Вы тут

Наколькі папулярная прафесія печніка?


Нядаўна ў метро ўвагу прыцягнула аб'ява: «Запрашаем на курсы печнікоў». Прафесія сёння рэдкая і, здавалася б, сярод моладзі забытая. Як хутка можна асвоіць гэта рамяство і хто ідзе ў печнікі, мы даведаліся ў Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі №5 транспартнага будаўніцтва, дзе і праводзяцца курсы.


Асвой­ваць ра­мяст­во пры­хо­дзяць лю­дзі роз­ных уз­рос­таў і пра­фе­сій.

Уладары цяпла

Курсы печнікоў у ліцэі адкрылі сем гадоў таму, цяпер яны вельмі папулярныя.

— Ёсць ужо заявы на студзень, — кажа намеснік дырэктара ліцэя па вучэбна-вытворчай рабоце Алена ДАРОШКА. — Бяром усіх: ад піянераў да пенсіянераў. За год звычайна выпускаем тры групы. Курсы цягнуцца два месяцы. Паўтара тыдня тэорыя (у праграме ёсць чарчэнне, асновы эканомікі, ахова працы і нават этыка дзелавых адносін), астатні час — практыка. Інструмент і матэрыялы для заняткаў мы даём.

Вучыцца прыходзяць людзі розных прафесій: стаматолаг, праграміст, ратавальнік, малодшы навуковы супрацоўнік універсітэта. Гэта не толькі мінчане — былі слухачы з Полацка, Слуцка. Іншагароднім ліцэй прапануе месца ў інтэрнаце за 30 рублёў у месяц.

Практыку вядзе майстар Веніямін ЯРУСАЎ — пячнік з 15-гадовым стажам.

— У мяне бацька таксама пячнік, — расказвае Веніямін Мікалаевіч пра тое, як прыйшоў у прафесію. — А я па спецыяльнасці муляр. Працаваў у асноўным «на катэджах», а пасля таго, як адзін з заказчыкаў папрасіў зрабіць камін, вырашыў асвоіць і іншы род дзейнасці. Цяпер перадаю сакрэты вучням. Ці пашлі па маіх слядах дзеці? А ў мяне дочкі, ім гэтыя навыкі не патрэбныя.

Хоць на курсы запісваюцца і дзяўчаты — за ўсе гады іх было чалавек сем.

Майстар расказвае пра тэхналогію будаўніцтва печы. Спярша робіцца разметка: на сцяне — пачынаючы зверху — малюецца контур. Пасля збіраецца непасрэдна канструкцыя. На ўкладку адной печы ідзе ў сярэднім 7—10 дзён і каля тысячы цаглін. «На іх не павінна быць трэшчын, — дае парады па выбары матэрыялу Веніямін Мікалаевіч. — З інструментаў раней былі патрэбныя малаток, адвес і кельма. А цяпер у арсенале майстроў і адразныя машынкі, і лобзікі — у мяне ўвесь багажнік забіты».

Ёсць мноства разнавіднасцяў печаў: з плітой, з ляжанкай, каміны. Руская, напрыклад, лепш падыходзіць для гатавання, а «галандка» — для абагрэву памяшкання. Але цяпер часцей замаўляюць барбекю.

— У нашай прафесіі патрэбна не толькі веданне тэхналогіі, але і фантазія. Усе хочуць, каб печ была прыгожая. Чым лепш зробіш, тым ахвотней табе заплацяць, — усміхаецца майстар.

Добра складзеная печ можа прастаяць больш за 50 гадоў. Але каб яна праслужыла доўга, прапальваць трэба рэгулярна. «Многія гаспадары прыязджаюць у вёску ў пятніцу ўвечары і хочуць, каб у хаце адразу стала цёпла. А такога ж не бывае. У выніку печ пераграваюць, і яна лопаецца. У сябе на лецішчы я паставіў невялікую дадатковую металічную печку: яна праз паўгадзіны ўжо дае цяпло, пакуль асноўная паступова разгараецца», — дзеліцца карысным досведам Веніямін Мікалаевіч.

Май­стар Ве­ні­я­мін Яру­саў па­каз­вае парт­фо­ліа са сва­і­мі ра­бо­та­мі.

Рамяство з прыцэлам

У майстэрні, дзе праходзяць практычныя заняткі, паступова збіраюцца вучні. У воблаку пылу яны складаюць свае першыя печы. Замест глінянага раствору выкарыстоўваюць мокры пясок, каб потым лягчэй было разбіраць канструкцыю.

У многіх наведвальнікаў курсаў ёсць вышэйшая адукацыя. 29-гадовы Сяргей Сарокін, напрыклад, скончыў Ваенную акадэмію. Капітан запасу. Але ў цяперашні момант не працуе, таму і вырашыў асвоіць дадатковую спецыяльнасць.

— Па-першае, валодаць рамяством ніколі не перашкодзіць. Па-другое, мая цешча ў Браславе пабудавала домік, збіраецца заняцца агратурызмам. Ужо два заказы на печкі будуць вясной, — тлумачыць Сяргей.

У будучым ён збіраецца аднавіцца ў сілавых структурах, але, калі што, смяецца, без работы ўжо не застанецца.

Менеджар па продажах Антон Картыннік прыехаў на заняткі адразу пасля працоўнага дня. У 28-гадовага хлопца ёсць вышэйшая тэхнічная адукацыя, а будаўніцтва для яго — хобі. «Печку буду класці на лецішчы, — дзеліцца планамі. — У лазні старая стаіць, трэба памяняць. Ці складана гэтаму вучыцца? Калі ёсць задаткі, то не. Я люблю будаваць».

А вось Яўген Лексін яшчэ студэнт. Вучыцца ў гэтым жа ліцэі на сталяра.

— Не шкадую, што запісаўся на курсы. У будучым хачу дамы будаваць, таму ўменне складаць печы спатрэбіцца. Пакуль складана, але стараюся.

— На курсах будучыя печнікі знаёмяцца, аб'ядноўваюцца ў брыгады, — заўважае майстар Веніямін Ярусаў. — Самае галоўнае для хлопцаў — пераадолець страх. Трэба пасля навучання хутчэй прыступіць да работы, не адцягваць гэты момант. Першая печ, вядома, ідэальнай не атрымаецца, але, як наб'юць руку, будуць добрымі майстрамі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: «Станцаваць ад печкі», або Навошта патрэбная тысяча цаглін

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?