Вы тут

Як сувораўцы, кадэты і школьнікі на дзень сталі юнымі спецназаўцамі


Яны без асаблівых намаганняў падцягваюцца на перакладзіне, з хуткасцю ветру разбіраюць, а потым збіраюць аўтамат. З «калашнікава» — страляюць. Такія ж трапныя і пры кіданні гранаты... Адным словам, гатовыя салдаты. Нягледзячы на юны ўзрост, любоў да армейскай тэматыкі выдаюць вочы, якія запаліліся, быццам лямпачкі, як толькі хлопцы пераступілі парог 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння.


Менавіта тут, у «сталіцы» беларускага спецназа, напярэдадні Дня спецыяльнай разведкі адбыліся спаборніцтвы паміж будучымі абаронцамі Айчыны. На некалькі гадзін мінскія сувораўцы, кадэты і выхаванцы ваенна-патрыятычных класаў з многіх гарадоў Беларусі сталі юнымі спецназаўцамі. Падчас адпрацоўкі ваенна-прыкладных нарматываў хлопцы даказвалі, хто з іх найбольш моцны, хуткі і спрытны.

— Для нашай каманды гэта не самыя складаныя выпрабаванні, — прызнаецца Глеб Лазарэнка, які прадстаўляе ваенна-патрыятычны цэнтр спецыяльнай падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі «СКІФ» (Рэчыца). — У сваёй штодзённай дзейнасці мы займаемся змешанымі адзінаборствамі, парашутна-дэсантнай і вадалазнай падрыхтоўкай, штурмавым альпінізмам, тактычнай медыцынай, вучымся страляць з аўтамата, спасцігаем інжынерную справу.

Глеб — мясцовая славутасць. У свой час хлопец стаў самым маладым парашутыстам Беларусі. У дзевяцігадовым узросце ён скокнуў з вышыні тры тысячы метраў. Праўда, з інструктарам. На рахунку Глеба — ужо сем скачкоў. А між іншым, яму толькі 16. Сваю будучыню хлопец плануе звязаць з сіламі спецыяльных аперацый.

Як расказвае кіраўнік ваенна-патрыятычнага цэнтра спецыяльнай падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі «СКІФ» Уладзімір ГАБРОЎ, выпускнікі цэнтра служаць, як правіла, або ў 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння, або ў 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе. «Сярод нашых выхаванцаў ёсць і нямала афіцэраў, кандыдаты ў майстры спорту, — удакладняе Уладзімір Габроў. — Да нас прыходзяць дзеці ва ўзросце 10 гадоў, многія застаюцца да заканчэння школы: нельга за кароткі час выхаваць добрага байца. Штогод мы пастаўляем ва Узброеныя Сілы калі няшмат, але высакаякасных дапрызыўнікаў».

— Многіх удзельнікаў конкурсу мы з задавальненнем убачылі б у сваіх шэрагах: нягледзячы на юны ўзрост, хлопцы вельмі добра падрыхтаваныя, — перакананы галоўны суддзя выпрабаванняў, намеснік камандзіра 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння па ідэалагічнай рабоце палкоўнік Аляксей ГВІЛАВА. — Мы чакаем іх на факультэце ваеннай разведкі Ваеннай акадэміі або ў Разанскім паветрана-дэсантным вучылішчы.

Спаборніцтва «Юны спецназавец» на базе 5-й брыгады арганізуецца ўпершыню. Але калі ўлічыць цікавасць моладзі да конкурсу, у перспектыве ён стане рэгулярным. Як адзначае адзін з арганізатараў мерапрыемства, кіраўнік аналітычнага цэнтра EcooM Сяргей МУСІЕНКА, было задумана пусціць дзяцей у адну з найлепшых вайсковых часцей краіны, каб яны на свае вочы ўбачылі экіпіроўку і зброю сучаснага салдата, пазнаёміліся з умовамі побыту, асабіста ацанілі падрыхтоўку вайскоўцаў. «Многія з удзельнікаў сённяшняга мерапрыемства праз год-два пойдуць служыць ва Узброеныя Сілы, таму яны ўжо сёння павінны ведаць, што іх чакае ў арміі», — лічыць ён.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Мар'іна Горка

Загаловак у газеце: Байцы да васямнаццаці

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.