі, абараняўся Андрэй ад войскаў Скіргайлы і Вітаўта ў Лукомлі. Пэўна, як Кейстут у свой час, Андрэй паверыў хітрым словам Скіргайлы і здаўся. Шэсць гадоў правёў Андрэй у зняволенні ў Хэнцінскім замку і мог там і згніць.

У 1394 г. за яго паручыліся Вітаўт, Скіргайла, кіеўскі князь Уладзімір Альгердавіч і кобрынскі князь Фёдар Альгердавіч. Ягайла даў яму свабоду, каб ён памёр ціха і непрыкметна. Састарэлы князь ужо не мог знайсці сабе месца ў жыцці. Ён называе сябе вялікім князем, але ў яго не было нават удзела. Яго прытуліў за былыя заслугі Пскоў, дзе быў намеснікам ягоны сын Іван Андрэевіч. Загінуў у бітве з Алегам Разанскім сын Міхаіл, а Асцей (Аляксандр) трапіў да яго ў палон, памёр Сямён. Вось так загінулі мары аб велічы і годнасці, страчаны родны дом і зямля; ён, вялікі князь без княства, жыве на сынаву ласку. Жыццё без мары, без мэты, без справы, роўна як бяспраўнае жыццё, — яно было не для Андрэя. Вялікі князь Андрэй Полацкі загінуў 12 верасня 1399 г. у бітве з залатаардынскім войскам на Ворскле, паклаўшы сваю душу за «другі свае».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».