Вы тут

Ганна Любянкова: Расказваць пра спорт з экрана было маёй марай


У кастрычніку галоўнаму спартыўнаму тэлеканалу краіны споўнілася чатыры гады. Малады, але амбіцыйны «Беларусь 5» паказаў нам ужо дзве Алімпіяды. У лютым 2018-га будзе трэцяя. Як журналісты рыхтуюцца да гэтай падзеі, нам расказала Ганна Любянкова — голас беларускага біятлона. А таксама прачыніла таямніцу каментатарскай падрыхтоўкі да эфіру, паразважала на тэму будучыні беларускага біятлона і пра ролю дзяўчыны ў спартыўнай журналістыцы.


— Ганна, тэлебачанне гэта не першае месца вашай працы?

— Так, наогул, па адукацыі я менеджар у галіне культуры і ніколькі не шкадую, што атрымала менавіта гэтую спецыяльнасць, лічу, што веды, якія мне далі, вельмі спатрэбіліся. А спорт любіла з дзяцінства, сама займалася плаваннем, яшчэ да работы ў журналістыцы добра разбіралася ў англійскім футболе, напрыклад, што дзіўна для дзяўчыны. Усе вынікі спаборніцтваў, якія глядзела па тэлевізары, запісвала ў нататнікі, проста на нейкія паперкі. Мама казала: «Навошта табе гэта макулатура?» А яны і цяпер мне часам патрэбны. Расказваць пра спорт з экрана тэлевізара было маёй марай, якая, як тады здавалася, наўрад ці магла спраўдзіцца, бо сярод каментатараў у нас тады не было жанчын, пазней ужо з'явілася Святлана Парамыгіна. Калі задумалася пра паступленне на журфак, зразумела, што пісаць трэба шмат і па патрабаванні, гэта значыць ставіць творчы працэс на паток, а гэта будзе складана для мяне, таму і выбрала іншую спецыяльнасць. З журналістыкай у той час мяне звязвала толькі радыё Арlus FM, мы казалі там пра ўсё, была і спартыўная праграма, пад якую мяне і ўзялі на гэтую хвалю.

— І ўсё ж, як трапілі на тэлебачанне?

— У той час працавала ў сферы асвятляльнага абсталявання — свяцільні, лямпачкі, люстры. Сядзела ўвечары ў офісе, як раптам сяброўка даслала паведамленне, што праходзіць кастынг каментатараў. З таго часу ў жыцці пачаўся новы віток.

— Якія віды спорту сёння можна назваць «вашымі»?

— Біятлон, плаванне, часткова лёгкая атлетыка, веславанне, не так даўно дадалася стральба з лука. На Алімпіядзе ў Пхёнчхане мне дадуць новы набор відаў спорту, якія раней я яшчэ не каментавала.

— Сярод пералічаных можна назваць любімыя?

— Безумоўна, гэта біятлон і плаванне. Плаванне, напэўна, нават стаіць трохі асобна, таму што я займалася ім шмат гадоў, магу каментаваць там усё: ад чаго залежыць кожны ўздых, кожны грабок або паварот і сантыметр дыстанцыі або, напрыклад, чаму ў многіх плыўчых доўгія ногці.

Біятлонам усё ж такі я не займалася, хоць за гады работы вывучана шмат матэрыялаў, абгаворана і паказана на практыцы, як рыхтуюцца лыжы, як правільна трымаць вінтоўку. Я нават страляла з яе сама.

— Многія гледачы ведаюць вас яшчэ і па флэш-інтэрв'ю на матчах мінскага «Дынама» ў КХЛ.

— Я люблю хакей, шчаслівая, што мне давялося там працаваць, але гэта нервовая і вельмі непрадказальная работа, напрыклад, я вельмі баюся праходзіць міма галоўнага трэнера «Нафтахіміка» Андрэя Назарава, ведаючы яго характар і тое, што ён можа павесці гульцоў з інтэрв'ю. Трэба ведаць псіхалогію, разумець, як працаваць з кожным канкрэтным чалавекам. Гэта прыходзіць з вопытам.

— Ці даводзілася сутыкацца з меркаваннем, што дзяўчына не можа разбірацца ў такім мужчынскім відзе спорту?

— Так, пастаянна нагадваюць, што жанчына ў спорце — гэта лішняе, маўляў, ты ж нічога не разумееш. Калісьці гэта было для мяне крыўдна, я сварылася, уступала ў спрэчкі, а цяпер зразумела, што чалавек альбо ўспрымае жанчыну ў спартыўнай журналістыцы, альбо не. На жаль, ёсць у нашай прафесіі дзяўчаты, якія стаяць, усміхаюцца і нічога не разумеюць, але гэта не толькі на тэлебачанні.

— Часта балельшчыкі абмяркоўваюць каментатарскую работу на форумах, чытаеце іх?

— Не, я вельмі эмацыянальны чалавек, прымаю ўсё блізка да сэрца, а для таго, каб рабіць сваю работу добра, мне трэба быць упэўненай у сабе, таму я хутчэй падыду і выслухаю крытыку ад кіраўніцтва, ад людзей, якія разбіраюцца, чым залезу на форум. Блізкія людзі, мае сябры і родныя, іх пачытваюць, нешта мне перадаюць, кажуць, калі крытыка выказана па справе і калі не.

— Раскажыце, як каментатар звычайна рыхтуецца да эфіру?

— Гэта, як правіла, залежыць ад віду спорту. Для таго каб падрыхтавацца да лёгкай атлетыкі, мне трэба больш часу, да плавання — менш. Самае цяжкае — старт сезона, калі назапашаны матэрыял, трэба падсумаваць і расказаць гледачам. Напрыклад, зараз было паўгода без біятлона, але мы ж усё роўна сачылі за спартсменамі, хто, дзе і як. Чым бліжэй сезон, тым больш інфармацыі з'яўляецца. Першыя 2—3 гонкі буду знаёміць аматараў спорту ў тым ліку і з навінамі міжсезоння. Наогул, працэс падрыхтоўкі не можа быць расцягнуты надоўга па той прычыне, што стартавыя пратаколы з'яўляюцца за суткі. Ты не можаш прадбачыць, хто выйдзе на старт.

За паўгадзіны да пачатку трансляцыі мы павінны быць на каментатарскай пазіцыі. Я заўсёды акуратна раскладваю свае запісы (пішу, дарэчы, толькі ад рукі), заўсёды ведаю, на якой старонцы ў мяне што напісана, каб хутка арыентавацца ў эфіры. Хтосьці прыходзіць на працу толькі з планшэтам, хтосьці з нататнікам, хтосьці наогул без нічога, а я з цэлым стосам папер. На выпадак, калі знікне карцінка, у мяне заўсёды ёсць што расказаць гледачу.

— Вас пазнаюць па голасе?

— Я сама сябе па ім не пазнаю (смяецца). У эфіры ў мяне манера гаварыць іншая, не ведаю, чаму, я спецыяльна гэта не раблю. Адна дзяўчына з біятлонных балельшчыкаў сказала, што ўяўляла мяне рудавалосай жанчынай як мінімум 35 гадоў.

— Спорт гэта заўсёды непрадказальнасць. Бывалі кур'ёзныя сітуацыі ў эфіры?

— Аднойчы з Сяргеем Мацкевічам працавалі на чэмпіянаце свету па плаванні на кароткай вадзе ў Досе. Мы ўключыліся ў прамы эфір падчас цырымоніі адкрыцця, хоць павінны былі выйсці на заплывы. Вядома, у нас не было сцэнарыя цырымоніі, бо мы не планавалі расказваць пра яе, сядзелі ў эфіры каля гадзіны і гаварылі пра тое, што адбываецца, хоць самі гэтага да канца не разумелі.

Падобная гісторыя была на біятлоне. Гонка скончылася, прайшла цырымонія ўзнагароджвання, рэжысёр дае ўказанне працаваць, пакуль не знікне карцінка, а гэта яшчэ хвілін 20. На шчасце, спаборніцтвы праходзілі ў Ханты-Мансійску, у якім пераможцаў і прызёраў катаюць на аленях. Вось і давялося расказваць пра аленяў, што ў кожнага з іх свая акрэдытацыя, імянная з фатаграфіяй. Наогул, вельмі важна і карысна бываць у тых месцах, дзе праходзяць спаборніцтвы, каб мець больш інфармацыі. Нават калі я падарожнічаю па свеце, абавязкова наведваю спартыўныя аб'екты, гляджу, як працуюць на іх іншыя журналісты.

— Вы спрабавалі сябе на кастынгу Матч-ТБ і з беларусаў аказаліся там найлепшай.

— Так, акрамя мяне там былі яшчэ Дзмітрый Герчыкаў і Арташэс Антанян. Спачатку я выйшла ў
50 найлепшых, нас падзялілі на пяць груп, са сваёй дзясяткі я стала першай, гледачы аддалі мне 3-е месца ў гэтым праекце. Я разумею, што яны і не маглі паставіць мяне на першае, пакуль усё ж у спорце не давяраюць дзяўчатам на 100%.

На кастынгу Матч-ТБ мне прыйшлося каментаваць не толькі тыя віды, з якімі я добра знаёмая, але і, напрыклад, велатрэк, з якім ніколі не працавала. Таму на цяперашні момант я магу ганарыцца гэтым дасягненнем. Там я зрабіла ўсё, што магла.

— Калі б выйгралі праект, перайшлі б на расійскае тэлебачанне?

— Гэта пытанне, якое многія задавалі мне тады і задаюць цяпер, але мне да гэтага часу цяжка на яго адказаць.

— Як думаеце, што чакае нас у біятлоне ў новым сезоне?

— Прагназіст з мяне так сабе. Спорт непрадказальны, людзі хварэюць, атрымліваюць траўмы. Тым больш у алімпійскі год складана нешта прадказваць, усе захочуць выстраліць менавіта цяпер. Мне хочацца, каб сёлета наша зборная не ўдарыла тварам у гразь, у папярэднія сезоны было шмат нараканняў, хтосьці казаў, што Даша Домрачава пайшла, і біятлон стала глядзець нецікава, — глупства, вядома. Страціўшы на час лідара, каманда згубіла стрыжань, думаю, з яе вяртаннем наша зборная стане больш упэўненая.

Што датычыцца нашай працы, то ў гэтым сезоне мы запускаем новы вялікі праект на «Беларусь 5» «Агнявы рубеж». Праграма будзе выходзіць кожны тыдзень, мы паспрабуем паказаць біятлон знутры. Будзем прадстаўляць, анансаваць кожны этап Кубка свету па біятлоне, аналізаваць выступленне нашых спартсменаў, запрашаць у студыю гасцей, рабіць выязныя інтэрв'ю. Плануем ездзіць на этапы, наколькі будуць дазваляць фінансавыя магчымасці, бо нам у біятлоне так не хапала непасрэдных зносін са спартсменамі. Плануем расказваць, як праходзіць падрыхтоўка біятланістаў, дзе яны жывуць, як перамяшчаюцца з этапу на этап. Таксама закранём дзіцячы спорт і калябіятлонныя тэмы — як рыхтуюцца вінтоўка, лыжы; раскажам пра работу сэрвіс-брыгад. Гэта павінна быць цікава.

— Што самае складанае і самае прыемнае ў вашай працы?

— Вядома, больш за ўсё мне падабаецца каментаваць, хоць, па сутнасці, я размаўляю сама з сабой, але адчуванне таго, што хтосьці недзе мяне чуе, падсілкоўвае. Самая вялікая складанасць — мабільнасць, ты павінен быць гатовы заўсёды і ўсюды да любых сітуацый — складаных, неардынарных. Я сваю працу вельмі люблю, ні ў чым іншым сябе не бачу. Выходзячы з адпачынку чарговы раз, я думаю — класна, заўтра на працу. Вядома, ад гэтага пакутуе асабістае жыццё, адносіны з сям'ёй, сябрамі. Я не магу ўдзяляць ім столькі часу, колькі хацелася б. Але, мне здаецца, трэба любіць сваю справу, гарэць ёй, інакш не затрымаешся ў спартыўнай журналістыцы.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.