Вы тут

Максім Танк - паэт, які ратуе


Прэзентацыя новай кнігі архіўнай прозы Леаніда Дранько-Майсюка «...Натуральны, як лінія небасхілу», прысвечанай даследаванню жыццяпісу Максіма Танка, адбылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.


Цікавым і змястоўным атрымалася выступленне Анатоля Сідарэвіча, які ведае шмат пра грамадска-палітычны і літаратурны рух як Заходняй, так і Усходняй Беларусі, што не даруе нават дробных гістарычных памылак. З якім шчырым захапленнем, непадманнай любоўю ён выказваўся пра Максіма Танка і пра тое багацце архіўных звестак, дэталяў і цікавых дробязей, якімі насычана новая кніга Л. Дранько-Майсюка.

А. Сідарэвіч згадаў, колькі факталагічнай няпраўды пра аўтара паэмы «Нарач» было нават у самых уплывовых навукоўцаў. Менавіта таму з’яўленне выдання, дзе няма ніводнай фальшывай ноты, ёсць сапраўдным святам.

Анатоль Вярцінскі прачытаў верш, прысвечаны Максіму Танку, а Васіль Зуёнак пацешыў публіку іранічна-рыфмаваным дыялогам паміж Паэтам і Музай, дзе галоўным героем стаў... наватвор Дранько-Майсюка далькажык. Фелікс Баторын на прыкладзе Максіма Танка нагадаў, што беларусы-камуністы былі розныя. Анатоль Сідарэвіч дадаў, што ўрад Пілсудскага сваёй таталітарнай палітыкай сам кідаў многіх нашых юнакоў і дзяўчат у абдымкі камуністычнай партыі. Леанід Дранько-Майсюк іранічна зазначыў, што каб у партыі былі ўсе такія, як Максім Танк, то і ён, не задумваючыся, стаў бы камуністам.

Зала ўважліва слухала аўтара кнігі. Эмацыянальна-дынамічны, поўны іроніі і жартаў, амаль эстрадны маналог пра Максіма Танка і яго нязменную творчую прысутнасць у жыцці Л. Дранько-Майсюка быў успрыняты з цікавасцю. Даўно не бачылі такога вясёлага, усмешлівага, па-юнацку лёгкага і нават гарэзлівага Дранько-Майсюка.

Думаецца, ідэя стварэння гэтай кнігі — не выпадковасць: менавіта рызыкоўны і авантурны Максім Танк творча, духоўна і нават фізічна ратуе Леаніда, не дае заглыбіцца ў смутнаглядства.

І нават пры ўзнікненні вонкава адчайнай думкі «...у бацькавай лодцы, / Якая пад плотам згніла, / Ісці па Гарыні бясконца / Услед за вадой — без вясла...» сапраўдны смутак цябе не захопіць, бо, калі маеш такога надзейнага, зухаватага, вясёлага сябра, як малады Максім Танк, такое падарожжа ўспрымаецца проста рызыкоўнай прыгодай, на якую здатныя толькі тыя, што захавалі сваю натуральнасць, якую можна параўнаць хіба толькі з лініяй небасхілу.

Алена ГУТКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».