Вы тут

Ці можна заказаць марку са сваім партрэтам?


Пра тое, колькі паштовых мініяцюр выпускаецца ў год, як выбіраецца для іх тэматыка і што з іх карыстаецца найбольшай папулярнасцю ў калекцыянераў, расказалі ў выдавецкім цэнтры «Марка» Белпошты.


Выключнае права на выпуск і абарачэнне марак у нашай краіне належыць Міністэрству сувязі і інфарматызацыі. Менавіта сюды паступаюць ідэі наконт тэматыкі будучых мініяцюр. Прапановы збіраюць ад дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый і прыватных асоб. Тэматычныя планы фарміруюцца на год-два наперад. Цяпер, напрыклад, ужо зацверджаны планы на выданне знакаў паштовай аплаты на 2018 год.

Як выяўляюць самыя значныя і вартыя прапановы? У мастацкага савета пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі ёсць цэлы спіс крытэрыяў. Напрыклад, круглая дата, якой прысвечана марка, мусіць быць кратнай 25. Так, сёлета выйшлі маркі з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, 125-годдзя з часу ўводу ў эксплуатацыю мінскай конкі. Могуць быць таксама адлюстраваны выбітныя дзеячы і знамянальныя падзеі. Сюжэты старанна вывяраюцца на гістарычную адпаведнасць спецыялістамі ў галіне культуры, гісторыі і архітэктуры.

Прыкладна трэць мініяцюр выпускаюць на тэму флоры і фаўны. Бо, па-першае, такія маркі папулярныя ў філатэлістаў усяго свету: серыі з дзікімі і свойскімі жывёламі, рыбамі, птушкамі, грыбамі добра раскупляюцца. Па-другое, беларуская прырода сапраўды багатая і прыгожая. Шырока прадстаўлена на паштовых мініяцюрах тэма запаведных тэрыторый. У розныя гады быў паказаны Бярэзінскі біясферны запаведнік, Белавежская і Налібоцкая пушчы, нацыянальныя паркі «Прыпяцкі», «Нарачанскі», «Браслаўскія азёры».

У цэлым маркі стараюцца рабіць прывабныя і багатыя па змесце. Штогод выдаецца каля 40 сюжэтаў беларускіх мастацкіх паштовых мініяцюр. Спецыфіка філатэлістычнага рынку патрабуе пастаянных маркетынгавых даследаванняў. Без гэтага немагчыма прадказаць камерцыйны поспех таго ці іншага сюжэта. Тыражы выпускаў вагаюцца ад 40 да 80 тысяч экзэмпляраў: іх стараюцца аптымальна сфарміраваць, каб не было дэфіцыту ці лішніх астаткаў.

А ці можна аплаціць выпуск серыі ў свой гонар, з уласным партрэтам? У выдавецкім цэнтры даюць катэгарычны адказ: не. Паколькі маркі, апроч таго што з'яўляюцца прадметам калекцыянавання, служаць у якасці аплаты паштовых збораў. Па сутнасці, каштоўныя паперы. Хоць у некаторых краінах і можна заказаць персаналізаваныя мініяцюры (якія пры гэтым будуць мець рэальную сілу: імі можна аплачваць дастаўку, праўда, у філатэлістычных каталогах гэтыя маркі ўлічваюцца ў чыстым выглядзе, без выяў). Гэта даступна ў Аўстрыі, Францыі, Германіі, Нідэрландах, Канадзе.

Беларусь, дарэчы, актыўна ўдзельнічае ў посткросінгу. Па колькасці зарэгістраваных карыстальнікаў і адпраўленняў наша краіна займае шостае месца ў сусветным рэйтынгу.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

Раім вам у наступным годзе адправіцца туды самім.

Культура

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Імя мастачкі гучыць усе пяць гадоў правядзення «Асенніх салонаў».

Спорт

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Як варатар зборнай Беларусі па пляжным футболе сумяшчае гульню з роляй настаўніка і бацькі.  

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.