Вы тут

Чым займаюцца хаус-майстры?


Апісанне навыкаў уладальніка «свежавыпечанай» для прастораў Беларусі прафесіі больш нагадвае цытату з уяўленняў пра ідэальнага мужа. Ён і кран на кухні паправіць, і разетку заменіць, і няспраўны замок у дзвярах адрамантуе. Прычым усё гэта — не дэманструючы шкодныя звычкі, па меншай меры на працоўным месцы. Мы паспрабавалі высветліць, як у нас прыжываецца спецыяльнасць, без якой ужо даўно цяжка ўявіць побыт у многіх іншых краінах.


Галоўнымі довадамі для ўкаранення гэтай часткі рэформы былі эканомія часу і большае паглыбленне ў спецыфіку аднаго ўчастка. Як гэтага можна дасягнуць? Па-першае, тэрытарыяльна памяншаецца зона ахопу, а значыць, работнік менш часу траціць на перасоўванне. Па-другое, мяркуецца, што ўстанаўліваецца больш цесны кантакт з мясцовымі жыхарамі: майстар перастае быць абязлічаным, у ідэале кожны павінен ведаць, што па любым побытавым пытанні можна звярнуцца да надзейнага і «рукастага» Івана Пятровіча. Ды і сам майстар у курсе, у якім пад'ездзе часцей, чым у іншых, бываюць праблемы з праводкай.

Пры гэтым ён павінен быць гатовы, нібы супермен у рабочай уніформе, прыйсці на дапамогу практычна ў любым выпадку. Прасцей кажучы, і сантэхнік, і электрык, і на дудзе ігрэц, а дакладней цясляр. І ўсё ж на практыцы ад ідэі аддаць большую частку абавязкаў па абслугоўванні дома ў рукі аднаго спецыяліста давялося адмовіцца: не надта зручна спачатку ліквідаваць працёк водаправода, а потым адпраўляецца ўсталёўваць выключальнік. Так што задачы былі падзеленыя на некалькі напрамкаў: бягучы рамонт, тэхнічнае абслугоўванне і аказанне платных паслуг. Розніца паміж двума апошнімі ў тым, што лямпачку на лесвічнай пляцоўцы памяняюць бясплатна (паслуга ўжо ўключана ў жыроўку), а вось у кватэры — па факце, за грошы.

Як толькі пачалася рэформа, на супрацоўнікаў сістэмы ЖКГ абрынуўся шквал людской незадаволенасці: узровень абслугоўвання, калі і памяняўся, то далёка не ў лепшы бок. Многія «майстры» з парога адкрыта заяўлялі: «Увогуле, сам я электрык, у сантэхніцы дрэнна разбіраюся, але давайце паглядзім, што там у вас...»

Паступова сітуацыя пачала мяняцца ў лепшы бок, курсы падрыхтоўкі сталі больш грунтоўныя, а патрабаванні да кандыдатаў жорсткія. Тлумачыцца гэта проста: падціскаюць прыватнікі — універсальныя «мужыкі», яны ж майстры на гадзіну. Прыватныя кампаніі, якія аказваюць падобныя паслугі, робяць акцэнт на сімпатычнай форме «як у серыялах», ветлівасці і... немаленькім рахунку за прыгожую абгортку. Дзяржаўныя ж службы, па меншай меры пакуль, прыцягваюць больш нізкім коштам. З недахопаў — хаус-майстар «прыпісваецца» адразу да ўсяго дома, і калі раптам у вас склалася асабістая непрыязнасць, то не застаецца нічога іншага, акрамя як змірыцца, або арганізаваць мясцовыя грамадскія выступленні з мэтай замены непажаданага спецыяліста. Аднак такія выпадкі могуць стаць, хутчэй, выключэннем: майстры за свае месцы трымаюцца, бо знайсці працу па запатрабаванай спецыяльнасці не так проста — штаты ўкамплектаваныя. Толькі ў Мінску зараз працуе каля тысячы ўніверсальных работнікаў. Глядзіш, у будучыні і новая прымаўка з'явіцца: без хаус-майстра як без рук.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: На ўсе рукі хаус-майстар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Карэспандэнт «Звязды» ацаніла гастранамічны патэнцыял горада.

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.