Вы тут

Як рыхтуюць нашы дарогі да зімы?


Набліжэнне зімы адзначана маштабнай работай над дарогамі, бо менавіта якасць такіх мерапрыемстваў дазваляе спакойна перасоўвацца па прасторах нашай краіны. Карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з першым намеснікам міністра транспарту і камунікацый Аляксеем АЎРАМЕНКАМ, каб высветліць, як рыхтуюць нашы дарогі да зімы, наколькі небяспечныя для аўтамабіляў матэрыялы, якімі пасыпаецца палатно, а таксама ці будзе павялічаны дарожны збор на платных аўтадарогах.


— Якія праблемы сёння існуюць у дарожнай сферы і як іх вырашае міністэрства?

— Сёння галоўная праблема заключаецца ў тым, што ў нас ёсць невялікі разрыў балансаў паміж будаўніцтвам і рамонтам. У чым сэнс: значныя сродкі ідуць на рэканструкцыю нашых асноўных магістраляў — маю на ўвазе ў тым ліку М6, якая звязвае Мінск і Гродна, а таксама дарогі Р58, Р23. І няма аптымальнага балансу размеркавання сродкаў паміж будоўляй і рамонтам. Пры гэтым у нас недастаткова рамонтаў, якія мы робім па краіне ў цэлым, як бягучых, так і капітальных.

У сувязі з гэтым мы пераглядалі праграму «Дарогі Беларусі», якая была нядаўна прынятая пастановай урада на 2017—2020 гады. Мы паспрабавалі ўсё збалансаваць і знайсці раўнаважную сітуацыю паміж капітальным, бягучым рамонтамі і будоўляй. Гэта асноўны прынцып, які быў закладзены ў праграму. Вось гэта я назваў бы галоўнай праблемай, якая існуе і ў найбліжэйшыя гады павінна быць вырашана. Вядома, існуюць лакальныя праблемы, якія вырашаюцца ў рабочым парадку, але я не бачу сэнсу акцэнтаваць на іх увагу.

Чаму не атрымалася знайсці баланс адразу? У апошнія гады мы ўдзялялі ўвагу рэканструкцыі нашых асноўных дарог — М4, М5, а таксама пабудавалі другую кальцавую аўтадарогу. І на названыя рэканструкцыі былі выдаткаваныя значныя сродкі, бо ў нас была глабальная задача злучыць сталіцу з абласнымі цэнтрамі. А цяпер трэба займацца астатнімі дарогамі, працягласць якіх — 15,5 тысячы кіламетраў.

— Ці гатовыя нашы дарогі да зімы, якая можа стаць самай халоднай за 100 гадоў? Якія мерапрыемствы праводзяцца з гэтай мэтай?

— У нас існуюць планавыя стандартныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы да зімы. Гэта ў першую чаргу падрыхтоўка тэхнікі і пясчана-саляной сумесі. Працуюць дыспетчарскія службы, арганізавана кругласутачнае дзяжурства. З улікам умоў надвор'я — а зараз тэмпература ноччу ўжо апускаецца ніжэй за 0 градусаў — мы апрацоўваем дарожнае пакрыццё процігалалёднымі матэрыяламі. Нічога новага не прыдумваем, працуем пясчана-саляной сумессю, а таксама чыстымі солямі. На самай справе матэрыял залежыць ад сітуацыі. З якога моманту мы пачынаем праводзіць мерапрыемствы па падрыхтоўцы да зімы? У нас многія дарогі абсталяваны аўтаматычнымі датчыкамі — гэта так званыя дарожна-вымяральныя станцыі, якія размеркаваны па ўсёй дарожнай сетцы. У залежнасці ад таго, што паказвае датчык, службы прымаюць рашэнне. Як толькі аператар бачыць, якая сітуацыя, ён дае сігнал на патрэбны матэрыял. Сістэма цалкам аўтаматызаваная, таму кожны разумее, калі і што трэба рабіць.

— Наколькі матэрыялы, якімі зімой пасыпаюць дарогі, бяспечныя для навакольнага асяроддзя, аўтамабіляў?

— Зразумела, што тэхнічная соль на метал уплывае. Ніякіх рэагентаў мы асабліва не ўжываем — гэта стандартная соль «Беларуськалія». Тут яшчэ ёсць залежнасць ад таго, з пяском яна ці не. Часам мы выкарыстоўваем толькі пясок, калі тэмпература значна апускаецца, таму што соль ужо не падыходзіць. Нашы суседзі працуюць па падобных тэхналогіях. Вось у гарадах неяк спрабуюць выкарыстоўваць нешта новае, але мы адказваем за рэспубліканскую сетку — дарогі, якія злучаюць гарады. Важна таксама памятаць, што мы закупляем матэрыял у «Беларуськалія» — мы ж пралічваем і эканамічную выгаду. Пакуль не плануем уводзіць новыя матэрыялы. Больш скажу — ніхто і не прапаноўваў нешта супастаўнае па цане і якасці з цяперашнімі матэрыяламі. Але калі нешта прапануюць, то мы гатовыя разгледзець усе варыянты. У эксперыментальным парадку можна выкарыстоўваць нейкія рэчывы, але ў цэлым нічога не зменіцца.

У гэтым аспекце мы арыентуемся на суседзяў, тую ж Расію. Зімы ва ўсіх розныя. Еўропа — у іх мяккія зімы, у каляндарным годзе мала снегу. Больш нам падыходзіць скандынаўскі досвед, дзе працуюць з фрыкцыйным матэрыялам — пясок, гранітная крошка. Але ўсе імкнуцца выкарыстаць мясцовыя матэрыялы, каб скараціць выдаткі. За ўвесь перыяд агульная патрэба пясчана-саляной сумесі — 452 тысячы тон. Чыстай солі патрабуецца 139 тысяч тон. Соль тэхнічная для падрыхтоўкі пясчана-саляной сумесі — 222 тысячы тон. Пачаць выкарыстоўваць гэтыя матэрыялы мы можам у кастрычніку—лістападзе, а скончыць — у красавіку.

— Ці плануецца павялічыць дарожны збор на платных дарогах? Наколькі гэта неабходна?

— На сённяшні момант мы ў гэтым неабходнасці не бачым, таму ў найбліжэйшы час кошт платы за праезд павялічваць не плануецца. Гэта магу сказаць адназначна. У нас ёсць зацверджаныя тарыфы. Дарэчы, яны ніжэйшыя, чым у нашых суседзяў. Мы рабілі адпаведнае эканамічнае абгрунтаванне для прыняцця рашэння. І мы палічылі, што цяпер гэта аптымальны варыянт. Нагадаю, гэта абмяркоўвалася ў 2014 годзе — тады тарыфы праіндэксавалі на 15%. Да нас звяртаюцца кіроўцы з рознымі прапановамі па аплаце праезду. Ёсць план мерапрыемстваў, які заснаваны менавіта на зваротах людзей. Так што мы прымаем меры, каб зрабіць гэтую сістэму яшчэ больш камфортнай.

— Як Беларусь можа максімальна выгадна выкарыстоўваць свой транзітны патэнцыял?

— Наша краіна — гэта своеасаблівы мост паміж Азіяй і Еўропай. Безумоўна, мы павінны выгадна выкарыстоўваць сваю перавагу ў размяшчэнні. Сёння мы прыкладаем максімальныя намаганні для таго, каб развіць нашу транспартную інфраструктуру, — гэта як аўтадарогі, так і чыгунка, лагістыка. Мы мадэрнізуем транспартныя калідоры, рэканструюем пакрыцці, працуем над павелічэннем прапускной здольнасці. Гэта шматграннае пытанне, якое ўключае ў сябе мноства аспектаў — напрыклад, прыдарожны сэрвіс. Сёння галоўнае для грузаадпраўшчыка і атрымальніка — хуткасць дастаўкі. Таму мы павінны ствараць як мага менш перашкод для руху ў любых напрамках. І зараз імкнёмся развіваць калідоры ў перспектыўных напрамках — напрыклад, маршрут «Заходняя Еўропа — Заходні Кітай».

— Які тэрмін службы новай дарогі? Ці суадносіцца ён з практыкай?

— Зараз прыступілі да будаўніцтва цэментабетонных дарог. Напрыклад, другая кальцавая аўтадарога з'яўляецца такой. І сёння гаворым пра тое, што як мінімум 25 гадоў — гэта тэрмін службы такога пакрыцця без істотных рамонтаў. Тэрмін службы асфальтабетоннага пакрыцця — каля 12 гадоў. На самай справе ў нас ёсць пэўныя дарогі, якія і 30 гадоў, і нават больш служаць. Розныя фактары спрыяюць пагаршэнню пакрыцця — інтэнсіўны рух аўтамабіляў, велікагрузаў. Сёння навука і дарожныя арганізацыі працуюць над тым, каб з дапамогай новых тэхналогій падоўжыць тэрмін службы дарог. Напрыклад, цяпер мы можам перапрацоўваць старое, разбуранае пакрыццё з дабаўкай спецыяльных матэрыялаў, пасля чаго машына кладзе новую дарогу.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Баланс для бяспечнага руху

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Алена і Сяргей Нікалаевы, а таксама іх пяцёра дзяцей усё яшчэ пад уплывам сваёй трыумфальнай перамогі.

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.