Вы тут

Анёлы і дэманы ў аўтарскім досведзе і ўзорах для вопытаў


«ТЭАРТ» сышоў, але шлейф ад сустрэч застаўся. Яшчэ доўга будзе вярэдзіць розумы думкамі пра арыгінальныя тэатральныя формы, шыкоўныя акцёрскія работы, нечаканыя тэмы ці, наадварот, настолькі чаканыя, што нават дзіўна: як жа гэта проста, нібыта на паверхні, заставалася ўхапіць і перанесці на тэатральную пляцоўку… І гэта тычыцца не толькі замежнай праграмы, але і беларускай. Нездарма завяршыўся форум абмеркаваннем праблем у айчынным тэатры, пра што мы яшчэ пагаворым асобна. Сёлета спачатку прайшла праграма міжнародная, на фоне якой потым разглядаўся беларускі тэатр у яго сучаснай разнастайнасці.


Сцэна са спектакля «Дэман».

«ТЭАРТ» фестываль асаблівы — тут ніхто ні з кім не змагаецца, не адзначаюць лепшых, не раздаюць прызы, і гэта цудоўна: калі пастаноўка ў праграме, то гэта ўжо ў нейкім сэнсе перамога (для нашых тэатраў) ці яна настолькі адметная, што раскрывае тэатр з нечаканага боку (што тычыцца гасцей). Сёлета ў міжнароднай праграме было восем спектакляў. Кожны з іх можна разглядаць не толькі як сустрэчу з мастацтвам, але як своеасаблівы тэатральны майстар-клас. Нездарма ў школе «ТЭАРТа» былі задзейнічаныя некаторыя рэжысёры замежных пастановак.

Напрыклад, Сяргей Зямлянскі ў спектаклі Ліепайскага тэатра «Жаніцьба» пазначаны як рэжысёр-харэограф, пры тым, што працаваў з тэкстам Мікалая Гогаля, які любяць драматычныя тэатры. Летась форум скончыўся «Жаніцьбай» з Санкт-Пецярбурга, але ў інтэрпрэтацыі Юрыя Бутусава вядомая тэма набыла больш пранікнёнае гучанне: спектакль «Горад. Жаніцьба. Гогаль» яшчэ доўга ўзгадвалі ў Беларусі. І не паспелі забыць — ажно да прагляду пастаноўкі Зямлянскага, але паралеляў тут шукаць не варта. Варта гаварыць пра тое, наколькі розным можа быць аўтарскае бачанне адной і той жа тэмы, аднаго і таго ж матэрыялу, якое рознае ўвасабленне можна знайсці вядомай п’есе. Сяргей Зямлянскі прапанаваў версію без слоў: але сэнс яе можа счытвацца без праблем нават тымі, хто не вельмі сябруе з літаратурай. І ў гэтым таксама геніяльнасць работы: праз пластычнае ўвасабленне казаць тое, што самі людзі не возьмуцца цяпер чытаць. А калі тэкст вядомы, то пастаноўка ўцягвае дзіўнай пластычнай метафарычнасцю ў спалучэнні з тонкім гумарам, акцёрскім запалам і пры гэтым драматычным гучаннем у выніку: нявеста, за жыццёвым выбарам якой мы назіралі праз гульню і са смехам, ідзе да алтара ў самоце, а вакол — толькі чорныя крумкачы. Зямлянскі мае сваю вобразную мову, змена настрояў перадаецца вельмі тонка, на нюансах. Сапраўды, спектакль як майстар-клас: вучыцца гаварыць ціха, але выказванне аказваецца вельмі гучным. Да слёз…

Наколькі рознай можа быць маўклівасць, пабачылі наступным разам: французскі харэограф Анжэлен Прэльжакаж у Мінску (о-о-о!) паказаў спектакль-балет «Фрэска. Карціна на сцяне». Але гэта не балет у класічным разуменні, а тое, што створана ў такім кірунку, як сучасны танец. Вось чаму прыезд Балета Прэльжакажа можна лічыць сенсацыяй: у айчыннай прасторы гэты кірунак фактычна не прадстаўлены, у адрозненне ад класічнага балета. Іншая тэхніка, адметная пластыка. Што ўжо казаць пра тэму: французы ў Мінску пазнаёмілі з Усходам: для гэтай пастаноўкі Анжэлен Прэльжакаж абраў фальклор Азіі. Пазнаецца Кітай з яго філасофіяй: адсылка да таямніц светабудовы ў выглядзе ўзаемадзеяння часцін інь і янь, у гэтым кантэксце развіваюцца стасункі ў чалавечым свеце: часам гэта настолькі захапляе, што здаецца суцэльным чараўніцтвам ці нават варажбой на сцэне, дзе сакральнае праглядае ў асобных вобразах, рухах, эфектных (да замірання сэрца) эпізодах і нават сцэнічным афармленні, якое нібыта дыхае і жыве сваім жыццём, паралельна з героямі. Яны таксама ёсць: мужчыны і жанчыны, стасункі якіх развіваюцца ў рэальнасці і ў снах, цёмныя дэманы, якія могуць кіраваць учынкамі людзей і навяваюць ім спакуслівыя мары, — гукі і рытм (здавалася) уводзяць у медытацыю. Прыгожая казка (з вельмі эфектнымі трукамі), зробленая ў даволі папулярным ключы: каб захапіць, уразіць нават тых, хто не асабліва цікавіцца балетам і танцам. Гэтая задача выкананая ў дачыненні да Беларусі: можа быць, уражанні ад сустрэчы з гэтай трупай натхняць на эксперыменты тых, хто хоча сказаць сваё слова ў айчынным мастацтве харэаграфіі, дзе ёсць месца для сучаснасці ў тэматыцы і тэхніцы яе ўвасаблення.

Убачыць сучаснасць у класіцы — запатрабаваны цяпер кірунак у драматычным тэатры. Таму столькі ўвагі прыцягнуў «Іванаў» у пастаноўцы Цімафея Кулябіна. Галоўнае тут — сам перанос чэхаўскіх калізій фактычна ў наш час: кватэры з балконамі, загарадныя дамы і нават офісныя памяшканні, дзе кабінеты мяжуюць з курылкамі. І герой з цяжкахворай жонкай, які імкнецца збегчы ад праблем, але калі здараецца самае жахлівае, яго накрываюць пакуты сумлення. «Бытавуха», на якую наўмысна зроблены акцэнт, падкрэслівае: часы заўсёды аднолькавыя для людзей, але менавіта яны самі вызначаюць змест і сэнс часу.

Тое ж жаданне сцерці часавыя межы кіравала стваральнікамі «Іліяды» са Славеніі. Тэкст даўнейшага з усіх паэтаў Гамера дэкламуецца артыстамі ў строях класічных, але сучасных: традыцыйна чорныя касцюмы нібыта настройваюць на нейкую ўрачыстасць і нават статуснасць: у кантэксце таго, што гаворка пра багоў, герояў і фактычна ганаровых грамадзян з грэкаў і траянцаў… Але ў такім візуальным рашэнні шаноўнага Зеўса можна лёгка прыняць за шэфа нейкай кампаніі, які галоўны, таму можа дазволіць сабе вольнасці, мець каханак і спрыяць прасоўванню пазашлюбных дзяцей. Постмадэрнісцкія прыёмы (часам даволі натуралістычныя) адкрываюць варыянты ўспрымання старажытнай «Іліяды»: войны, падобныя траянскай (з-за валодання прыгожай жанчынай) могуць разгортвацца дзе заўгодна. Ідзе гульня з гледачом, які падключыць сваё ўяўленне і дапоўніць карціну нейкім сваім кантэкстам ды персанажамі, а таксама сэнсам у залежнасці ад фантазіі і інтэлекту, — постмадэрнісцкі кірунак не навязлівы, кожны шукае ў ім тое, што хоча, і неабавязкова нейкі новы сэнс. Таму што сэнс «Іліяды» вядомы і не мяняецца.

Рэжысёру Уладзіміру Панкову, які ў Бішкеку паставіў «Дэмана» паводле Лермантава, мала проста гульні са зместам — ён мае на мэце сэнс. І так, гэта Лермантаў з усімі галоўнымі для яго тэмамі: у спектаклі спалучыліся розныя героі. Акрамя паэмы «Дэман» ідзе адсылка да «Героя нашага часу» і варункаў, у якіх апынуўся Пячорын: існаванне розных культур, іх сутыкненне, з-за чаго разгортваюцца чалавечыя драмы. У пастаноўцы Дзяржаўнага нацыянальнага рускага тэатра драмы імя Ч. Айтматава гэта нават вонкава падкрэсліваецца: праз удзел артыстаў розных нацыянальнасцяў. І нібыта ХIХ стагоддзе, але цяпер, у эпоху глабалізацыі культур, гэтая тэма набыла новае — нават больш драматычнае — гучанне. Сцэнічны тэкст у варыянце Панкова ўзбагачаецца дадатковымі сэнсамі, узмацняецца яшчэ і гукавым фонам, які тут іграе асобную ролю. У спектаклях Уладзіміра Панкова, які працуе ў кірунку саўнд-драмы, гук мае прынцыповае значэнне, гэта ведаюць беларускія гледачы дзякуючы яго пастаноўцы «Вяселля» ў Купалаўскім тэатры (праз гук даецца адчуванне адметнай беларускай сучаснасці). У «Дэмане» вельмі складанае спляценне гукаў і рытмаў, праз што выяўляецца жыццёвая пульсацыя розных культур, нават трагічная.

Яшчэ адзін адметны кірунак, з якім сёлета пазнаёміў «ТЭАРТ», — спалучэнне тэксту, акцёрскай гульні з інжынернымі і тэхнічнымі знаходкамі, нават хімічнымі вопытамі, але ўсё разам працуе на ідэю. «Макс Блэк, ці 62 спосабы падперці галаву рукой» прадставіў «Электратэатр Станіслаўскі». Зборны вобраз навукоўцы (паводле рэальных запісаў вялікіх асоб) прыцягнуў нямецкага рэжысёра Хайнера Гёбельса. Гульні розуму, размова з самім сабой, аналіз сваіх стасункаў са светам наогул і з навукай у прыватнасці ілюструюцца рэальнымі вопытамі на сцэне, якія робіць адзін акцёр — Аляксандр Панцялееў. Каласальная праца, час ад часу нешта выбухае ці ўспыхвае, мільгаціць ці заводзіцца, выдае гукі ці выпускае кольцы дыму — усё падмацоўвала словы і задачу: у навуку ідуць апантаныя людзі, скіраваныя на тое, каб вывучаць, спасцігаць, адкрываць. Але самая вялікая неспасцігальная загадка для іх — разуменне самога сябе, у нейкі момант герой прыходзіць да высновы: «Сусвет дарэмна патраціў на мяне час…» Напрыканцы гэта гучала б песімістычна разам з апошнім выбухам і цемрай, што апускаецца на сцэну. Калі б нейкае інтуітыўнае (ужо пасля прагляду) адчуванне: у гэтай цемры ўсё ж будзе і наступны выбух з яркім святлом, і няўрымслівы шукальнік ісціны працягне свае вопыты. Гэты герой ці іншы — спазнанне сусвету чалавецтвам не скончыцца ніколі, як і яго таямніцы.

Не менш вечная тэма — спазнанне сусвету ў кантэксце чалавечага існавання: ці толькі рэальнай (бачнай) часткай яно абмяжоўваецца? Ні ў якім разе, сцвярджае стваральнік італьянскага спектакля «Сёстры Макалуза» Эма Дантэ. Героі — члены адной сям’і — узгадваюць сітуацыі з жыцця, жартуюць, дурэюць. Пакуль перад намі не разыгрываецца трагедыя: адна з сясцёр гіне падчас купання ў моры па віне другой. Сёстры пачынаюць высвятляць адносіны паміж сабой, узгадваючы іншыя выпадкі, калі іх напаткалі страты — бацькі, маці, пляменніка. Але тыя, каго няма, з’яўляюцца на сцэне, распавядаюць свае гісторыі, кантактуюць з дзяўчатамі, як быццам жывыя. І яны жывыя для тых, хто любіць: наш дыялог і размовы з блізкімі працягваюцца і тады, калі іх няма, абвастраюцца ў тыя моманты, калі здараецца чарговая страта. Вось і напрыканцы глядач разумее, што ўсе ўспаміны, што прайшлі перад ім, былі невыпадковыя і ўвесь гэты час ён прысутнічаў на пахаванні адной з сясцёр, што ў жыцці так марыла пра балет: яе аголеная (вызваленая ад знешняй абалонкі) душа танцуе свой апошні танец. У паўзмроку абсалютна аголенае цела актрысы з хаатычнымі — свабоднымі — рухамі ўспрымаецца як нешта метафізічнае. Тэатр, які нараджае эмоцыю пры поўным сцэнічным мінімалізме: толькі пяць шчытоў з мячамі (крыжамі) выглядаюць як надмагіллі-парталы стасункаў з душамі блізкіх. І ў гэта хочацца верыць…

Зусім па-іншаму прадстаўлена гісторыя жанчын Германіі, якая некалькі дзесяцігоддзяў была падзелана на дзве часткі, што адбілася на менталітэце іх жыхароў. Пра гэта распавядаюць удзельніцы спектакля «У скрынях стала». І сапраўды, тэкст, што прамаўляюць актрысы праекта «SHE SHE POP», — фактычна дзённікавыя запісы, з рэальнымі ўспамінамі, са спробай асэнсавання сябе. Чым аднолькавыя, а чым розныя жанчыны, што былі выхаваныя ў Заходняй Германіі і Усходняй? Жаданні, мары, захапленні, заняткі. Не трэба мудрагелістасці: тут пануе тэкст і рэчаіснасць (праз дакументальнасць), месцамі рэзкая, месцамі смешная, з нечаканымі паваротамі і інтымнымі падрабязнасцямі, нават вельмі адкрытымі (але па гэтых дробязях можна меркаваць, куды рушыць жыццё ў тым свеце, што не так далёка ад нас). Але простая форма і даступнасць сродкаў вырашэння актуальнай тэмы (аб’яднанне Германіі дагэтуль асэнсоўваецца яе жыхарамі) — прыклад таго, як проста можна стварыць актуальны тэатр у наш час.

Але нельга сказаць, што мы гэтага не можам…

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?