Вы тут

Кельцкі прысмак журавін


Заўтра ў сталічным батанічным садзе мае адбыцца свята. Як абяцае рэклама, размешчаная ў вагонах метро і на афіцыйным партале батсада, мінчан і гасцей сталіцы чакае «вельмі цікавае, незвычайнае мерапрыемства — кельцкае старажытнае свята восені, свята заканчэння збору ўраджаю — Самайн! Паводле звычаяў кельтаў, Самайн азначаў заканчэнне аднаго сельскагаспадарчага года і пачатак іншага — гэта тыповае сезоннае, каляндарнае свята, якое сваімі рысамі падобнае да восеньскіх свят нашых продкаў. Аддаючы даніну кельцкаму мастацтву музыкі, танца (традыцый Ірландыі і Шатландыі), на Самайне вы таксама можаце сабрацца з сябрамі і сям'ёй на вялікі фестываль з фолк-музыкай, танцамі, таямнічымі абрадамі, бітвамі старажытных воінаў, нацыянальнымі гульнямі і забавамі, адпачыць на выдатным ландшафце і набыць знакаміты і карысны прадукт ад батанічнага сада — журавіны буйнаплодныя». Арганізатары мерапрыемства абяцаюць наведвальнікам «сустрэчу з міфічнымі істотамі, паказальныя танцавальныя шоу і баявыя паядынкі, кельцкія забавы, гульні горцаў, варажбу, майстар-клас па вязанні кельцкіх вузельчыкаў, выразанні і размалёўванні фігурак з гарбуза». Будуць выступаць таксама музычныя гурты з вельмі красамоўнымі назвамі «Клуаран», «Дахадзягі Бэнд», «Усе Crazу»...


Здавалася б, можна толькі парадавацца, што ў такой у прамым сэнсе акадэмічнай установе, як Цэнтральны батанічны сад, з'явіліся крэатыўныя менеджары, якія прыдумалі ператварыць у займальнае шоу продаж ураджаю журавін, які, як відаць з рэкламы, на плантацыі батсада сёлета ўдаўся. Толькі мне асабіста радавацца не хочацца. Бо, калі адкінуць камерцыйную задуму, у голым астатку атрымаем прапаганду абсалютна чужой культуры — дзе кельты, дзе славяне. У прынцыпе, у тым, каб ведаць і шанаваць традыцыі іншых народаў, нічога заганнага няма. Але пры адной вельмі важнай у сённяшніх глабальных стасунках умове: калі добра ведаеш і шануеш традыцыі народа, да якога належыш. Мы гэту ўмову выконваем? Давайце не будзем займацца самападманам, асабліва калі размова ідзе пра «добра ведаць».

Яшчэ ведаеце, што вельмі засмучае? Усе гэтыя «дахадзягі», «сrazу» («вар'яты»), фігуркі з гарбуза, кельты, розная іншая замежная халера ды трасца, звязаная з нячысцікамі, вельмі яўна вылазіць у нас на паверхню толькі аднойчы ў год — перад Дзядамі, Бацькоўскай суботай, Задушным днём. У беларусаў розных веравызнанняў восеньскае памінанне продкаў называецца па-рознаму, але ад гэтага не мяняе сваёй сутнасці: схадзіць у храм, пасля, калі атрымаецца, — на могілкі, пасля ўсёй сям'ёй сабрацца на памінальную вячэру і ўспомніць усіх, каго ўжо няма з намі: і тых, каго ведалі і аплаквалі, і тых далёкіх прапра-, якія паклалі калісьці пачатак Роду... Якім бокам, выбачайце, да гэтага кельцкія скокі?

А кельцкія скокі для нашых масавікоў-арганізатараў — проста сякера пад лаўкай. Бо тыя ж ірландцы і шатландцы ў свой час гэту нацыянальную традыцыю вельмі ўдала раскруцілі. І цяпер варта набраць некалькі слоў у інтэрнэтаўскім пошуку — тут табе і «Самайн» (які, дарэчы, на гістарычнай радзіме называлі «святам мёртвых» — лічылася, што ў гэту ноч паміраюць людзі, якія парушылі кланавыя забароны), і «Хэлоўін» — ва ўсёй красе, з гатовымі сцэнарыямі,
з апісаннем абрадаў (іх сутнасць — справа другарадная). Бяры сабе, прыстасоўвай да беларускай рэчаіснасці, прыцягвай такім чынам наведвальнікаў у начны клуб ці пакупнікоў на буйнаплодныя журавіны, рабі шоу і грошы. Можаш нават напісаць штосьці кшталту «рысамі падобнае на свята нашых продкаў». Хто праверыць, калі свята продкаў для многіх — «зямля нязнаемая»?

Праўда, у беларускай народнай традыцыі няма свята, звязанага са зборам журавін. Пра гэта я даведалася ад Янкі Крука, аднаго з самых дасведчаных у справе беларускіх каляндарных абрадаў нашых этнографаў. Былі агульныя Дажынкі — свята збору ўраджаю. Пасля Пакроваў зямлю пакідалі ў спакоі і ўсе абрадавыя дзеянні пераносіліся ў вёску — надыходзіла пара вяселляў. Восеньскія Дзяды, а за імі Піліпаўка месца гэтых дзеянняў звужалі яшчэ больш — да асобна ўзятай хаты: надыходзіў час зацішша, пачыналіся вечары за кроснамі ды калаўротамі, з песнямі, з пераказам легендаў і казак... А пасля быў у нас і свой «Хэлоўін» — Каляды з іх маскамі, скокамі, песнямі — хіба не падобныя?..

Хтосьці скептычна ўсміхнецца: ну і як з апісанага рабіць шоу і свята, прыцягваць увагу, калі яно сумнае і нуднае, як тыя лістападаўскія вечары ці, у лепшым выпадку, агульнавядомае? Не думаю, што спрадвечныя традыцыі тых жа кельтаў былі нашмат весялейшыя — адным з галоўных рытуальных дзеянняў падчас згаданага Самайна было забіванне скаціны, якая не перажыве зіму. Але ж у кожнай традыцыі ёсць штосьці, што пры жаданні можна ператварыць у камерцыйную «фішку». Упэўнена, калі б супрацоўнікі батанічнага сада звярнуліся да сваіх калег па Акадэміі навук з Інстытута этнаграфіі і фальклору, тыя б прыдумалі штосьці цікавае, звязанае і з журавінамі, і з нашымі традыцыямі. Але ж прасцей «загугліць» у інтэрнэце...

Зрэшты, ну іх, тыя асобна ўзятыя журавіны. Галоўнае, каб такім простым і спакуслівым шляхам — прыцягнуць за вушы што-небудзь зусім не сваё, але «цікавае і незвычайнае» — не пайшлі работнікі дамоў культуры — і гарадскіх, і вясковых, на якіх правядзенне масавых свят з прыцягненнем народных традыцый сёння і трымаецца. Бо праз два-тры пакаленні толькі і будзем ведаць, што святы кельтаў, таўраў, бушменаў...

Кім пры гэтым будзем лічыць самі сябе і як называць сваю краіну — вось у чым галоўнае пытанне.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?