Вы тут

Рэдакцыя часопіса «Родная прырода» сустрэлася з юнымі чытачамі


Касцёл у знакамітай вёсцы Мосар на нейкі час ператварыўся ў навучальны клас: тут ладзілася сустрэча вучняў ДУА «Удзелаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Глыбоцкага раёна» з журналістамі часопіса «Родная прырода».


Месца сустрэчы выбрана невыпадкова, бо ў Мосары каля касцёла створаны цудоўны культурна-дэндралагічны комплекс, вядомы на ўсю краіну. Журналісты расказалі дзецям, як ствараецца часопіс. Зразумела, што найбольшую цікавасць школьнікі праявілі да дадатку «Юны натураліст».

Як высветлілася, на летніх вакацыях вучні актыўна збіралі макулатуру, пластык і здавалі іх на перапрацоўку. «Дзеці разам з настаўнікамі заўсёды ўдзельнічаюць у акцыях «Зробім!», — расказаў галоўны спецыяліст Глыбоцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Артур ГАПАНЁНАК, які таксама прыехаў на сустрэчу са школьнікамі. — Узімку дзеці клапоцяцца пра птушак. Таксама разам з настаўнікамі вучні займаюцца даследаваннямі прыроды».

Супрацоўнікі «Роднай прыроды» правялі майстар-клас і навучылі дзяцей рабіць экаручкі ды аплікацыі з макулатуры. Другую частку выязнога ўрока правёў Артур Гапанёнак, які прэзентаваў дзецям дакументальную стужку аб прыродных багаццях Віцебшчыны.

У гэты самы час на тэрыторыі дэндрапарку праходзіў яшчэ адзін майстар-клас. Ладзіў яго старшы навуковы супрацоўнік Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі Міхаіл Рудзевіч. Некалі дэндрапарк ствараў ксёндз Юозас Булька разам з прыхаджанамі. З цягам часу дэндрапарк перайшоў на баланс аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама. Але і для цяперашняга пробашча касцёла Святой Ганны Марата Казлоўскага, і для прыхаджан дэндрапарк застаецца месцам агульнага клопату. Цяжка ўявіць, што 20 гектараў тэрыторыі даглядае ўсяго восем чалавек: інжынеры па азеляненні і рабочыя. Між тым ксёндз Марат прасіў рэдакцыю часопіса дапамагчы арганізаваць сустрэчу персаналу парку з навукоўцамі, і журналісты запрасілі Міхаіла Рудзевіча. Спецыяліст раней быў у Мосары, таму ведаў, якія кансультацыі могуць спатрэбіцца.

«Тут працуюць дасведчаныя людзі, неабыякавыя да сваёй справы, — адзначыў навуковец. — Мне вельмі цікава гаварыць з імі, бо ідзе працэс узаемнага ўзбагачэння вопытам».

Акрамя кансультацый спецыялістаў, як нам падалося, дэндрапарку патрэбны і насенне кветак, і саджанцы. Зазначым, што кошт білета ў філіял Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея і дэндрапарку складае 70 капеек для дарослых і 35 капеек для дзяцей. Як з гэтых капеек яшчэ выдаткаваць грошы на набыццё кветак, цяжка ўявіць. Таму супрацоўнікі «Роднай прыроды» збіраюць прыгожую калекцыю пакецікаў насення, каб потым перадаць супрацоўнікам дэндрапарку.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

уаnоvskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Два майстар-класы ў Мосары

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.