Вы тут

Слова і траўму лечыць


...Аляксандр вывучае здымак і дае апошнія парады: «Нагу зараз толькі зялёнкай апрацоўваем і — бегаем! І чакаю фота на Viber, як зажывае». Мама і дзяўчынка ўсміхаюцца і спяшаюцца хутчэй дадому.

Загадчыка аддзялення траўматалогіі Смаргонскай ЦРБ Аляксандра МІХАЛЬКЕВІЧА добра ведаюць не толькі ў раёне, а яшчэ ў Ашмянах, Астраўцы.


— Наша аддзяленне — міжраённае, «густанаселенае», таму работы хапае. Як і адказнасці. Ды і мясцовы я, — усміхаецца малады ўрач.

Працоўны дзень у Аляксандра пачынаецца з 7 раніцы: абход аддзялення, «пяціхвілінка», складанне плана на дзень. І пацыенты, пацыенты, пацыенты... Скончыцца ж усё можа і ў 8, і ў 10, а то і наступнай раніцай, калі экстранная аперацыя.

— У асноўным нам даводзіцца працаваць з траўмамі канечнасцяў. У маладых — рукі, у старэйшых — ногі. Як кажуць, чым старэйшы, тым бліжэй да пятак. Але адназначна ўсе беды — ад няўважлівасці. А яшчэ ад злоўжывання алкагольнымі напоямі. Кажуць, што пад градусам і мора па калена. Здаралася ў маёй практыцы, што сапраўды шанцавала такім. Я ж кажу: проста нарадзіўся ў кеўларавай кашулі.

— А часта сутыкаецеся з вельмі складанымі выпадкамі?

— Здараецца. Калі экстранная сітуацыя, то мы заўсёды на сувязі з Рэспубліканскім цэнтрам траўматалогіі і артапедыі: адсылаем па электроннай пошце ўсе абследаванні. Там заўсёды дапамогуць і словам, і справай. А для вельмі сур'ёзных пашкоджанняў — спіны, таза — выклікаецца служба спінальных хірургаў, яны дзяжураць па ўсёй краіне. У асноўным жа вырашаем усё на месцы.

Часам людзі не зусім разумеюць, што несвоечасовы зварот да ўрача нясе больш сур'ёзныя наступствы.

— Мы гэта назіраем штодня, — уздыхае Аляксандр. — Чалавек атрымлівае траўму рукі, і бачна, што трэба абавязкова паказацца спецыялісту, але не, — няма часу. Ды і «раптам пройдзе». Гэтае «раптам» нам потым цяжка вылечыць...

Ці, напрыклад, чым даўжэй стары ляжыць у ложку, тым большая верагоднасць, што будуць сур'ёзныя ўскладненні, якія могуць мець незваротныя наступствы.

— Нядаўна да мяне на прыём прыйшла бабуля 1928 года нараджэння, роўна праз месяц пасля траўмы, — працягвае ўрач. — З хадункамі, але сама! Поспех лячэння такіх пацыентаў залежыць ад іх настрою — калі яны байцы па жыцці, то бачна — пойдзе! Я ўсім кажу — гэта ваша здароўе! Вам жа самім хочацца не толькі дачакацца ўнукаў і праўнукаў, але і на вяселлі ў іх пагуляць? Для многіх бабуль гэта стымул. З іншага боку, калі прыходзіць пенсіянерка 80 гадоў з «мехам» паталогій, ты хочаш, ты ведаеш, што тэхнічна гэта магчыма, але арганізм не перажыве аперацыі, мы спрабуем лячыць кансерватыўна, таму што хірургічна ўжо позна... Застаецца прапісаць абязбольвальныя, парады даць, каб рухалася больш. Бабуля выходзіць і трохі ўсміхаецца ўжо, — дзеліцца Аляксандр. — Нездарма ж кажуць — доктар і словам лечыць.

Суразмоўнік сцвярджае, што пры ўсёй загружанасці і ненармаванасці яго работа — вельмі цікавая.

— Яна дае магчымасць пазнаваць новае, развіваць аддзяленне. Рабіць тое, што ты яшчэ не рабіў. Напрыклад, авалодаць новай методыкай, бо цяпер тэхналогіі ў траўматалогіі развіваюцца вельмі імкліва. Нездарма ж я хацеў у юнацтве займацца робататэхнікай — у некаторым сэнсе гэта цяпер і раблю.

Марына БЕГУНКОВА

Фота аўтара

begunkova@zviazda.by

Мінск — Смаргонь — Мінск

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.