Вы тут

Аптымізацыя ў сістэме ЖКГ: вынікі рэформы


На пытанне аб тым, якія аспекты правядзення рэформы можна назваць самымі важнымі, у дзяржаўным аб'яднанні «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» з упэўненасцю гавораць: усе. Бо гэта менавіта той выпадак, калі спрацаваць можа толькі комплексны падыход.


У сувязі з падзелам функцый заказчыка і падрадчыка былі створаны дзяржаўныя службы заказчыка, якія займаюцца арганізацыяй аказання жыллёва-камунальных паслуг для насельніцтва, кантралююць і аплачваюць — важны момант — толькі фактычна выкананыя работы. Акрамя таго, было праведзена ўзбуйненне існуючых жыллёва-эксплуатацыйных участкаў, ці КУП ЖЭУ. У іх арганізаваны прафесійныя брыгады з дакладна размежаванымі функцыямі для выканання работ па тэхнічным абслугоўванні, бягучым рамонце жыллёвага фонду, прыборцы тэрыторый і аказанні платных паслуг. У выніку колькасць прадпрыемстваў, якія займаюцца аказаннем ЖКП скарацілася амаль у тры разы: замест 141 юрыдычнай асобы цяпер з той жа эфектыўнасцю дзейнічае 58.

Увядзенне ў штат КУП ЖЭУ рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў з прымяненнем тэхналагічных картаў не толькі зрабіла ўзаемадзеянне з камунальнымі службамі больш простым, але і прывяло да зніжэння выдаткаў на бягучы рамонт жыллёвага фонду: за кошт своечасова праведзеных прафілактычных работ. Цяпер у гаспадарчым распараджэнні ГП ЖКГ адсутнічаюць няпрофільныя аб'екты, прызначэнне якіх не звязана з аказаннем жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву, што таксама дазваляе зэканоміць.

Дарэчы, каб сістэма налічэння плацяжоў стала больш празрыстай, быў створаны філіял «Адзіны разлікова-даведачны цэнтр г. Мінска», у склад якога ўвайшлі 43 разлікова-даведачныя цэнтры. А фарміраванне ў сталіцы адзінай арганізацыі па ажыццяўленні ўліку, разліку і налічэння платы за жыллёва-камунальныя паслугі і карыстанне жылым памяшканнем у дамах з выкарыстаннем АІС «Разлік — ЖКП» дазволіла ўпарадкаваць усе налічэнні за жыллёва-камунальныя паслугі.

Адным з самых буйных новаўвядзенняў стала ўвядзенне ў работу Кантакт-цэнтра ЖКГ з кругласутачным рэжымам працы: адзіны нумар замяніў адразу ранейшыя 156. Пры гэтым разліковы час чакання кліента на тэлефоннай лініі для 80% выклікаў складае не больш за 20 секундаў. Звярнуцца ў цэнтр можна з любым запытам па ЖКГ, а таксама па іншых пытаннях гарадской гаспадаркі, незалежна ад раёна пражывання.

Адзіная дыспетчарская служба каардынуе дзеянні паміж пастаўшчыкамі жыллёва-камунальных паслуг і КУП ЖЭУ пры ўзнікненні аварыйных сітуацый, пазапланавых адключэнняў камунальных паслуг, перадае заяўкі для выканання ў КУП ЖЭУ альбо пастаўшчыкам жыллёва-камунальных паслуг, а таксама каардынуе, праводзіць маніторынг і кантроль іх выканання. У сваю чаргу КУП ЖЭУ даюць справаздачу перад Кантакт-цэнтрам па кожным этапе.

Ва УП «Гарадская аварыйная служба» цяпер ёсць тры лінейныя аддзяленні, што дазволіла ажыццяўляць кругласутачнае абслугоўванне жыллёвага фонду і скараціць час прыбыцця брыгады максімум да 30 хвілін. Да таго ж цяпер служба займаецца не толькі лакалізацыяй аварыйнай сітуацыі, але і выконвае рамонтна-аднаўленчыя работы.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Калі менш — лепш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».