Вы тут

У Магілёве працягваецца супрацьстаянне наконт будучага парку адпачынку


«Звязда» ўжо некалькі разоў пісала пра тое, што адбываецца вакол гістарычнага месца ў цэнтры Магілёва, дзе сёння ствараецца парк. Менавіта гэта тэрыторыя выклікала шмат пытанняў пры распрацоўцы Генеральнага плана горада.


Спачатку магіляўчане катэгарычна выказаліся супраць будаўніцтва там гандлёва-забаўляльнага цэнтра і фестывальнай пляцоўкі, потым дабіваліся, каб іх прапановы знайшлі адлюстраванне ў новым варыянце гістарычна-планіровачнага рашэння. Пры Магілёўскім гарвыканкаме на пачатку года адбыўся круглы стол, ініцыяваны Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва. Здаецца, усе пытанні былі вырашаны, бакі знайшлі кампраміснае рашэнне. Гандлёва-забаўляльны цэнтр і фестывальная пляцоўка зніклі з «карты» дзеянняў. Замест цэнтра вырашана было пабудаваць лесвіцу з ратондамі і каскадам фантанаў. А каб пазбегнуць спрэчак, з падачы міністэрства была створана рабочая група з актывістамі ад грамадскасці, якая павінна дзейнічаць поруч з распрацоўшчыкамі і мясцовымі ўладамі на карысць агульнай справы. Але атмасфера вакол парку зноў абвастраецца, жыхары пішуць гнеўныя лісты ў розныя інстанцыі, адказы не заўсёды іх задавальняюць. Каб зняць напружанне і агучыць праблемныя пытанні па канцэпцыі развіцця парку адпачынку «Падміколле», Магілёўскі гарвыканкам ініцыяваў прэс-канферэнцыю. Удзел у размове прынялі намеснікі старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка і Аляксандр Вяракса, кіраўнікі камунальных службаў горада.

Дрэвам выдадуць пашпарты

Падміколле — месца складанае, з аднаго боку — прыватны сектар, з другога — манастырскія пабудовы і дзясяткі гектараў неасвоенай тэрыторыі. Так склалася толькі ў ХХ стагоддзі пасля вайны, да гэтага жыццё тут віравала. За гады запусцення на закінутых гектарах утварылася сапраўднае царства баршчэўніку і хмызняку. Зараз усё мяняецца. Але вельмі актыўныя будаўнічыя работы насцярожваюць гараджан. Ім здаецца, што пад занадта вялікай колькасцю бетонных сцяжынак знікаюць гістарычныя падмуркі, знішчаецца каранёвая сістэма дрэў каштоўных парод. Наколькі гэтыя асцярогі апраўданыя?

— Развіццё ўсіх зялёных зон горада адбываецца ў адпаведнасці з нядаўна зацверджаным Генеральным планам Магілёва і на аснове пэўных базавых канцэпцый, прадугледжаных планам, — спрабуе супакоіць насельніцтва намеснік старшыні гарвыканкама Аляксандр Вяракса. — Усе астатнія моманты вызначаюцца пры распрацоўцы лакальных праектаў. Магу заявіць з усёй адказнасцю: ніхто свядома дрэвы там не ліквідуе.

— Усе дрэвы абыходзім, захоўваем асобнікі каштоўных парод. Калі нейкая сцяжынка выходзіць на дрэва, заказчыкі даводзяць інфармацыю да ведама будаўнікоў, праектная арганізацыя ўносіць карэкціроўку, — пацвердзіў начальнік упраўлення архітэктуры і будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Скачак.

Дырэктар прадпрыемства «Магілёўзелянбуд» Пётр Аляксейчыкаў прадэманстраваў заключэнне Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі:

— Мы былі занепакоены тым, што вяз і ясень пачалі ўсыхаць. Зрабілі запыт, і спецыялісты далі нам заключэнне, што ў парку ёсць дрэвы, пашкоджаныя рознымі хваробамі, параілі, што трэба рабіць, каб зараза не распаўсюджвалася.

На заўвагу карэспандэнта «Звязды» наконт інвентарызацыі «падмікольскіх» дрэў Аляксандр Вяракса пагадзіўся, што на найбольш каштоўныя пароды ў Магілёве павінны быць заведзены ўліковыя карткі і зроблены пашпарты.

Парк пад відэаназіраннем

Заказчык аб'екта «Парк адпачынку «Падміколле» — магілёўскае ўпраўленне камунальных прадпрыемстваў. Менавіта яно рэгулюе ўсе будаўнічыя моманты ў раёне складанай зоны. Актывісты лічаць, што работа вядзецца бессістэмна, няма комплекснага плана развіцця.

— Тэрыторыя Падміколля займае болей за 100 гектараў, і адным праектам рэалізаваць яе добраўпарадкаванне, улічваючы, што асноўная крыніца фінансавання — гарадскі бюджэт, не ўяўляецца магчымым. Таму мы робім кавалачкамі, — тлумачыць генеральны дырэктар прадпрыемства Андрэй Кіблоў. — У парку будуць створаны зона адпачынку для сталых грамадзян, для маладых сем'яў — дзіцячая гульнявая з вяровачным гарадком. Усе гэтыя зоны звяжуць веласіпедныя і пешаходныя сцежкі. На сёння, дарэчы, зроблена больш за 3 кіламетры веласіпедных дарожак і болей за 6 кіламетраў — пешаходных. На ўсёй працягласці будуць усталяваны альтанкі, фантанчыкі для піцця.

Андрэй Кіблоў таксама паведаміў, што ў прадпрыемства ёсць адпаведныя дагаворы з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі наконт ажыццяўлення нагляду за будаўнічымі работамі.

— Яшчэ ён звярнуў увагу на тое, што праектна-каштарысная дакументацыя на добраўпарадкаванне тэрыторыі прайшла ўзгадненне з Міністэрствам культуры.

А хутка ўсе дзеянні на «падмікольскай» тэрыторыі наогул будуць пад пільным вокам відэакамер. Андрэй Кіблоў паведаміў, што магілёўскае прадпрыемства «Гарсвятло» ўжо закупіла абсталяванне для сістэмы відэаназірання і на працягу лістапада яно будзе зманціравана.

Пакроўскі пасад у мініяцюры

Цікавае рашэнне прапануе ініцыятыўная група «Падміколле». На імя старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава накіраваны праект «Музейна-гістарычны комплекс «Пакроўскі пасад» (яшчэ адна з гістарычных назваў Падміколля). Асноўныя яго аб'екты — алея ў гонар 300-гадовага юбілею Свяціцеля Георгія Каніскага, парк мініяцюр — паменшаная копія Пакроўскага пасада, музей мяшчанскага быту для захавання шматлікіх знаходак і артэфактаў Падміколля з пакоем, прысвечаным магілёўскаму Свяшчэннамучаніку Паўліну, і цэнтр сямейнага вольнага часу імя А. Пушкіна «У лукамор'я» — як памяць аб наведванні паэтам Магілёва. Адной з галоўных задач гэтага цэнтра будзе папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі. Пад зваротам у гарвыканкам свае подпісы паставілі гісторыкі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, органа мясцовага самакіравання, звычайныя жыхары.

— Падміколле з XVІ стагоддзя мела планіровачную сістэму, а цяпер разглядаецца як проста парк. Гісторыкі прапаноўваюць зрабіць трасіроўку вуліц, паказаць, дзе знаходзіліся пабудовы, а іх ігнаруюць. Гэта не нармальна. Сучасная моладзь думае, што ў Падміколлі ўвесь час была пустка. У Магілёва вельмі багатая гісторыя, і трэба прыкласці ўсе намаганні для яе захавання, — перажываюць магіляўчане.

Рабочая група просіць увагі

На круглым стале, які прайшоў па ініцыятыве Міністэрства архітэктуры ў студзені, была створана рабочая група. Але яе ўдзельнікам не стае ўвагі, яны скардзяцца, што іх прапановы ігнаруюцца.

— Хацелася б болей цеснага кантакту з праектантамі, — адзначыў член рабочай групы, прадстаўнік грамадскага аб'яднання «Экапраект» Леанід Платоненка. — Мы выступаем за тое, каб стварыць унікальнае месца адпачынку для гараджан, яно заслугоўвае прадуманых, дакладных рашэнняў. І ўдзел грамадскасці толькі пазітыўна на гэта можа паўплываць. На сёння лакальныя праекты не абмяркоўваюцца з грамадскасцю, таму і ўзнікаюць пытанні.

— Група створана, але нікому не вядомы яе прававы статус, — дадае магілёўскі гісторык Аляксандр Белахвостаў. — Мы збіраліся некалькі разоў, але нашы думкі нікому не цікавыя. Як і прапановы магілёўскіх археолагаў. Яны прадставілі гісторыка-апорны план Пакроўскага пасада яшчэ ў красавіку. На ім былі нанесены «магдэбургскія» вуліцы 1578 года, якім у наступным годзе спаўняецца 440 гадоў. Перададзены таксама аэрафотаздымкі, карты XVІІ і XVІІІ стагоддзяў, адпаведная літаратура. Чаму гэта ігнаруецца?

— Мы пакуль ствараем базавую мадэль засваення гэтай тэрыторыі, — падвёў вынік сустрэчы Аляксандр Вяракса. — Потым яна яшчэ будзе напаўняцца. Магчыма, музеем якім, калі знойдуцца спонсары. Давайце прымем удзел у працы рабочай групы. Я згодны з тым, што, калі стварылі рабочы орган, трэба вызначыцца з яго асноўнымі палажэннямі. Каб быў зразумелы рэгламент, перыядычнасць збораў, наколькі правамоцныя яго рашэнні. Пры рэалізацыі такіх складаных праектаў, вядома, будзе шмат меркаванняў, спрэчак, ідэй. Але калі б мы нічога не рабілі і толькі б спрачаліся, баршчэўнік у Падміколлі дасягнуў бы ўжо 10 метраў.

Пад канец Аляксандр Вяракса ўсіх запрасіў на суботнік, які адбудзецца 28 кастрычніка:

— Давайце папрацуем на карысць Падміколля. Для пачатку пачнём саджаць дрэвы. Тут ніякіх грошай не трэба — саджанцамі забяспечым, інструмент дадзім, маральна падтрымаем. І ў нас застанецца яшчэ болей за 100 гектараў вольных плошчаў, дзе рэалізуем усе прапановы, калі яны не абсурдныя, чымсьці пацверджаныя, запатрабаваныя і будуць цікавыя гараджанам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота Галіны РАДЗЬКОВАЙ

Загаловак у газеце: Спрэчнае Падміколле

Каментары

Ну што ж, паглядзiм, што будзе далей, але пакуль што адныя трывожныя навiны з Паднiколля - напрыклад, пра "бутэлечны домiк"

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.