Вы тут

Колькі важыць вясковая «жыроўка»?


І чым яна адрозніваецца ад гарадской?

На першы погляд здаецца, што камунальных плацяжоў у сельскіх жыхароў значна менш, чым у гараджан. Але ці азначае гэта, што ўтрыманне жылых памяшканняў абыходзіцца ім танней? Каб разабрацца ў пытанні, накіруемся ў адзін з аграгарадкоў Гродзенскага раёна.


— Каму колькі плаціць, залежыць ад таго, хто дзе жыве. Калі гэта прыватны дом — людзі нічога не плацяць, калі дом на абслугоўванні ЖКГ — плацяць як і ў горадзе, — на хаду акрэсліў праблему старшыня Путрышкаўскага сельвыканкама Валерый Байкоў.

У большасці выпадкаў так яно і ёсць. Але і тут хапае нюансаў.

У аграгарадку Путрышкі некалькі вуліц — калгасныя. Гэта дамы, якія знаходзяцца на балансе мясцовага СВК, але абслугоўваюцца жыллёва-камунальнай службай. У калгаснай канторы растлумачылі, што гэта зроблена ў выніку пераходу на адзіную базу разлікаў. Жыхары плацяць за ўсе камунальныя паслугі згодна з агульнымі тарыфамі, якія зацверджаны аблвыканкамам. Сюды ўваходзяць і адлічэнні на капітальны рамонт, і тэхнічнае абслугоўванне, і водазабеспячэнне, і, вядома, ацяпленне. Як і гараджанам, гэтым вясковым жыхарам прыходзяць жыроўкі.

Па аднолькавых з гараджанамі тарыфах ідзе аплата газу і электраэнергіі. А вось тарыфы на вываз смецця адрозніваюцца. Калі ў горадзе гэта 5,9 рубля за 1 м3, то на раёне тарыф вышэйшы — 7,37 рубля за такі ж аб'ём.

З прыватным сектарам заключаюцца асобныя дагаворы, і ў Путрышках на гэту паслугу не скардзяцца: смецце вывозіцца своечасова. А вось жыхар суседняга аграгарадка Верцялішкі заўважыў, што пляцовак для смецця магло б быць больш. (Дарэчы, гэта тэма для іншага артыкула.)

А мы накіруемся ў паштовае аддзяленне ў Путрышках. Да 25 кастрычніка, як і паўсюдна, амаль уся чарга імкнецца аплаціць камуналку. Таццяна выходзіць з доўгай стужкай чэкаў. Яна мясцовая жыхарка, жыве з сям'ёй ва ўласным доме. Гэта значыць не плаціць за капітальны рамонт і тэхнічнае абслугоўванне — вось, бадай, і ўсё. Цікавімся, колькі і за што яна плаціць па сваёй жыроўцы? Значным аказаўся плацеж за электраэнергію — амаль 40 рублёў. (Сюды ўваходзіць сістэма падагрэву вады, работа пральнай машыны і іншых бытавых прыбораў.) Газавы балон каштуе 11 рублёў, праўда, яго можа хапіць і на два месяцы. Але ў Таццяны пяць сабак, для якіх даводзіцца гатаваць, таму заказваць балоны прыходзіцца часцей. Цяпло ў доме забяспечвае кацёл, які працуе на цвёрдым паліве. Гэта значыць неабходны дровы, брыкет, вугаль. Усё гэта трэба купіць асобна. Таццяна заказвае 2 тоны брыкету, але на ўвесь сезон іх не хапае, таму купляюць яшчэ 2—3 машыны дроў, кожная каштуе 150 рублёў. На месяц у зімовы перыяд у сярэднім атрымліваецца каля 100 рублёў. Гэта чацвёртая частка зарплаты, кажа Таццяна, пры тым, што «камуналка» пастаянна расце.

Яшчэ адна суразмоўніца, Аліна, расказала, што прыехала ў Путрышкі да мужа, які сам плаціць за камунальныя паслугі. У доме ўсталяваны газавы кацёл, але ў пакоях халаднавата, бо сям'я стараецца эканоміць на паліве, каб менш плаціць. Для падагрэву вады працуе газавая калонка. Зімой, па словах Аліны, поўны пакет плацяжоў складае каля 200 рублёў. Такая сума склалася яшчэ і таму, што ў доме ніхто не зарэгістраваны, іначай плацілі б менш.

Аліна абураецца: за ваду плацім па агульным тарыфе, а якасць вады дрэнная. Рукі пасля мыцця цёмнага колеру, ванна пастаянна жаўцее. Піць такую ваду нельга. Прыходзіцца пастаянна заказваць бутыляваную. І так робяць многія ў аграгарадку.

Старшыня сельвыканкама Валерый Байкоў не раз выслухваў скаргі ад жыхароў, якія карыстаюцца вадой з калгаснай вежы. Яе якасцю ў аграгарадку мясцовыя ўлады даўно абяцалі заняцца, але справа так і стаіць на месцы. Будаўніцтва станцыі абезжалезвання пастаянна адкладваецца, хоць сістэмны маніторынг вады санітарнымі службамі выяўляе неадпаведнасць нормам па колеры і паху. Ці будзе што-небудзь рабіцца ў найбліжэйшы час, старшыня сельвыканкама не бярэцца прагназаваць — няма падставы.

Трэба сказаць, што ў многіх дварах можна ўбачыць калодзежы, але жыхары кажуць, што імі мала хто карыстаецца — ваду бяруць для гаспадарчых работ і работ на прысядзібных участках.

Пенсіянерка Таццяна Уладзіміраўна на якасць вады не скардзіцца — яе дом забяспечаны ад іншай крыніцы. Пражывае з дачкой і ўнукам, за камунальныя паслугі плаціць сама, з пенсіі. Сума набягае даволі значная, больш за 100 рублёў, бо ў доме ўсталяваны газавы кацёл. Але жанчына задаволена — няма ніякіх праблем з нарыхтоўкай паліва. «Я гатова заплаціць і палову пенсіі, — кажа Таццяна Уладзіміраўна, — бо бачу, ад якога клопату пазбавілася». Яшчэ адзін важны для пенсіянеркі артыкул расходаў — гэта плата за тэлефон. Іншы раз даходзіць да 25 рублёў у месяц. Былая настаўніца, узрост якой набліжаецца да 90, не губляе сувязі са светам, з былымі вучнямі, якіх лёс раскідаў па розных краінах.

Міжволі задумалася: калі ў звычайным драўляным доме такая значная сума плаціцца за цяпло, дык колькі гэта будзе каштаваць, напрыклад, у двухпавярховым катэджы, якіх нямала ўзводзіцца ў аграгарадках? Каля аднаго з такіх будынкаў якраз заўважыла жанчыну-пенсіянерку. Яна з зяцем займалася работай на сядзібе. Назваць сябе не пажадалі, але ад размовы не адмовіліся. Расказалі, што дом абсталяваны дзвюма сістэмамі абагрэву — ёсць і паравое ацяпленне, і печка з ляжанкай. Праўда, цяпер працуе газавы кацёл, яго магутнасці большыя, затое і плаціць трэба больш. А вось печка з ляжанкай стаяць халодныя. Па словах мужчыны, за ваду, цяпло і электраэнергію ў месяц «набягае» каля 100 рублёў. Гэта пры тым, што другі паверх не задзейнічаны. Жанчына гаворыць, што для яе хапае і аднаго паверха, бо зяць з сям'ёй жывуць у горадзе. Хатняй гаспадаркі для падтрымкі бюджэту не маюць. Кажуць, накладна, бо кармы дарагія. Зяць выказаў меркаванне, што жыць на вёсцы не танней, чым у горадзе. Але двухпавярховы асабняк гаворыць аб тым, што гараджане ўсе ж будуюцца на вёсцы, і пры гэтым даволі актыўна.

Вядома ж, не паўсюдна стаяць катэджы з паравымі катламі, многія вяскоўцы па-ранейшаму карыстаюцца пячным ацяпленнем. У суседнім доме якраз заўважаю дымок з коміна. Дом — звычайны, драўляны, які звыкла бачыць у вясковым асяроддзі. Гаспадар Дзмітрый выйшаў на стук. Гаворыць, што плаціць толькі за электраэнергію і газ. Праўда, некалькі гадоў таму была спроба ўстанавіць кацёл і нават трубу вывелі, але палічылі, што дорага, і адмовіліся ад гэтай задумы. Дровы гаспадар купляе ў лясгасе, а брыкет выпісвае праз сельвыканкам. Гэтага паліва хапае на два гады. На пытанне, ці выгадна жыць на вёсцы, Дзмітрый паціскае плячыма. Вядома, трэба працаваць, як усюды. У гэтым годзе прадалі некалькі вёдраў маліны з участка, ёсць свая агародніна, бульба і працоўныя рукі. А работу ў аграгарадку знайсці не праблема, упэўнены мой суразмоўнік.


Ірына ЗЯЗЮЛЯ, начальнік абаненцкага аддзела ЖКГ Гродзенскага раёна:

— На балансе нашага прадпрыемства знаходзіцца 8 сельсаветаў, усяго каля 14 тыс. абанентаў. З іх запазычанасць па камунальных плацяжах маюць каля 200 чалавек. Калі сума невялікая, абанент стараецца як мага хутчэй даўгі выплаціць. Але ёсць і злосныя неплацельшчыкі, у якіх даўгі даходзяць да 20 тыс. рублёў. Праўда, іх адзінкі. Такіх жыхароў прыходзіцца нават высяляць у падменны фонд.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.