Вы тут

Размытыя крытэрыі «сацыяльнай небяспекі»


Усе да аднаго дзеці, якія аказаліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, павінны быць своечасова выяўлены, колькі б гадоў ім ні было. Чым раней будзе вызначана праблема, тым хутчэй будзе арганізавана работа з сям'ёй, пакуль сітуацыя не дайшла да прызнання дзіцяці маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне і не скончылася пазбаўленнем дарослых бацькоўскіх правоў. Але само азначэнне «сацыяльна небяспечнае становішча» першапачаткова няўдалае, а крытэрыі, згодна з якім дзеці лічацца тымі, хто трапіў у гэтае становішча, вельмі размытыя. Так лічыць Зінаіда ВАРАБ'ЁВА, загадчык сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.


— Тэрмін «сацыяльна небяспечнае становішча» адразу насцярожвае і не спрыяе атрыманню сям'ёй прапануемай дапамогі, робіць сям'ю не такой, як звычайныя, ператварае яе членаў у не зусім самастойных людзей, тых, хто не мае права без згоды, напрыклад, органа апекі і папячыцельства распараджацца сваёй уласнасцю. Лепш было б назваць дзіця з такой сям'і асобай, якая трапіла ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, — разважае спецыяліст. — З гэтай назвы ўжо робіцца зусім іншая выснова — што малому неабходна дапамога. Тым больш што самі крытэрыі аднясення да сацыяльна небяспечнага становішча досыць размытыя. Адзін з іх — знаходжанне дзяцей у экстрэмальнай жыццёвай сітуацыі, да якой адносіцца і канфліктная сітуацыя ў сям'і. У многіх выпадках яе цяжка вызначыць.

Сапраўды, адна справа, калі бацькі паміж сабой лаюцца ды п'юць, і зусім іншая, калі ў кватэры пражываюць дзве сям'і, у якіх ёсць дзеці. Скажам, дарослыя брат і сястра або зусім чужыя людзі, які вымушаны жыць у адным памяшканні. Пры гэтым яны не могуць дамовіцца паміж сабой па-людску і ўвесь час высвятляюць адносіны з удзелам міліцыі і судоў.

Але ж спрэчкі гэтыя паміж дарослымі, да сваіх дзяцей яны ставяцца як належыць і выхоўваюць іх як трэба. Як тут рэагаваць? Па першым часе ніхто не будзе прымаць кардынальных мер. Аднак, калі выклікі міліцыі працягнуцца, установы адукацыі будуць проста вымушаны рэагаваць і ставіць дзяцей у сацыяльна небяспечнае становішча.

— Кожны раз, як дзеці трапляюць у сацыяльна небяспечнае становішча, узнікае пытанне: ці правільная гэта мера? Або, наадварот, — ці не запозна прынятая? Ступень умяшальніцтва ўстаноў адукацыі ў жыццё сям'і заўсёды павінна быць дакладна разлічана. Акрамя таго, гэта цягне за сабой не толькі арганізацыю работы з іх сем'ямі, але і шмат папяровай руціны, вельмі вялікай. Нават калі ў малога няма праблем з вучобай ці здароўем, усё гэта павінна быць прапісана ў дакументах. Здараецца, дзяцей не ставяць у сацыяльна небяспечнае становішча, каб пазбегнуць гэтых праверак і афармлення папер, — сцвярджае Зінаіда Вараб'ёва. — У той жа час нашы педагогі вельмі адказныя людзі і ведаюць, што рэагаваць на самае нязначнае праяўленне падобных праблем трэба тэрмінова, каб работа праводзілася ў час і малыя заставаліся ў сваіх сем'ях.

У сталіцы ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца 1963 дзіцяці, аднак насамрэч тых, хто выклікае пэўную заклапочанасць, чые паводзіны або вучоба насцярожвае, але пра каго няма падстаў сказаць, што яны знаходзяцца ў такім становішчы, значна больш, упэўнена спецыяліст Мінгарвыканкама.

— Магчыма, трэба вярнуць ва ўстановы адукацыі такое паняцце, як унутрышкольны кантроль, — разважае Зінаіда Вараб'ёва. — Напрыклад, калі непаўналетні кепска вучыцца, гэта яшчэ не значыць, што ў сям'і няма ўмоў для належнай падрыхтоўкі дамашніх заданняў. Вывучаючы сітуацыю, даведваешся, што такому дзіцяці проста няма каму дапамагчы, таму што бацькі з нізкім узроўнем адукацыі і не разумеюць, што рабіць. Значыць, такому вучню патрэбна асаблівая ўвага — магчыма, псіхолага-педагагічная, магчыма, дадатковыя заняткі, — каб неяк падцягнуць вучобу.

Выпадкі адабрання дзяцей з сем'яў з прычыны таго, што яны былі прызнаныя асобамі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, таксама трэба дасканала вывучаць, бо існуе шмат спрэчных момантаў у такіх сітуацыях, лічыць спецыяліст:

— На тое, каб прызнаць, што дзіця мае патрэбу ў абароне дзяржавы, павінна быць важкая прычына — калі малому небяспечна заставацца ў сваёй сям'і, бо бацькі не клапоцяцца пра яго, не забяспечваюць яго развіццё і базавыя патрэбы ў ежы, адзенні, прытулку. Не даюць яму магчымасці атрымліваць адукацыю, калі зачынілі ў чатырох сценах і не выпускаюць у соцыум, і непаўналетні не развіваецца як асоба, не рыхтуецца да самастойнага жыцця, не можа сам нічога зрабіць. Але ж калі бацькі не заплацілі за кватэру, бо на той момант засталіся без работы, ці яшчэ там што здарылася, дык такой сям'і трэба дапамагчы. Тым больш што адключыць святло ці газ там, дзе ёсць непаўналетнія дзеці, можна толькі са згоды органаў апекі і папячыцельства. І калі такое здараецца, значыць сям'я ўжо была прызнаная сацыяльна небяспечнай і прайшла ўсе магчымыя тэрміны, што даюцца на выпраўленне сітуацыі. Адна запазычанасць за месяц па «камуналцы» не можа стаць прычынай адабрання дзіцяці...

Як бачым, спецыялісты, якія працуюць непасрэдна ў сферы абароны правоў дзяцей, выказваюць думку, што крытэрыі неабходнасці гэтай абароны трэба ўдакладніць і падкарэктаваць. Напэўна, і праўда, час задумацца аб гэтым. Бо кожны раз, калі прымаецца рашэнне аб прызнанні сям'і ў сацыяльна небяспечным становішчы, вырашаецца ні многа ні мала — канкрэтны лёс як мінімум аднаго маленькага чалавека.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.