Вы тут

Усе працоўныя месцы аховы здароўя Міншчыны будуць камп'ютарызаваныя


Сёння аўтаматызаваны працоўныя месцы амаль усіх урачоў і рэгістратуры, што робіць магчымым заказ талона праз інтэрнэт не толькі ў буйных гарадах. Шэраг спецыялістаў вобласці павышаюць адукацыю падчас вэбінараў — анлайн-канферэнцый, якія ладзіць для іх Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі. Дарэчы, даступныя ў шэрагу сітуацый і анлайн-кансультацыі спецыялістаў больш высокай кваліфікацыі. Электронны рэцэпт дзейнічае пакуль у Стоўбцах, Слуцку і Салігорску, аднак даволі хутка практыка будзе пашырана. Тэхнічныя магчымасці доступу да інтэрнэту забяспечвае Белтэлекам.


Укамплектаванасць кадрамі ва ўстановах аховы здароўя Мінскай вобласці складае сёння 75 працэнтаў, але гэта не паніжае даступнасці меддапамогі. Сёлета ў вобласці на работу выйшлі 467 маладых урачоў і 716 спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй. Заключаны 183 мэтавыя дагаворы. На працягу шасці гадоў ахову здароўя вобласці папоўняць 552 цяперашнія студэнты. Да 2020 года завершыцца пераход на арганізацыю работы па прынцыпе ўрача агульнай практыкі, чые паўнамоцтвы істотна пашыраны, паколькі яны бяруць на сябе і функцыі вузкіх спецыялістаў. За тры апошнія гады ўжо чатыры райцэнтры і ўся вясковая меддапамога перабудавалі работу такім чынам, паведамляе начальнік аддзела лячэбна-прафілактычнай дапамогі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Вольга ЛАЗАРАВА.

Два гады ў Крупскім раёне працуе перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт. Ён быў утвораны на базе трох стацыянарных ФАПаў, тэрытарыяльна блізка размешчаных, — там абслугоўваліся 1300 чалавек. «Жыхары вельмі задаволены, — адзначае галоўны пазаштатны спецыяліст па пярвічнай медыцынскай дапамозе галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Ірына ЛОБАХ. — Складзены графік выездаў так, каб у кожную вёску была магчымасць наведвацца адзін-два разы ў месяц. Такім чынам, пацыенты атрымалі зручную магчымасць і здаць аналіз крыві, і прайсці кардыяграму, выязджае і акушэрка. Агляды праводзяцца як непасрэдна ў аснашчаным усім неабходным аўтамабілі, так і ў хатніх умовах».

У наступным годзе Уздзенская цэнтральная раённая бальніца будзе практыкаваць работу перасоўнага тэлемедыцынскага комплексу, аснашчанага ўльтрагукавым абсталяваннем, сучаснай лабараторыяй. Ён будзе выязджаць ва ўсе аддаленыя вёскі раёна.

Дапамогу на вёсцы аказваюць у Мінскай вобласці 386 ФАПаў, 39 участковых бальніц, 153 амбулаторыі. Ва ўсіх вясковых амбулаторыях працуюць ужо ўрачы агульнай практыкі — універсальныя спецыялісты, якія аказваюць прафілактычную і лячэбную меддапамогу даросламу і дзіцячаму насельніцтву, праводзяць пярвічныя агляды дзяцей для паступлення ў дашкольныя ўстановы. Яны валодаюць неабходнымі для пярвічнага агляду ведамі ў галіне неўралогіі, афтальмалогіі, отарыналарынгалогіі, хірургіі.

Нягледзячы на тое, што, паводле ўстаноўленага сацыяльнага стандарту, адзін ФАП павінен абслугоўваць 800—1000 чалавек, ёсць і такія, дзе абслугоўваюцца ўсяго каля 300—350. З раённых паліклінік і бальніц на ФАПы рэгулярна для правядзення кансультацый выязджаюць урачы. Фельчары павышаюць адукацыю паводле сучасных патрабаванняў. Часам побач з імі працуюць і памочнікі ўрача.

На першым этапе аказання меддапамогі незалежна ад таго, у гарадской або сельскай мясцовасці мы пражываем, на аднаго чалавека з бюджэту выдаткоўваецца 308 рублёў у год. На Міншчыне доля сельскага насельніцтва складае 43 працэнты (па краіне 22 працэнты). З 1990 года ў вобласці захоўваецца адмоўны прырост насельніцтва. Летась паказчык смяротнасці склаў 13,9 на 100 тысяч насельніцтва, а нараджальнасць — 13,4.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: У зоне даступнасці

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».