Вы тут

Пад “папараць-вопраткай” — “папараць-тэкст”


Пад “папараць-вопраткай”  “папараць-тэкст”

Кастрычнік не распачынае ні каляндарны год, ні восень, аднак менавіта гэты месяц стаў новай вехай для “Маладосці”: пачынаючы з № 10 часопіс уводзіць для аўтраў раздзелаў “Паэзія” і “Проза” ўзроставае абмежаванне  з верхняй мяжой 35 гадоў. Часопіс дае шырэйшую дарогу маладым і, магчыма, ёсць нешта сімвалічнае ў тым, што менавіта ў кастрычніцкім нумары “М”ы вырашылі  звярнуцца да вытокаў.

Святлана Воцінава напісала цёплы і ўтульны тэкст пра дом № 40 па вуліцы Карла Маркса ў Мінску, дзе некалі прайшло шчаслівае дзяцінства “Маладосці”, а зараз месціца рэстаран “Кухмістр”: “Як памятаем, на rue de Beaujolais, 17, у размешчаны там рэстаран Le Grand Vefour дзеля сваёй любімай стравы — грудзінкі маладога баранчыка, гарніраванай белай фасоляй, часта заходзіў пісьменнік Віктор Гюго. Зрэшты, як і многія іншыя зоркі літаратуры, жывапісу, музыкі і тэатра. На Карла Маркса, 40 — у тагачасна-тамтэйшую рэдакцыю літаратурна-мастацкага часопіса «Маладосць» — заходзілі Пімен Панчанка і Янка Брыль, Генадзь Бураўкін і Васіль Зуёнак, Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін і Мікола Аўрамчык, Георгій Паплаўскі і Пятро Драчоў, кампазітар Лучанок і касманаўт Кавалёнак — хто з новымі творамі, хто ў госці, а хто на штодзённую працу”.

Як банальна гэта ні гучыць, але дом, дзе ты нарадзіўся, зрабіў першы крок, вымавіў першае слова, адчуў першую радасць і першы боль… гэты дом назаўжды застанецца асаблівым месцам. Тым не менш, часам жыццё складаецца так, што прыходзіцца пакідаць родны кут, і тады ўзнікае праблема, з якой сутыкнулася і Кацярына Захарэвіч: Без пяці хвілін першакурсніца Кацярынка з’язджае з Маленькага Гарадка ў Вялікі Горад Мары. Самыя вялікія і важкія рэчы завезлі загадзя, Касі застаецца сабраць «дробязі»: вопратку і посуд, на што маецца адна валізка — не такая ўжо і складаная задача, асабліва калі ўлічваць здольнасці Касінай мамы да ўтрамбоўвання рэчаў. Звыш складзенага Спіса-Ад-Якога-Нельга-Адысціся Касі хочацца ўзяць усе свае кнігі і дзённікі, усе цацкі, а таксама маму, лепшую сяброўку, кватэру і Маленькі Гарадок. Хочацца, каб цікава і захапляльна было, як у Вялікім Горадзе Мары, і спакойна і ўтульна, як дома. Кацярынка яшчэ не ведае, што з гэтага моманту «дому» ў яе няма. Называць гэтым словам кватэру, у якой ты жывеш два дні раз у два тыдні — падман, а пакой, зняты на год у чужой кватэры, — падман яшчэ большы. Але Кася пра гэта не думае і пхае ў валізку ўсё больш і больш рэчаў.

Тэма пераездаў і падарожжаў увогуле актуальная для кастрычніцкага нумара. Вось і лірычны герой верша Аляксея Арцёмава марыць апынуцца ў амерыканскім штаце Тэнесі:

Як хочацца — хоць плач, хоць галасі,

Каб вывела дарога ў Тэнесі,

Ці ў Джорджыю, дзе я не быў ніколі,

Ці ў Грузію… Цяпер усё адно.

«Еш персікі, пі лёгкае віно,

Глядзі на горы, пазбаўляйся болю», —

Сказаў бы я сабе, каб грошы меў,

Але даўно ў кішэнях ветрык дзьме.

Дарэчы, ветрык – стандартная з’ява для кішэняў студэнтаў. Ох ужо гэта студэнцкае жыццё: праблемы з жыллём, нармальнай ежай, адзеннем… Першыя два пытанні можна вырашыць з дапамогай універсітэцкіх інтэрнатаў і бацькоўскіх ссабоек, а вось у трэцім выпадку на дапамогу прыходзяць сэканды. Прыкладна такія, як у аднайменнай аповесці Зараславы Камінскай: Побач з домам, дзе жыла Аля, некалькі месяцаў таму з’явіўся сэканд-хэнд: уначы прывезлі белы пласцікавы вагончык, памерам з трохпакаёўку, ― у параўнанні са шматпавярхоўкамі ён здаваўся танным кітайскім куфэркам. Гандлявалі паношаным адзеннем. У дні распродажу ўнутр было не прабіцца, у дні завозу ― таксама. Казалі, што менавіта тады (і толькі тады) можна выцягнуць з кучы брэндавую, дарагую, якасную рэч, якую яшчэ ніхто не апранаў. Канечне, кожныа час мае свае легенды, але шукаць папараць-вопратку выпраўлялася шмат прыгожых жанчын.

 Калі існуе нават “папараць-вопратка”, то, вядома, недзе павінен існаваць і “папараць-тэкст”, і “М”ы шчыра спадзяемся, што кожны чытач “Маладосці” зможа адшукаць яго на старонках новага нумара.

 

Кірыл Мяцеліца, «Маладосць»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.