Вы тут

Валерый Брылёў: «Узаемная павага і шанаванне традыцый»


Сербія — гэта далёка? Не. Сербія — гэта блізка. І адлегласць тут ніякая не перашкода. Хтосьці сумняваецца? Паверыць у блізкасць нашых краін дапаможа мой суразмоўца. Госць «ЛіМа» — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Сербія Валерый Брылёў.


— Валерый Анатольевіч, гэтую пасаду Вы занялі параўнальна нядаўна. Шчыра віншуем Вас ад імя сваіх чытачоў. Але ў сферы дыпламатыі Вы дасведчаны спецыяліст. Таму цалкам натуральным падаецца пачаць нашу размову з пытання пра рэаліі. Наколькі прадуктыўна, на Ваш погляд, развіваюцца беларуска-сербскія адносіны ў сферы культуры і найперш літаратуры сёння?

— Думаю, не памылюся, калі скажу, што супрацоўніцтва ў галіне культуры, мастацтва і літаратуры служыць узаемнаму духоўнаму абагачэнню народаў, умацаванню ідэй міру і добрых адносін. Здабыткі нацыянальнай культуры Беларусі, захаванасць яе аўтэнтычных форм, шматжанравасць прафесійнага мастацтва і разнастайнасць народнай творчасці здольны прынесці плён у справе ўмацавання двухбаковых адносін з любой краінай.

І Сербія тут не выключэнне. Двухбаковае беларуска-сербскае супрацоўніцтва ў сферы культуры, мастацтва і літаратуры засноўваецца на падабенстве моў і адзінстве веры, глыбокай узаемнай павазе нацыянальных асаблівасцей, традыцый і звычаяў нашых краін, на беражлівых адносінах да сваіх продкаў і сваіх вытокаў. Сёння ўсё гэта дае нам падставы працягваць зацікаўлены дыялог і ладзіць цесныя кантакты ва ўсіх галінах і па розных кірунках культурнага жыцця.

Беларусь заўсёды належала да ліку краін з высокай кніжнай культурай. Гісторыя беларускай кнігі багата на вялікія імёны, што ўнеслі важкі ўклад у развіццё не толькі нацыянальнай, але і сусветнай літаратуры. Канешне, сёння кнігі цікавяць людзей менш, іх выціскае інтэрнэт ды розныя электронныя «чыталкі». Але я ўпэўнены, што кнігі не памруць. На больш шырокае знаёмства сербскіх сяброў з беларускай літаратурай скіраваны ўдзел Міністэрства інфармацыі Беларусі і беларускіх выдавецтваў у штогадовай, ужо 62-й па ліку, Міжнароднай кніжнай выстаўцы ў Бялградзе. Гэтаму спрыяе і шэраг акцый па перадачы сербскаму боку лепшых узораў кніжных выданняў нашай краіны, і ўзаемадзеянне нацыянальных бібліятэк нашых краін.

 Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі праз шырокае знаёмства сербскай грамадскасці з багатай і самабытнай культурай і літаратурай нашай краіны ва ўсёй разнастайнасці іх форм, жанраў і стыляў мы здольны зрабіць істотны ўнёсак у справу ўмацавання двухбаковых адносін.

— Ці шмат ведае сербская грамадскасць пра беларускую літаратуру ўвогуле і сучасных беларускіх пісьменнікаў у прыватнасці? Ці зацікаўлены ў такіх ведах спецыялісты ў гэтай галіне, а галоўнае, больш шырокае кола жыхароў Сербіі?

— Магу канстатаваць, што сербская грамадскасць у пэўнай меры знаёма з беларускай літаратурай, але ступень гэтага знаёмства яшчэ мае дастаткова магчымасцяў для свайго ўдасканалення.

Шмат намаганняў для гэтага прыкладае прафесар БДУ, замежны член Сербскай акадэміі навук і мастацтваў, старшыня Таварыства беларуска-сербскай дружбы Іван Аляксеевіч Чарота, руплівай працай якого ў Беларусі ў апошнія гады выдадзена ў яго перакладзе некалькі кніг сербскіх аўтараў.

Не застаецца ўбаку ад гэтай справы і наша пасольства, пры садзейнічанні якога ў бягучым годзе ў Бялградзе ў перакладзе маладой сербскай паэтэсы Даяны Лазаравіч на сербскай мове выдадзены зборнік вершаў М. Багдановіча «Вянок». Праз пасольства ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Сербіі перададзена 100 лепшых кніг Беларусі, а таксама факсімільнае 11-томнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны», прысвечанае 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Як нам падаецца, для прыцягнення большай увагі і пашырэння зацікаўленасці замежных спецыялістаў і шырокага кола чытачоў да беларускай літаратуры патрэбна прыкласці пэўныя намаганні, у тым ліку выкарыстоўваць магчымасці мэтавых праграм.

— Якія перспектывы супрацоўніцтва Вы бачыце ў напрамку культуры і літаратуры? Ці шмат праектаў, новых ініцыятыў, цікавых для грамадскасці дзвюх краін?

 — Пасольства зацікаўлена і імкнецца да развіцця двухбаковых адносін і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў галіне культуры і літаратуры з усімі зацікаўленымі ў гэтым партнёрамі. Мы імкнёмся садзейнічаць усім рупліўцам культурнай прасторы па правядзенні разнастайных культурных акцый, прэзентацый, канцэртаў, выставак, якія выклікаюць жывы інтарэс і водгук сярод грамадскасці.

Каб не быць беспадстаўным, прывяду толькі некалькі канкрэтных прыкладаў з практычнай дзейнасці пасольства ў гэтым кірунку.

Вялікую зацікаўленасць сярод аматараў тэатральнага мастацтва ў Бялградзе выклікала выступленне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі на XVI Міжнародным тэатральным фестывалі «Славія-2017».

На прэстыжнай выставачнай пляцоўцы Бялграда, у Музеі Цэптар, паспяхова экспанавалася выстаўка работ вядомага беларускага мастака А. Смаляка «Жыццё як мастацтва — мастацтва як жыццё». У горадзе Пажаравац з поспехам прайшла мастацкая выстаўка «Сербія вачыма сучасных беларускіх мастакоў», дзе былі прадстаўлены работы 16 беларускіх майстроў выяўленчага мастацтва.

Станоўчае ўражанне ў сербскай сталіцы мелі творчыя майстэрні «Млын моды», канцэрт сумеснага беларускасербскага маладзёжнага аркестра пад кіраўніцтвам нашага вядомага дырыжора В. Бартноўскага і сербскага дырыжора Д. Паўлавіча.

У нашых планах на найбліжэйшы час — перадача Нацыянальнай бібліятэцы Сербіі другой часткі факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны».

Важная роля ў развіцці двухбаковых стасункаў у сферы культуры належыць музеям нашай краіны. Праз арганізацыю шэрагу выставачных праектаў, рэалізацыю рознага кшталту імпрэз яны спрыяюць знаёмству шырокага кола наведвальнікаў з культурнай спадчынай нашай краіны. Хацеў бы адзначыць актыўную работу з сербскім бокам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, які мае пэўныя планы на гэты конт.

Нам падаецца, што перспектыву можа мець таксама сумеснае святкаванне знамянальных гістарычных дат, якія належаць нашай агульнай гісторыі.

Пэўную ролю ў справе развіцця культурнага супрацоўніцтва іграюць рэгіёны нашай краіны, спрыяючы развіццю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, умацаванню пабрацімскіх сувязей, арганізацыі культурных абменаў і культурнага турызму.

Культурны працэс увогуле заўсёды стваральны, таму ўзгаданы пералік магчымых кірункаў двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне культуры далёка не вычарпаны.

— Дзякуй за размову, Валерый Анатольевіч, за ўвагу да нашай газеты. Поспехаў Вам на карысць нашай краіны!

Размову вяла Інеса ПЕТРУСЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.