Вы тут

Дантэ для беларусаў


Факсіміле найстарэйшага выдання «Боскай камедыі» можна ўбачыць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі


Падчас імпрэзы «Спасцігаем мову, спасцігаем краіну» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

З нагоды XVII Сусветнага тыдня італьянскай мовы, які ладзіцца пад назвай «Італьянец у кіно, італьянская мова ў кіно», у галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася ўрачыстая імпрэза «Спасцігаем мову, спасцігаем краіну». Беларусі і Італіі ёсць што адзначаць: сёлета — 25-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі, а 2017 год абвешчаны Годам італьянскай культуры ў Беларусі.

Пачэснымі гасцямі мерапрыемства сталі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі Стэфана Б’янкі ды намеснік генеральнага сакратара Таварыства Дантэ Аліг’еры Андрэа Вінчэнцоні, які ўпершыню наведаў нашу краіну.

— Сённяшняя імпрэза, безумоўна, падкрэслівае значнасць свята італьянскай мовы, але разам з тым гэтая падзея значна больш шырэйшая: яна робіць акцэнт на сяброўстве паміж Італіяй і Беларуссю, — зазначыў спадар Стэфана Б’янкі.

Падчас урачыстасці італьянскі бок падараваў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі знакаміты помнік італьянскай і ўвогуле сусветнай літаратуры — факсімільнае выданне манускрыпта «Боскай камедыі» Дантэ Аліг’еры (Manoscritto Palatino 313), арыгінал якога датуецца другой чвэрцю XIV стагоддзя. Гэта самы старажытны з вядомых асобнікаў. Арыгінал манускрыпта захоўваецца ў Нацыянальнай цэнтральнай бібліятэцы Фларэнцыі. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці НББ Алесь Суша нагадаў, што ў Нацыянальнай бібліятэцы ўжо знаходзіцца друкаванае выданне «Боскай камедыі» 1483 года, а цяпер яго можна будзе параўнаць з рукапісным асобнікам.

Яшчэ адной разынкай сустрэчы стала выступленне дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігара Капылова. Ён паведаміў, што цяпер супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства пры падтрымцы Таварыства Дантэ Аліг’еры працуюць над першым італьянска-беларускім слоўнікам, які спросціць работу перакладчыкаў з італьянскай на беларускую. Слоўнік не мае на мэце адлюстраваць увесь багаты слоўнікавы запас італьянскай мовы, ён будзе ўключаць каля 35 000 лексічных адзінак і скіраваны на актуальную лексіку. Кожны слоўнікавы артыкул плануюць дапоўніць адпаведнай ілюстрацыяй. Цікава, што ўкладальнікі збіраюцца пашырыць выданне часткай з фразеалагізмамі, якая дапаможа лепш зразумець менталітэт і культуру італьянцаў.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Сяргея Шэлега

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?