Вы тут

Не кідайце ў кажана тапкам!


У сярэдзіне снежня ў Мінску павінен з'явіцца цэнтр па выратаванні кажаноў «Кажанаполіс». Для гэтага сталічныя актывісты грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ўдзельнічаюць у конкурсе сацыяльных праектаў Sосіаl Wееkеnd. Сабраныя грошы пойдуць на куплю абсталявання, халадзільнікаў, корму, а таксама арэнду памяшкання.


Навошта ў Беларусі патрэбны такі цэнтр і чаму рукакрылым неабходна дапамога чалавека, даведаліся ў аднаго з куратараў праекта, спецыяліста па кажанах, навуковага супрацоўніка лабараторыі малекулярнай заалогіі НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі Аляксея ШПАКА.

Кажаны — вельмі ўразлівая група жывёл. Яны не будуюць гнёзды, таму вымушаныя шукаць сховішча ад драпежнікаў і неспрыяльных умоў надвор'я.

— Калі ў Еўропе кажаны могуць жыць у пячорах, скальных трэшчынах, падзямеллях, то ў Беларусі, з прычыны адсутнасці такіх, яны жывуць у асноўным на паддашках, пад стрэхамі, у скляпах і падвалах і г. д., — расказаў спецыяліст.

Блізкасць рукакрылых да чалавека прыводзіць да непазбежнага канфлікту «чалавек — дзікая жывёла». Яшчэ больш алею ў агонь падліваюць стэрэатыпы пра «кажаноў-вампіраў», якія склаліся ў грамадстве. На самай жа справе гэтыя жывёлы жывяцца насякомымі. Праўда, па словах спецыяліста, тры віды рукакрылых усё ж п'юць кроў, але пераважна буйных дамашніх жывёл. І жывуць яны толькі ў Паўднёвай Амерыцы.

— Кажаны знішчаюць шкоднікаў лясной, сельскай і паркавай гаспадарак. За ноч яны з'ядаюць такую масу насякомых, якая складае каля паловы масы іх уласнага цела. Амерыканскія эколагі палічылі, што для штата Тэхас кажаны штогод эканомяць мільярды долараў, — адзначыў эксперт.

Але не толькі эканоміка прымушае берагчы начных звяркоў. Кажаны — важныя складнікі экасістэмы, і іх знікненне прывядзе да парушэння прыроднага ланцужка.

— У Еўропе ўсе віды рукакрылых ахоўваюцца. У нас жа пакуль з 19 відаў толькі 8 — у Чырвонай кнізе, — расказаў Аляксей Шпак. — Часцей за ўсё ў Мінску можна сустрэць чатыры віды рукакрылых: рудую вячэрніцу, двухколернага кажана, позняга кажана, чырванакніжнага паўночнага кажанка.

Па словах эксперта, як мінімум два фактары пагражаюць знікненнем кажаноў: натуральны і антрапагенны. Асноўны фактар натуральнага паходжання — гэта нізкая пладавітасць мышэй. За год яны нараджаюць 1—2 дзіцяняці, з-за чаго іх колькасць не можа расці хутка.

Антрапагенных жа фактараў, якія ўплываюць на жыццё рукакрылых, значна больш. Зразанне старых дрэў, заладжванне шчылін у шматпавярховых дамах, няправільныя дзеянні пры знаходжанні кажана — усё гэта прыводзіць да гібелі жывёл.

Пры сустрэчы з начным звярком спецыяліст раіць не панікаваць, паколькі кажан баіцца вас больш, чым вы яго. Далейшыя дзеянні залежаць ад пары года. Улетку досыць шырока адчыніць вокны і дачакацца, пакуль жывёла сама пакіне памяшканне. Зімой жа на вуліцы мыш загіне, таму варта ўзяць кардонную скрынку, накрыць ёй жывёлін, знізу падсунуць ліст паперы, а пасля патэлефанаваць супрацоўнікам НПЦ па біярэсурсах.

— Ні ў якім разе нельга бегаць за кажаном са швабрай, кідаць у яго тапкі або выкідаць на вуліцу. Гэтыя дзеянні могуць нашкодзіць жывёліне, — адзначае эксперт. — Браць звярка на рукі можна толькі ў шчыльных пальчатках, паколькі, абараняючыся, ён можа ўкусіць. Але першым кажан ніколі не нападае.

Рукакрылыя, як і любыя млекакормячыя, з'яўляюцца пераносчыкамі шаленства. Аднак у адрозненне ад іншых жывёл у выпадку хваробы яны не бываюць агрэсіўныя. Выходзіць, што магчымасць падхапіць шаленства ад сабак і катоў значна вышэйшая, чым ад кажаноў.

— Кожную зіму мне тэлефануе каля 40 чалавек з просьбамі забраць кажана. І гэта пры ўмове, што не ўсе ведаюць, куды трэба звяртацца ў такой сітуацыі, — расказаў Аляксей Шпак. — Мы спадзяёмся, што «Кажанаполіс» вырашыць праблему. Прынамсі, мінчане будуць ведаць, як дзейнічаць, калі кажан заляціць да іх у дом.

У прыродзе кажаны засынаюць на зіму ў ціхіх цёмных месцах, дзе тэмпература складае да +8°C, такія ж умовы ім абяцаюць стварыць і куратары цэнтра. Для гэтага звяркоў, якія чамусьці прачнуліся зімой, будуць узважваць, адкормліваць да патрэбнай масы, а потым штучна ўводзіць у сон. З надыходам вясны іх выпусцяць у дзікую прыроду.

Для адкрыцця цэнтра актывістам трэба 2947 руб. Падтрымаць праект можна па спасылцы.

Кацярына КІРЭЕВА

Фота Аляксея ШПАКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.