Вы тут

Новае абсталяванне па ўтылізацыі сыроваткі з'явілася ў Хойніках


Новае абсталяванне па ўтылізацыі сыроваткі з'явілася ў Хойніках, на Палескім вытворчым участку ААТ «Мілкавіта». Яно дазволіць перапрацоўваць малочныя прадукты цалкам. Гэта ў сваю чаргу, прадухіліць забруджванне вады і глебы. Дарэчы, шкода, якая наносіцца навакольнаму асяроддзю адной тонай тварожнай сыроваткі пры яе няправільнай утылізацыі, роўная шкодзе ад 100 м3 гаспадарча-побытавых сцёкаў.


Адыходы малочнай вытворчасці прадпрыемстваў Гомельскай вобласці, якія негатыўна ўплываюць на навакольнае асяроддзе пры няправільнай утылізацыі, больш не будуць транспартавацца на прадпрыемствы іншых абласцей Рэспублікі Беларусь. Цяпер яны поўнасцю перапрацоўваюцца на месцы. Мадэрнізацыя вытворчасці ў Хойніках стала магчымай дзякуючы рэалізацыі пілотнай ініцыятывы ў рамках праекта «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», які фінансуецца ЕС і рэалізаваны ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Прадпрыемства «Мілкавіта» з'яўляецца партнёрам Асацыяцыі еўрапейскага бізнесу ў Гомельскай вобласці. Дзякуючы сумесна праведзенаму пераабсталяванню, аб'ём перапрацоўкі павялічыўся да 110 тон у суткі, або каля 2300 тон у месяц. Рэалізацыя пілотнай ініцыятывы дазволіла стварыць умовы для далейшай перапрацоўкі адходаў малочных вытворчасцяў на Гомельшчыне, дзе да гэтага праблема не была вырашана цалкам.

У выніку пераабсталявання прадпрыемства атрымала новы від прадукцыі, які раней там не выпускаўся. Ён мае назву «Сыроватачна-тлушчавая сумесь масавай доляй тлушчу 30—40%». Прадукт выкарыстоўваецца для вытворчасці заменнікаў неразведзенага малака — аналаг папулярных у жывёлагадоўлі прадуктаў, якія вырабляюцца ў Іспаніі і Францыі. Ён будзе выкарыстоўвацца ў якасці асноўнага кампанента для замены неразведзенага малака пры вырабе корму для сельскагаспадарчых жывёл.

Як расказалі ў прэс-службе ПРААН, пры кошце імпартных кампанентаў ад 2000 да 2600 рублёў за 1 тону, эканомія дзякуючы імпартазамяшчэнню складзе ад 300 000 да 390 000 рублёў у месяц. Такім чынам, малочная сыроватка, якая негатыўна ўплывае на навакольнае асяроддзе, можа быць цалкам перапрацавана да гатовага прадукту з большай дабаўленай вартасцю.

Рэалізацыя пілотнай ініцыятывы дазволіла дасягнуць эканамічнага, экалагічнага і сацыяльнага эфекту. Эканамічны дасягаецца больш правільным пераразмеркаваннем адходаў малочнай вытворчасці, якія да гэтага ўтылізавалі платна. Дзякуючы гэтаму прыбытак здабываецца літаральна з адходаў. Акрамя таго, аб'ём перапрацаванай сыроваткі будзе павялічаны да 2300 тон у месяц, а энергазатраты прадпрыемства зніжаны на 80%.

Экалагічны эфект дасягаецца дзякуючы прадухіленню забруджвання вады і глебы. Забяспечваецца замкнуты цыкл безадходнай вытворчасці малака і малочных прадуктаў.

Сацыяльны эфект пілотнай ініцыятывы — стварэнне двух новых працоўных месцаў, а таксама павышэнне кампетэнцый інжынераў і тэхнолагаў малочных прадпрыемстваў па ўсёй краіне. Падчас праекта прайшоў семінар для навучання прадстаўнікоў малочна-перапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі. Да таго ж, паспяховы досвед па перапрацоўцы адходаў малочнай вытворчасці і распаўсюджванне інфармацыі пра стварэнне «зялёных» бізнес-мадэляў безадходнага тэхналагічнага працэсу можа ў далейшым тыражавацца па ўсёй Беларусі.

Бюджэт праекта «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», у рамках якога рэалізуюцца 23 пілотныя ініцыятывы, складае 5 000 000 еўра. Бюджэт пілотнай ініцыятывы па ўтылізацыі тварожнай сыроваткі — 110 000 еўра.


Намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкама Жанна ЧАРНЯЎСКАЯ гаворыць, што для невялічкага раёна з сумнай «чарнобыльскай славай» увасабленне такой ініцыятывы вельмі важнае:

— Мы рады, што дзякуючы пілотнай ініцыятыве ў межах праекта «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі» будзе такая ўтылізацыя адходаў на Палескім вытворчым участку ААТ «Мілкавіта». Гэта не толькі дапамагае падтрымліваць экалагічнае становішча нашага раёна, але і дае людзям работу. Дарэчы, на тэрыторыі нашага раёна цяпер рэалізуецца некалькі сумесных праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: І ніякіх адходаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Існавала павер'е, што на Русальны тыдзень нельга хадзіць у лес

Існавала павер'е, што на Русальны тыдзень нельга хадзіць у лес

«Прыйшло лета, спякота, і мы ўсё часцей і часцей ідзём на рэчку».

Грамадства

Першая зімоўка на Паўднёвым полюсе можа адбыцца ў 2020 годзе

Першая зімоўка на Паўднёвым полюсе можа адбыцца ў 2020 годзе

«Знаходжанне беларускіх палярнікаў у Антарктыдзе — гэта не вандроўка натуралістаў».

Спорт

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Ён быў падрыхтаваны адмыслова напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў.

Грамадства

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

Сярод знаходак — нямала сенсацый.