Вы тут

Прэзідэнту далажылі пра ход уборачнай і восеньскай пасяўной кампаній


Праблемы развіцця аграпрамысловага комплексу, а ў прыватнасці — меры па завяршэнні ўборачных работ, карэкціроўку структуры пасяўных плошчаў у Віцебскай вобласці, удасканаленне спецыялізацыі аграрнай вытворчасці ў названым рэгіёне абмеркавалі ўчора ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу, прысвечаную сельскагаспадарчай тэматыцы.


— Справа не толькі ў вытворчасці, але і ў канкрэтным жыцці людзей. Гэта значыць, у сацыяльным аспекце, — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Нягледзячы на тое, што асноўная «бітва за ўраджай» ужо найноўшая гісторыя — збожжавыя культуры даўно і паспяхова сабраныя, казаць пра заканчэнне ўборачнай не прыходзіцца. Усё яшчэ ідзе ўборка бульбы, буракоў, іншых сельскагаспадарчых культур, важных для харчовай бяспекі краіны.

Не дзіўна, што ў першую чаргу Прэзідэнт пацікавіўся ходам уборачнай:

— Што засталося сабраць? Час не церпіць, пара заканчваць. Наколькі я інфармаваны, з бульбай праблем няма — калі вы мяне дакладна інфармуеце. Буракі па плане ўбіраюцца, асаблівай тут насцярожанасці быць не павінна. Але вось уборка кукурузы на сілас — час, скажам мякка, прыспешвае.

Пажаданне Прэзідэнта — да 7 лістапада скончыць уборку названых культур.

— Застанецца ў вас трохі кукурузы на зерне — а можа, і паспееце сабраць; і трохі буракоў. Будучы ўраджай — гэта пад'ём зябліва. Араць трэба кожны дзень, пакуль тут работа арганізавана дрэнна. Але калі зноў жа верыць статыстыцы, палова перааранага, як ні дзіўна, у Віцебскай вобласці. Але, відаць, так і павінна быць, таму што вясной у Віцебскім рэгіёне, як народ кажа, у поле не ўлезці без ботаў. Таму, каб не абуваць боты, трэба падрыхтаваць глебу пад пасеў яравых культур ужо сёння.

Віцебшчыны датычыцца і асобнае, як назваў яго Прэзідэнт — прыватнае, але вельмі важнае для краіны — пытанне. Сітуацыя з сельскай гаспадаркай там абмяркоўвалася не раз падчас уборачнай кампаніі.

— Нам трэба пайсці на сур'ёзную рэформу аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — І мы дамовіліся, пачынаць будзем са структуры пасяўных плошчаў. Нам трэба кардынальна змяніць падыход да вядзення сельскай гаспадаркі на Віцебшчыне. У наступным годзе мы павінны гэту праблему вырашыць раз і назаўсёды.

Асабліва, па словах Прэзідэнта, гэта датычыцца структуры пасяўных плошчаў з арыентацыяй і на структуру сельскагаспадарчай вытворчасці. Як растлумачыў кіраўнік краіны, гэта значыць, трэба вызначыцца, што мы будзем там вырабляць, улічваючы кліматычныя ўмовы Віцебскай вобласці, а таксама ўраджайнасць земляў рэгіёна, узровень як земляробства, так і вядзення сельскай гаспадаркі.

— Вось комплекс пытанняў, якія я хацеў бы абмеркаваць, — абагульніў кіраўнік краіны. — Але хацеў бы вас папярэдзіць: ніякага ашуканства, калі не ведаеце, не кажыце. Вы ж не паправіце сітуацыю дакладамі па валавой вытворчасці таго ці іншага прадукту або паказчыка. Галоўнае — гэта грошы. Ёсць грошы — нармальна працуеце. Рэнтабельная вытворчасць — малайцы. Калі гэтага няма, тады навошта расказваць, якія ў вас там прывагі, якая таварнасць малака і гэтак далей? Гэта важна для таго, каб аператыўна кіраваць вытворчасцю, але гэта не мая функцыя — аператыўна кіраваць. Гэта функцыя павінна заканчвацца на ўзроўні губернатара і вам паступаць для даведкі — ну і мне, калі вы мяне інфармуеце. Галоўны паказчык — эфектыўнасць. Вось, што галоўнае, а тут — не прыпішаш.

Падчас рабочай сустрэчы кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваёй ранейшай просьбе да кіраўніка Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца ўзяць на кантроль адно-два полі — дапусцім, у Віцебскай вобласці — і паглядзець, якія будуць усходы, як увойдуць пасевы ў зімоўку і што будзе вясной.

— Каб ужо нарэшце вызначыцца з гэтымі «аптымальнымі тэрмінамі пасеваў», — аргументаваў Прэзідэнт.

У тэму

Леанід Заяц, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання:

— Цукровыя буракі мы плануем сабраць валавым зборам 4,6 млн тон, што на 325 тысяч тон больш за ўзровень мінулага года. Бульбу мы завяршаем капаць на працягу двух дзён — з валавым зборам у адзін мільён шэсцьдзясят тысяч тон. Гэтага дастаткова для таго, каб забяспечыць унутранае спажыванне і сфарміраваць каля 500 тысяч тон экспартнага патэнцыялу. Акрамя гэтага, у полі яшчэ 60 тысяч гектараў кукурузы на зерне — чаканы ўраджай — 500 тысяч тон. Усяго намалоцім больш за адзін мільён тон.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота Белта

Загаловак у газеце: Эфектыўнасць як галоўны паказчык

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.