Вы тут

На паштамце любілі прызначаць спатканні


Пра будаўніцтва галоўнага аддзялення сувязі сталіцы, укараненне першых касавых апаратаў і паношанае адзенне ў пасылках.

Штодзень на Галоўпаштамце абслугоўваюць да дзесяці тысяч чалавек. За суткі тут прымаецца каля тысячы пасылак і трох тысяч лістоў. А некалі ў гэтых сценах гучаў стук малатка, дыктаваліся віншавальныя тэлеграмы і завязваліся гарадскія раманы...


Апе­ра­цый­ная за­ла. Пра­цоў­нае мес­ца па вы­да­чы  ка­рэс­пан­дэн­цыі «да за­па­тра­ба­ван­ня». 1956 г.

Ручная работа

Праектаваць Галоўпаштамт пачалі ў 1947 годзе. Работу даручылі Уладзіміру Каралю — намесніку начальніка ўпраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР. Дапамагаў яму малады выпускнік Маскоўскага архітэктурнага інстытута Абрам Духан. Мінскі паштамт узводзіўся, можна сказаць, уручную: без кранаў і спецыяльнай тэхнікі, толькі намаганнямі рабочых.

Гэта быў адзін з першых новых будынкаў, што з'явіліся ў разбуранай сталіцы пасля Вялікай Айчыннай вайны. Цікава, што Мінгарвыканкам і гасцініца «Мінск», якія праектаваліся пазней, не маглі быць вышэйшыя за паштамт.

28 мая 1955 года адбылося ўрачыстае адкрыццё. А ўнікальны гадзіннік над уваходам з'явіўся ў маі 1961 года. Яго называюць «гадзіннікам свету», бо ён паказвае час у дзясятках гарадоў — Берліне, Токіа, Парыжы, Баку. За ўсю гісторыю ён ні разу не спыняўся. Раней, дарэчы, у пачатку кожнай гадзіны гучала вядомая мелодыя «Радзіма мая дарагая». Ігралася яна на звычайнай гітары: да струнаў былі прымацаваны малаточкі, якія злучаліся з гадзіннікам, і гук узмацняўся праз дынамікі. Замаўчаў гадзіннік у пачатку 1970-х, калі выйшаў указ аб забароне ў гарадах лішніх гукаў.

Інтэр'ер паштамта ўпрыгожваюць вітражы. Яны былі зроблены да Алімпіяды ў 1980 годзе і на той час лічыліся раскошай. У кожным акне — помнік беларускай архітэктуры (Сафійскі сабор у Полацку, Камянецкая вежа, ратуша ў Віцебску). Выявы на вітражах ахопліваюць вялікі перыяд часу — з ХІ па ХVІІІ стагоддзе. У круглай зале вісіць жырандоля, выкананая па спецзаказе Міністэрства сувязі СССР, вагой амаль паўтоны. А ў цэнтральнай устаноўлены знак, які паказвае адлегласць да гарадоў Беларусі і Еўропы.

З ар­хі­ва.

Тэлеграмы і мяхі са спадчынай

— У пасылачнай зале заўсёды стаяў пах клею, сургучу і чуўся стук малаткоў, — успамінае работу на Галоўпаштамце Таццяна ГУЗЯНКОВА, цяперашняя супрацоўніца гісторыка-інфармацыйнага цэнтра «Белпошты».

У прафесіі жанчына ўжо 45 гадоў. Усміхаецца, што ў яе і выбару не было: мама працавала на пошце. Дома заўсёды было шмат газет — маленькая Таня любіла перапісваць адтуль літары і так у пяць гадоў навучылася чытаць. Дапамагала маме разносіць прэсу па суседзях. Натуральна, за гэта была ўзнагарода: хто грушу дасць, хто яблычак. А ў школе дзяўчынка ўжо рабіла падпіску на «Зорку» і «Піянера Беларусі».

У 17 гадоў (у 1972-м), паралельна з вучобай на вячэрнім факультэце Інстытута народнай гаспадаркі імя Куйбышава (цяперашні БДЭУ), Таццяна Аркадзеўна пайшла працаваць вучнем аператара сувязі ў аддзяленне №83 сталіцы. Пасля была начальнікам 114-га аддзялення, а ў 1980-х перавялася на паштамт — яе выбралі старшынёй прафсаюзнага камітэта прадпрыемства.

— Як і ўсюды ў сферы абслугоўвання, у нас працавалі пераважна жанчыны — 97 працэнтаў калектыву, — кажа Таццяна Гузянкова.

Фірмавае адзенне ў аператараў сувязі ўзнікла ў 1980 годзе: пашылі спецыяльна да Алімпіяды (сёння яго, дарэчы, можна ўбачыць у музеі пошты). А дагэтуль супрацоўнікі атрымлівалі звычайныя халаты.

Памятае Таццяна Аркадзеўна і як пошта пераходзіла на новую тэхніку. Замест квітанцый, якія пісаліся ўручную, — касавы апарат «КІМ» (на ім выконваліся простыя аперацыі для прыёму падпіскі і тэлеграм), электрамеханічная машына «Анега».
«З такой цяжкасцю яны ўкараняліся, — дзеліцца суразмоўніца. — Прыходзілася весці тлумачальную работу і ўласным прыкладам паказваць, як гэта зручна і добра. Не трэба сляпіцца і разбірацца — 1, 4 ці 7 напісана ў квітанцыі».

Тэлеграм у 1980-я гады слалі вельмі шмат. У асноўным віншавальныя, але сустракаліся і сумныя — з паведамленнем аб смерці блізкіх. Пасылак таксама было многа. З Беларусі адпраўлялі адзенне, дзіцячы абутак. З Украіны да нас часта ішлі семкі і арэхі, а з Еўропы ў вялікіх мяхах дасылалі рэчы, якія засталіся ў спадчыну ад кагосьці са сваякоў, што жылі ў эміграцыі.

— Усе думалі, што мы тут вельмі дрэнна жывём, і адпраўлялі паношанае адзенне, абутак. Была неяк прэтэнзія: жанчына з Бабруйска атрымала пасылку з Ізраіля і заявіла, што яе падмянілі. Пачалі разбірацца. Пошта прыйшла ў добрым стане, распакавана не была, вага адпавядала. Але жанчына не магла паверыць, што ёй прыслалі з Ізраіля калінінградскія шпроты, грэчку і гарох нашай вытворчасці. Аказалася, калі яе сваякі з'язджалі туды на пастаяннае месца жыхарства, бралі з сабой усё, што толькі можна. Прадуктаў таксама назапасілі. А ў іх жа тэрміны прыдатнасці не вечныя. Вось і адправілі зямлячцы: лічылі, у нас голад.

Скрыні для пасылак тады былі толькі драўляныя. На касах у спецыяльных каробачках ляжалі маленькія цвікі: кліенту ці аператару прыходзілася самастойна іх забіваць (малаток таксама выдавалі). Потым скрыні туга перавязвалі льняным шпагатам. На канцы ніці накладаўся плаўлены сургуч і ставіўся адбітак страхавой пячаткі. За змену аператар прымаў да ста такіх пасылак.

А яшчэ паштамт быў улюбёным месцам закаханых: тут часта прызначалі спатканні.

Вядома, цяпер тэхніка зусім іншая. Патокі людзей рэгулюе электронная чарга, грошы за «камуналку» прымае плацежна-даведачны тэрмінал. Але што захоўваецца — гэта высокія стандарты абслугоўвання, заўважае Таццяна Аркадзеўна:

— Я заўсёды кажу, што наведвальніка трэба прымаць так, быццам ён прыйшоў на пошту ўпершыню і не ведае, што такое бандэроль і дробны пакет. Варта расказаць аб усіх відах паслуг, якія цікавяць чалавека, назваць кошты, каб ён мог выбраць. Тады кліенты будуць вяртацца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.

Грамадства

 Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Нудна больш не будзе. Гэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.