Вы тут

У дызайнерскай рэчы свой кошт


У беларускай сталіцы праходзяць буйныя фэшн-мерапрыемствы, праводзяцца модныя маркеты, на якіх можна ўбачыць адзенне і ад айчынных дызайнераў. Многія з нас ужо і ведаюць, і носяць «сваё». Але ці варта нашым дызайнерам баяцца прыходу на рынак папулярных сусветных сетак адзення накшталт Zara, Bershka і іншых? Ці існуе ў Беларусі індустрыя моды? Разважаюць дырэктар подыум-школы Nagorny Model Podіum School Ніна ДРАКО, дырэктар Цэнтра Моды Ігар СЯЛІЦКІ, стыліст Валянціна КАЗАК, кіраўнік event-агенцтва, арганізатар Brands Fashіon Show Ірына НІКАЛАЕВА, дырэктар dіgіtal-агенцтва «Фабрыка брэндаў» Вольга КОРАБАВА.


— Ці варта сёння хоць бы заікацца на тэму існавання ў Беларусі індустрыі моды?

Ніна ДРАКО: Модная індустрыя ў нас ужо ёсць, яна развіваецца. Ці зможам мы стаць лідарамі? Для гэтага патрэбны гады паказаў, семінараў, лекцый, шоу. Наша агенцтва ўжо выйшла на сусветны ўзровень, аб чым яшчэ некалькі гадоў таму немагчыма было нават марыць. Большасць з нас тады думалі, што мадэлі — гэта тыя, што танцуюць у клубах. Аднак прайшлі гады, і мы ўсвядомілі, што мадэль — гэта прафесія і што гэта не заўсёды вельмі-вельмі прыгожая дзяўчына (для гэтага ёсць фармат конкурсаў прыгажосці). Мадэль — частка творчай ідэі дызайнера. Мадэльны паказ ад Людмілы Тараканавай, напрыклад — гэта эксклюзіўная работа, цікавае спалучэнне саміх мадэляў і «луку», таго вобраза, які ствараецца з дапамогай адзення.

Ірына НІКАЛАЕВА: У нас праходзяць паказы для прыватных брэндаў, ёсць пляцоўкі і рэжысёры рознага фармату для гэтых пляцовак. Ёсць і дызайнеры, гатовыя годна прадстаўляць Беларусь на сусветных подыумах. Ёсць ужо і кампаніі, у якія перараслі дызайнеры — яны прадстаўляюць сябе на замежных рынках у якасці монабрэндавых магазінаў, салонаў, буцікоў, прычым не толькі ў Расіі і Украіне. Ёсць і прафесійныя агенцтвы, прафесійныя стылісты, іміджмейкеры, развіваецца індустрыя прыгажосці. Краіну наведваюць вядомыя ў свеце моды персоны для навучання нашых дызайнераў. Сёлета мы назіраем прыток і сусветных брэндаў мас-маркету.

Ігар СЯЛІЦКІ: Я думаю, надыдзе той момант, калі і на еўрапейскіх подыумах з'явяцца імёны з Беларусі. Мы стартавалі крыху пазней у параўнанні з Еўропай і пакуль напрацоўваем колькасць людзей, занятых тэмай фэшн. У многіх штосьці пачало атрымлівацца. Аднак нам патрэбны час, каб колькасць перайшла ў якасць. І тут спатрэбяцца і лён, і наш арнамент — усё тое, што выклікае асацыяцыі з нашай краінай. А іначай можна растварыцца.

— Наколькі запатрабаваная работа айчынных дызайнераў на ўнутраным рынку?

Валянціна КАЗАК: Многія ўжо ведаюць, што беларускае можа быць і якасным, і стыльным. Нашы дызайнеры заняліся камерцыйным складнікам, пачалі маштабіравацца. У Мінску, Брэсце і Гродне ўжо досыць актыўна ствараюцца шоу-румы, дзе прадстаўлены цікавыя дызайнерскія калекцыі і практыкуецца індывідуальны падыход да кліента. Як стыліст я атрымліваю шмат прапаноў па рабоце з кліентамі, якія маюць патрэбу ў тым, каб ім стварылі закончаны вобраз. У апошні час я актыўна працую з беларускім брэндам BALUNOVA fashіon desіgn studіo, дзе можна сабраць сабе поўную «капсулу» на пэўны сезон.

Ірына НІКАЛАЕВА: Ёсць вопыт правядзення такога праекта, як «Мода фэст», — рэгіянальнага фестывалю моды і стылю, які праехаў па ўсіх абласных гарадах. Мы прыязджалі ў рэгіёны з дэманстрацыяй адзення, упрыгажэнняў, цікавай шоу-праграмай. Рэакцыя гледачоў была выдатнай, і гэта важна. Бо дызайнеры, асабліва пачаткоўцы, не заўсёды могуць данесці сваю цікавую ідэю да спажыўца. А проста стварыць прыгожую сукенку недастаткова, трэба ўмець яе паказаць і прадаць. І тут патрабуюцца свае прафесіяналы. Падобныя фестывалі вельмі дарэчы, бо працуюць і на камерцыйны складнік.

— Дызайнерская мода даступная ў рэгіёнах?

Ірына НІКАЛАЕВА: У рэгіянальных фестывалях удзельнічаюць абсалютна розныя дызайнеры, якія неабавязкова ўстанаўліваюць на свае рэчы завоблачны кошт. Важна яшчэ, што фестываль дае магчымасць наогул пазнаёміцца з творцамі, запомніць іх імёны, падпісацца на іх у сацыяльных сетках і нейкі час прыглядвацца да таго, што яны з сябе ўяўляюць. Такім чынам мода становіцца бліжэйшая.

У сталіцы тыя ж часопісы пра моду — на кожным кроку, а ў рэгіёнах мы адшукалі ў цырульнях у лепшым выпадку адзін невядома якога года выпуску. Калі паспрабавалі пакідаць там некалькі экзэмпляраў моднага глянцу, то хапала іх гадзіны на тры. Адчуваецца, што там яшчэ трэба працаваць над культурай спажывання глянцавых часопісаў, культурай стасункаў з дызайнерамі і тлумачыць, што такое мас-маркет.

— Ці шмат у Беларусі дызайнераў, якія маюць свой адметны почырк, імя?

Ігар СЯЛІЦКІ: Я магу назваць тры прозвішчы, з якімі Цэнтр Моды ўзаемадзейнічаў апошнія гады — Іван Айплатаў, Ірына Бойцік, Юлія Латушкіна. Можна назваць і яшчэ, але, каб нікога не пакрыўдзіць, я лепш скажу пра іншае. Трэба разумець, што калі вам сёння спадабаўся прадукт нейкага дызайнера, лавіце час, пакуль гэта і індывідуальна, і даступна па кошце. Бо працягнецца гэта да таго моманту, пакуль імя не прагучыць мацней. Тады гэта недарагое вырасце па цане ў некалькі разоў. Як толькі цікавае становіцца вельмі-вельмі цікавым, кошт падскоквае. Аднак той, хто хоча быць унікальным, пагаджаецца плаціць і значна больш. У іншым выпадку ёсць мас-маркет — гэта ўжо канвеер, велізарныя аб'ёмы, а значыць, гэта не пра ўнікальнасць, а пра тое, што табе, хутчэй за ўсё, спадабаецца сёння.

Ніна ДРАКО: У дарагой рэчы можа быць няпростая гісторыя. Любы дызайнер не абавязкова выдатны закройшчык, а значыць, трэба плаціць добраму закройшчыку... Далей патрабуецца абсталяванне, памяшканне, шмат чаго... І на кожным кроку немагчыма зэканоміць. Я ведаю многіх дызайнераў і магу сказаць пра іх адно: гэта бясконцыя працаголікі. І далёка не ўсе маюць магчымасць дазволіць сабе яшчэ і аўтарскі паказ. Многія адмаўляюцца ад аўтарскай калекцыі, таму што гэта дарагое задавальненне. Творчай асобе неабходна стаць гаспадарнікам. Мы па магчымасці аказваем падтрымку дызайнерам у такой справе.

— Як жа стаць бліжэйшым да спажыўца?

Вольга КОРАБАВА: Беларускі спажывец, як і любы іншы, адгукаецца на душэўнасць. Дызайнеры гэта разумеюць, а таму ідуць на кантакт праз сайты або
акаўнты ў сацыяльных сетках. Я не памылюся, калі скажу, што адзенне мас-маркета — тая ж Zara, Reserved — знаходзіцца прыкладна ў той жа цанавой катэгорыі, што і прадукцыя маладых дызайнераў, але ж апошнія прапануюць штосьці больш цікавае. Каб спажывец гэта заўважыў, неабходна прысутнічаць у віртуальнай прасторы. Калі мы гадоў пяць таму гаварылі пра гэта нашым дызайнерам, то не знаходзілі разумення. Немагчыма было ўгаварыць іх адкрыць інтэрнэт-магазін, гэта лічылася непатрэбным. А сёння мы актыўна распрацоўваем сайты для дызайнераў, і разлічаны яны ўжо, зразумела, не толькі на беларускі, але і на расійскі рынак, а тое і з англамоўнай версіяй. Сёння нашым дызайнерам прапануюць адкрываць шоу-румы ў той жа Маскве і Піцеры, але многія зразумелі, што можна абысціся без лішніх затрат і выйсці на больш шырокі рынак з дапамогай інтэрнэт-магазіна. Дастаткова прыгадаць Яўгена Бычкоўскага, які пачаў прадаваць свае сумкі менавіта праз інтэрнэт-магазін.

Ірына НІКАЛАЕВА: Праект Brands Fashіon Show, які стартаваў у сакавіку гэтага года, выдатна спраўляецца з задачай набліжэння моды да нашых людзей. Гэта была касмічная атмасфера, унікальны склад спецыялістаў, мадэляў, дызайнераў. Дзве калекцыі прадставіў і Цэнтр Моды. Ніхто да канца не верыў, што прыедзе са сваёй калекцыяй Аўтандзіл. Ён дарэчы, абяцаў вярнуцца вясной. На маю думку, беларуская публіка ацаніла нашы намаганні. А 3—4 лістапада адбудзецца другі сезон Brands Fashіon Show. Прылятаюць дызайнеры з Германіі, Італіі, ЗША. Пацвердзілі ўдзел такія брэнды, як Patrіzіa Pepe і Peserіco (Італія), Rіanі (Германія), Souk.Atelіer (ЗША), Coo Culte (Латвія), а таксама беларускія дызайнеры Ларыса Балунова (Balunova) і Юлія Латушкіна (Latushkіna). Раней для такіх дызайнераў проста не было пляцоўкі, а цяпер яна ёсць — Falcon club. Такія брэнды прыязджаюць у краіну дзякуючы ў тым ліку людзям, з якімі супрацоўнічаюць у Беларусі праз сетку буцікоў класа люкс — Патрыцыя Пэпэ, некалькі магазінаў «Пятая Авеню» і «Марселіна». Мы ўжо не баімся працаваць з брэндамі такой цанавой катэгорыі і такога ўзроўню адказнасці. Гэта і вялікі гонар, і вялікія абавязацельствы, пастаянная праверка якасці работы.

Ігар СЯЛІЦКІ: Я думаю, з боку гледачоў, патэнцыйных пакупнікоў цікавасць да чарговага фэшн-сезона будзе высокая. Калі б зала была не на тысячу месцаў, а большая, то запоўнілася б і яна. Што да магчымасцяў для развіцця, то ў сучасных дызайнераў іх дастаткова. Іншая рэч, што любы камерцыйны праект мае свае камерцыйныя рызыкі. Таленавіты дызайнер і паспяховы прадпрымальнік — не сінонімы. Табе можа здавацца, што ты пайшоў у правільным кірунку, а праз некаторы час высветліцца, што гэта было памылкай. А рэсурсы ўжо затрачаны, магчымасці выкарыстаны. Не трэба думаць, што гэта лёгкая справа. Нехта скажа: дайце нам айчынную калекцыю! Аднак некалькі гадоў таму мы выпусцілі добрую калекцыю дзіцячага адзення, рэалізаваць якое аказалася неймаверна цяжка. Урэшце змаглі дамовіцца з буйнымі ўнівермагамі, хоць і там давялося доўга чакаць свайго пакупніка, бо гэта было адзенне іншай цанавой катэгорыі, якое звычайна не трапляецца ў шырокім гандлі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Блізкая мода

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?