Вы тут

Арцём Шышкоў: «Беларускія творы — на біс»


Імя на афішы як знак: канцэрт немагчыма прапусціць. Яшчэ з першых выступленняў скрыпача Арцёма Шышкова адчувалася: у Беларусі з’явілася зорка. Лаўрэацкія званні прэстыжных міжнародных конкурсаў (іх больш за паўтара дзясятка) гэта толькі пацвярджалі. Выхаванец Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, які ўдасканальваў сябе ў Венскім інстытуце музыкі, а цяпер чаканы госць прыстыжных сусветных канцэртных пляцовак, распавядае пра спецыфіку працы музыканта-фрылансера:


Арцём Шышкоў.

— Цяпер я шмат часу правожу ў Берліне, дзе ўдзельнічаю ў праекце, астатні час езджу па ўсім свеце з канцэртамі. Гэта не значыць, што я аддаю перавагу такому ладу жыцця. З задавальненнем сядзеў бы недзе ў вёсцы, калі б там была канцэртная зала, іграў бы ці выкладаў. Дарога вельмі стамляе: калі пачынаецца канцэртны тур, то пераезд можа быць кожны другі дзень — выступаю з аркестрам, з камерным квартэтам, бываюць фестывалі, сольныя выступленні.

— Памятаю, як вы шчыра хацелі быць патрэбным на радзіме…

— Я сапраўды не хацеў з’язджаць. Прычынай, чаму гэта здарылася, стала запрашэнне ў квартэт ад музыканта, якога я лічу адным з лепшых віяланчэлістаў свету, — Габрыэля Ліпкінда. Дома я меў магчымасць рэгулярна іграць канцэрты — з аркестрам, у філармоніі, ездзіў па Беларусі. А за мяжой (мне трэба было з’ехаць дзеля рэпетыцый з квартэтам) напачатку не было ніякіх канцэртаў. Каб выжыць, я быў нават вымушаны іграць на вуліцы. Атрымаў досвед, карысны для любога музыканта: калі няма нябачнай сцяны паміж артыстам і слухачамі. Сустрэў безліч цікавых людзей, да мяне падыходзілі тыя, хто ніколі не слухаў класічную музыку, нейкія панкі, шмат музыкантаў, нават зорак… Я адчуваў сябе цалкам свабодным: рабіў тое, што падабаецца, нават калі стамляўся як сабака. Іграў каля чатырох — пяці гадзін у дзень. У мяне была праграма на 55 хвілін, кожную гадзіну я адпачываў 5 хвілін і потым іграў зноў. З’явіліся пастаянныя слухачы — падыходзілі і пыталіся, дзе я буду іграць наступны раз…

— Тады вы ўжо былі ў Беларусі зоркай. Як адрэагавалі бацькі на такі пачатак замежнай кар’еры?

 — Не было асуджэння, было хваляванне, што я вымушаны гэта рабіць. Бо спачатку я паехаў у Парыж на месяц, потым вярнуўся ў Вену, а праз 2 тыдні паехаў яшчэ на месяц. Да таго часу ў мяне набраліся даўгі, трэба было нечым зарабляць. Дарэчы, я зарабіў на вуліцы нядрэнныя грошы. Гэта складана, таму што трэба іграць добра: людзі проста так не даюць — у Парыжы вялікая колькасць музыкантаў. Паступова з’явіліся кантакты. Цяпер ужо я не шукаю праекты і працу, а выбіраю. Часам прымушаю сябе адмаўляцца ад чагосьці, бо бывае зашмат працы, месяцамі наогул без выхадных, арганізм не вытрымлівае: за апошнія тры гады я 3 разы хварэў з высокай тэмпературай, з-за чаго адмянілася некалькі канцэртаў.

— Ці ёсць магчымасць у такім актыўным канцэртным жыцці выконваць музыку, якую хочацца вам?

— Так. У Lipkind Quartet дэмакратыя, што, дарэчы, не лепшая мадэль для камернага музіцыравання. Усе музыканты высокага ўзроўню, але асобы з рознымі густамі. Габрыэль Ліпкінд — неафіцыйны лідар у квартэце. Але мы ўсё абмяркоўваем, пакуль не знойдзем кансэнсусу. Для мяне немагчыма іграць музыку, якую не люблю. Нават калі яна мне напачатку не падабаецца, цягам працэсу развучвання павінен ёю захапіцца, інакш не змагу іграць. Хіба што ў аркестры, калі мая роля не такая важная і калі працую, каб зарабіць грошы: трэба жыць, плаціць за кватэру і дапамагаць сям’і.

Але я часта ўдзельнічаю ў праектах, за якія не атрымліваю грошы ці атрымліваю няшмат: дабрачынныя ці напалову дабрачынныя, з малым бюджэтам, дзеля падтрымкі маладых музыкантаў. І ў той жа час іграю як канцэртмайстар у аркестры, дзе вельмі добрыя заробкі, але гэта не так цікава: там я раблю тое, чаго хоча дырыжор. Менавіта таму я не хачу стала працаваць у аркестры: у нейкі момант гэта ператвараецца ў руціну, нават калі выдатны рэпертуар, але творчая воля не знаходзіць выхаду. У камернай музыцы можна выражаць сябе больш поўна, чым у аркестры ці падчас сольнага выступу, калі камунікуеш толькі з самім сабой. Як у жыцці: сышліся два чалавекі — у каханні нараджаецца новае жыццё. Больш людзей камунікуе — як у сям’і, з блізкімі людзьмі, больш складаная сітэма.

Цяпер мне больш прыемна іграць старажытную музыку, бліжэй да барока. Тады музыка была больш шчырай. Музыка, якая пачалася ў канцы ХІХ — ХХ стагоддзі, больш ад галавы. Цяпер шмат спроб знаходжання новых музычных моў, шмат аналізу, але мала сэрца. А музыка па сваёй прыродзе прымушае нас больш адчуваць, хоць і думаць таксама.

— Ці гатовыя людзі разумець думкі, што гучаць у сучасных творах?

— У Еўропе шмат фестываляў сучаснай музыкі — людзі хочуць яе слухаць і разумець. А ў нас сучаснай лічыцца музыка, што створана ў сярдзіне ХХ стагоддзя, хоць яна ўжо фактычна класіка. Падчас вучобы мы амаль не сутыкаліся з творамі кампазітараў нашага пакалення, але гэта можна і трэба мяняць: штогод з’яўляецца шмат цікавай музыкі. На жаль, новая музыка маладых беларускіх кампазітараў не такая запатрабаваная ў нашым прафесійным асяродку, як класічная. Але падчас выступленняў за мяжой я часта выконваю беларускія творы на біс, у тым ліку маладых аўтараў, — выдатна ўспрымаюць. У Германіі наогул яшчэ падчас навучання будучыя кампазітары маюць магчымасць папрацаваць з музыкантамі, паслухаць свае творы ў выкананні аркестраў, камерных калектываў. Там аўдыторыя больш адукаваная і падрыхтаваная да рознай музыкі, ёсць разуменне, што ў ёй — адлюстраванне рэчаіснасці.

Рэчаіснасць мае сваё гучанне. Я люблю хадзіць па вуліцах і слухаць гукі — яны нібыта напісаная музыка, кожным разам розная, як песня дразда. Мне наогул цікавае ўсё, што можа даваць гук. Люблю імправізаваць, нават з людзьмі, якія не музыканты, неабавязкова на скрыпцы, магу ўзяць іншы інструмент — флейту, барабан, арфу… Гэта самыя жывыя моманты: адкрываюцца незвычайныя магчымасці ў інструменце.

— Ці раскрываліся для вас магчымасці скрыпкі, калі ігралі на інструменце Страдзівары? Ці на скрыпцы Гварнеры, якая належыць нашай краіне? Які інструмент цяпер у вашых руках?

 — Скрыпач стварае музыку ў суладдзі з інструментам. Калі б на конкурсе каралевы Лізаветы ў Бельгіі ў мяне не было магчымасці іграць на інструменце Гварнеры, то я б не стаў лаўрэатам. Дзякуючы таму, што мая мама цягам месяца ці не штодня хадзіла ў Міністэрства культуры і яе пачуў Павел Латушка, які тады быў міністрам, мне дазволілі ўзяць гэты інструмент, пры тым, што я не меў фармальнага права на гэта.

Ёсць цудоўныя інструменты, раскручаныя брэнды, як Страдзівары. Мой цяперашні інструмент дзесьці трэцяга шэрагу. Але гэта харошы італьянскі майстар, а часта такія скрыпкі гучаць не горш за інструменты з вядомымі імёнамі. Скрыпка мне не належыць, яна арандаваная ў Швейцарскім фондзе, у мяне ёсць час да Новага года, каб знайсці інвестара на яе. Такая практыка распаўсюджана ў свеце, калі мецэнаты і калекцыянеры набываюць інструмент: гэта інвестыцыя, таму што старажытныя струнныя інструменты толькі растуць у цане. Купіць яго я не ў стане: трэба 140 тысяч еўра. Музыканту нерэальна столькі зарабіць, нават у Еўропе. А каб узяць крэдыт, трэба мець пастаянную працу. Паколькі я фрылансер, то не магу паказаць кантракты на некалькі гадоў наперад. Але для мяне не прынцыпова мець інструмент ва ўласнасці, галоўнае, каб была магчымасць іграць на гэтай скрыпцы нейкую частку жыцця.

— Ці спасціглі скрыпку як інструмент?

— Гэта бясконцы працэс. Удасканальвацца тэхналагічна можна бясконца, што і стараюся рабіць: гэта дае свабоду самавыяўлення. У гэтым наш парадокс: каб быць свабодным, трэба шмат займацца тэхналогіяй, тым, што, па сутнасці, не з’яўляецца музыкай. Чаму трэба па сто разоў паўтараць адзін і той жа пасаж? Мышцы прывыкаюць, што потым дапамагае ствараць музыку.

— Гэта было зададзена ў музычнай школе — вы ж вучыліся доўга…

— Менавіта савецкая традыцыйная сістэма спецыяльных музычных школ вельмі добрая. Таму што ў Германіі такога не існуе, ці ў адзінкавых выпадках. Там часцей займаюцца прыватным чынам альбо ў прыватных школах. Наша прафесія — праца індывідуальная, яе вынік вельмі залежыць ад таго, наколькі педагог таленавіты, наколькі ў яго хапае досведу падыходзіць індывідуальна да кожнага вучня. Я пачынаў у Жанны Аркадзьеўны, жонкі Эдуарда Віктаравіча Кучынскага. Яна цудоўна працуе з дзецьмі, з ёй я атрымаў першыя поспехі, у тым ліку 2 лаўрэацтвы на конкурсах. Калі нешта мог, працягнуў вучыцца ў Эдуарда Віктаравіча.

— Не глядзелі з зайздрасцю на аднагодкаў, свободных ад музыкі?

— …Калі хлопцы ідуць іграць у футбол, а ты ідзеш іграць на скрыпцы, то ёсць тут элемент аўтсайдарства. Але не магу сказаць, што цалкам сабе ва ўсім адмаўляў. Проста кожны дзень пэўную колькасць часу павінен быў прысвяціць музыцы. Потым выходзіў і кантактаваў з сябрамі ў двары, іграў у футбол. Я лічу, што нельга дзяцей цалкам аддаваць на выхаванне вуліцы. Першыя некалькі гадоў за маімі заняткамі музыкай сачыў тата, дома мы займаліся і адпрацоўвалі тое, што мне задалі. Гэта было не заўсёды лёгка, даходзіла да слёз. Мама закрывалася са смычком, казала: «Не дам катаваць сына». Цяпер гэта ўспамінаецца са смехам…

— Ці быў удзел у конкурсах матывацыяй больш займацца?

— Не люблю конкурсы. Але яны могуць прынесці карысць, таму што ў працэсе падрыхтоўкі адбываецца мабілізацыя і вельмі хуткі рост. Аднак мне падаецца, што музыка, якая гучыць падчас конкурсу, не можа быць ацэнена: гэта не спорт, тут не можа быць дакладных вынікаў. Вельмі часта я адчуваў, што канкурсанты і члены журы маглі б памяняцца месцамі… Здавалася часам, што калі таленавіты музыкант не ўкладваўся ў нейкія рамкі, то яго падсвядома стараліся прыціснуць: яшчэ малады, а ўжо робіць неверагодныя рэчы… Хоць сама ідэя конкурсу добрая — дапамагчы таленавітаму музыканту. Але бывала адчуванне, што конкурсы ператвараюцца ў бізнес — і для членаў журы, і для канкурсантаў.

Матывацыя павінна быць не ў саперніцтве, а ў выяўленні сябе праз музыку і ў рэакцыі публікі. Асоба музыканта — гэта перш за ўсё асоба чалавека. Калі чалавек не развіты інтэлектуальна, то і ў музыцы гэта будзе выяўляцца. Каб развіваць правае паўшар’е мозга, неабходна адукоўвацца, чытаць. Музыканту патрэбныя кнігі, выстаўкі, музеі. Я, напрыклад, люблю маляваць. У берлінскай кватэры мы з сяброўкай малюем на балконе: творчасць я стараюся знаходзіць ва ўсім.

— Як вас знайшлі нашы музыканты за мяжой — з трыа «Новая філармонія», разам з якім запісалі дыск у Парыжы?

 — З імі выступаў іншы скрыпач, але так склалася, што ён не мог удзельнічаць у запісе дыску. Мне патэлефанавалі за тры дні да запісу, папрасілі дапамагчы. Да таго мы разам не ігралі, але хутка паразумеліся — і як музыканты, і па-чалавечы. Зрабілі ўдалы запіс, сталі разам выступаць.

У наступным годзе збіраюся запісаць сольны дыск, напэўна, з музыкай Баха. Калегі-сябры ствараюць новы лэйбл, прапанавалі мне зрабіць першы запіс. Павінен атрымацца цікавы праект — некалькі сесій запісу ў розных краінах: з прысутнасцю публікі, камунікацыяй, абмеркаваннем.

 — Для творчага чалавека важнае асяроддзе. Ці ёсць блізкія людзі за мяжой? Дзе людзі больш адкрытыя для камунікацыі: у нас ці ў Еўропе?

— У нас людзі больш здольныя на глыбокую камунікацыю. У Еўропе капіталістычнае грамадства, зносіны больш рацыянальныя і павярхоўныя. Як чалавек, выхаваны тут, я скіраваны да размоў на глыбокія філасофскія тэмы: пра сэнс жыцця, экзістэнцыяльныя праблемы. Ёсць людзі, блізкія мне па светаадчуванні, часта перасякаюся з беларускімі музыкантамі: шмат хто там. Цяпер гэта не варта ўспрымаць як страту для культуры краіны, як было некалі: лакацыя можа быць рознай, але ў любы момант можна прыехаць і выступіць на радзіме, я з задавальненнем іграю ў Беларусі. Некалькі тыдняў у год стараюся зусім адыходзіць ад соцыуму і быць з блізкім чалавекам. Ці проста адзін. Таму што камунікацыі ў маім жыцці больш чым дастаткова. Такое жыццё фрылансерамузыканта: пераезды, рэпетыцыі, выступленні, прыёмы арганізатараў, пастаянная камунікацыя. Забруджваецца фон, таму патрэбны час падумаць, разабрацца ў сабе.

Ларыса ЦІМОШЫК

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.