21 кастрычніка, серада

Вы тут

Аляксандра Чычыкава: Нікому не падабаецца шкадаванне


"У нас прыдумана так многа слоў, каб абазначыць людзей з інваліднасцю. Але найперш усяго кожны з іх – чалавек. Дайце яму магчымасці, адкрыйце шлях да рэалізацыі – гэта і будзе шчасцем".


Так лічыць Аляксандра Чычыкава, фіналістка міжнароднага конкурсу Miss Wheelchair World 2017, першая беларуска, якая стала Міс свету на інваліднай калясцы. Па словах дзяўчыны, мерапрыемства ў Варшаве адрознівалася ад звычайных конкурсаў прыгажосці, а яго мэты былі больш сацыяльнымі. Вярнуўшыся на радзіму, Аляксандра мяркуе правесці нешта падобнае для беларускіх дзяўчат, тым больш, што такія конкурсы ужо існуюць у Польшчы, Украіне, Расіі.

— Я хачу захаваць ідэю Miss Wheelchair. Мая мэта – разбурыць унутраныя бар’еры, якія часам узводзяць для сябе людзі з фізічнымі асаблівасцямі. Будзе цудоўна, калі гэта дапаможа ім зразумець, што абмежаванняў насамрэч няма, і ніхто не забараняе ім быць шчаслівымі, актыўнымі. Цяпер я атрымліваю адукацыю па спецыяльнасці псіхалогія ў БДПУ імя М. Танка. Спадзяюся, што прафесійныя веды дапамогуць у стасунках, бо пасля выпуску я хачу дапамагаць людзям з інваліднасцю, прапаноўваць ім шырэй паглядзець на магчымасці. Хацелася б працаваць пры карэкцыйным цэнтры ці грамадскай арганізацыі.

Сярод заданняў конкурсу Міс свету журы ў тым ліку прапаноўвала назваць тры праблемы на радзіме ўдзельніц, якія вельмі важныя для дзяўчат на калясках. Па меркаванні Аляксандры, у Беларусі гэта пытанне медыцынскага абслугоўвання, а таксама праблема займець дзіця і захаваць яго. Справа ў тым, што некаторым дзяўчынам з фізічнымі асаблівасцямі складана зацяжарыць, а пасля нараджэння немаўля сям’ю могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў на аснове медыцынскага заключэння. Цяжкасці ўзнікаюць, і калі такая пара хоча ўзяць дзіця з прытулку.

— Я імкнуся да станоўчых зменаў. Нельга паказаць на чыйсьці твар і сказаць, што гэта эталон. У прыгажосці мноства адценняў і вобразаў. Хочацца адшукаць іх у чалавеку і дапамагчы расквітнець.

Акрамя сустрэчы з Аляксандрай Чычыкавай, на прэс-канферэнцыі адбыўся паказ адзення, пашытага па спецыяльных мерках, для людзей з фізічнымі асаблівасцямі. Ідэя прыйшла да дызайнера Кацярыны Цікоты напачатку гэтага года. Цягам некалькі месяцаў адбывалася падрыхтоўка, і вось першая фокус-група з пяці мужчын і пяці дзяўчын на калясках прымерыла штаны адмысловага, зручнага пакрою. Удзельнікі найперш усяго адзначылі завышаную талію, пахвалілі даўжыню штанін і уважлівасць дызайнера да фізічных параметраў. У той жа час былі выказаны пажаданні, напрыклад, па размяшчэнні кішэняў.

Пакуль што такое адзенне існуе ў дзесяці экзэмплярах, але распрацоўкі ідуць далей. У будучым плануюцца новыя мадэлі, пры пашыве якіх будуць ўлічвацца некалькі дзясяткаў асаблівых параметраў.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Фота Анастасіі ГРУК

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Спецыялісты адзначаюць: добра яшчэ, што рынак выжыў.

Грамадства

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

У падтрымцы звычайна маюць патрэбу ўсе жывыя людзі ў складаныя перыяды жыцця.

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?