Вы тут

Шлях да продкаў


Бадай што самай складанай для асэнсавання з'яўляецца праблема прасторавага судакранання і часавай суаднесенасці традыцыі і навацыі. Сёння людзі ў гэтых адносінах размяжоўваюцца па полюсах. Кансерватыўная частка грамадства — часцей за ўсё гэта прадстаўнікі старэйшага пакалення — моцна трымаецца за традыцыю, у рэчышчы якой фарміраваўся і падмацоўваўся жыццёвым вопытам іх светапогляд. Кожнае новае пакаленне маладых людзей імкнецца перайначыць адпрацаваную шкалу каштоўнасцяў і будаваць жыццёвы фундамент на новых сацыяльных прыярытэтах, якія вельмі хутка перарастаюць у карпарацыйны закон. Калі штакетнік паміж вясковымі сядзібамі (там жылі прадстаўнікі старой традыцыі) быў празрыстым і фактычна існаваў толькі для таго, каб хатняя жывёла не сапсавала грады, то глухая цагляная
(або з металапрофілю) сцяна, за якой жывуць прадстаўнікі сучаснай бізнес-генерацыі, абараняе права іх уласнасці як вострава фінансава-эканамічнай велічы.


Ці магчыма памяркоўнае суіснаванне традыцыйнага і новага? Гэта пытанне, а таксама супастаўленне названых паняццяў характэрныя для ўсіх сфер жыццядзейнасці нашага грамадства. Закранаюць яны і духоўнае, і матэрыялізаванае поле народнай культуры. Сёння на вяселлі замест простай фурманкі — прыгожыя бязмерныя лімузіны; замест традыцыйнага касцюма нявесты — шыкоўная, часцей за ўсё пашытая за мяжой, сукенка, замест бабулінага каравая — цуд кулінарнага майстэрства — еўрапейскі торт і г. д. Усё зразумела: жыць трэба ў нагу з часам. Адно не дае спакою: ці сталі шчаслівейшыя нашы заручаныя пары? Часам здаецца, што тая энергія, якою Бог надзяляе на ўсё сумеснае жыццё маладых, згарае ўжо ў час падрыхтоўкі і правядзення вяселля...

* * *

Пра адну з такіх навацый у кантэксце пахавальнага абраду задае пытанне Марыя Іванаўна з г. Стоўбцы: «Я страціла сына. Пасля пахавання на магіле паставілі яго вялікі фотаздымак. Праз год мы паставілі помнік, на якім мастак выгравіраваў партрэт. Куды дзець фотаздымак? Спачатку хацела забраць дадому, але людзі казалі, што з могілак дадому забіраць нічога нельга. Як быць?»

На першы погляд, пытанне даволі простае, аднак калі ўспомніць шэраг сітуацый, звязаных з «матэрыялізацыяй» слядоў памерлага ў першы паслясмяротны год, то вымалёўваецца складаны вузел узаемасувязяў. Спачатку некалькі незвычайных гісторый аб выкарыстанні фотаздымкаў у пахавальным абрадзе, з якімі давялося сутыкнуцца на практыцы.

* Памерла бабуля, а яе дачка паклала ў труну пад падушку нябожчыцы фотаздымак свайго дзесяцігадовага сына. «Яны вельмі любілі адно аднаго. Няхай для бабулі фота ўнука будзе побач!» Не прайшло і сарака дзён, як ад паўнаватага хлопчыка засталася здань. Людзі пачалі гаварыць: «Калі фотаздымак не дастаць, будзе бяда». Труну адкапалі, фота забралі, дзіця — ажыло.

* Памерла жанчына. Яе сястра не магла знайсці фотаздымак, на якім бы нябожчыца была сфатаграфаваная адна. Яна ўзяла фотакартку, на якой яны былі ўдзвюх, і разрэзала нажніцамі. Пры гэтым на адрэзанай палавіне разам з памерлай аказаўся край яе пляча. Вельмі хутка жанчына захварэла на цяжкую хваробу, прычым ачаг хваробы аказаўся... якраз у тым плячы.

* Жонка знаёмага скульптара паскардзілася. У часы перабудовы муж аказаўся без заробку. Тады ён стаў гравіраваць партрэты на надмагільных помніках. Праз кароткі час муж так пачаў піць, што я ледзьве ўратавала яго. «Грашовую» працу прыйшлося кінуць.

Пералік прыкладаў можам пашыраць бясконца, але вынік у іх заўсёды непрадказальны і эмацыянальна негатыўны. Зноў звернемся да традыцыі. Толькі што памерлага чалавека памылі і пераадзелі, каб у «той» свет ён пайшоў «ва ўсім новым».
А для таго каб здань (або душа) памерлага не адбілася (не «сфатаграфавалася»!) побач з постацямі жывых, у хаце люстэрка тут жа пераварочвалі да сцяны. У ХХ стагоддзі трыльяжы, паліраваную мэблю, а таксама ўсё шкляное пачалі экраніраваць — закрываць тканінай белага колеру. Прычым гэта правіла характэрнае для ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Тады скажыце, калі ласка, ці не гучыць дысанансам, ці не з'яўляецца парадоксам той факт, калі мы як толькі можам перасцерагаем усё жывое, у тым ліку і жыллёвую прастору хаты ад нябожчыка (гэтага вымагае традыцыя) і тут жа самі правакуем непаразуменне: побач з памерлым ставім яго прыжыццёвы фотаздымак.

Другое непаразуменне. Адным з краевугольных камянёў беларускай народнай культуры з'яўляецца «закон рытуальнай перавернутасці» (наша аўтарская назва). Адзін з яго яскравых прыкладаў: калі на святочны стол абрус мы засцілаем правым бокам, то на жалобны яго кладуць перавернутым, левым бокам.

Гэты ж «закон» «разводзіў» па розных полюсах свет жывых і «іншасвет» памерлых: на памінальным стале нябожчыку чарку адлівалі («ад сябе», цераз руку, «наводліў»), жывым налівалі ў кірунку «да сябе». Менавіта таму рамкі з партрэтамі жывых віселі на сцяне вертыкальна (гэтак як мы ходзім), а вось рамкі з партрэтамі памерлых калісьці мацаваліся пад нахілам ад сцяны (яны быццам з нябёсаў глядзяць на нас). Успомніце, як мацаваліся партрэты А. С. Пушкіна, Л. М. Талстога і іншых класікаў літаратуры ў савецкіх школах.

Яшчэ адным непаразуменнем з'яўляецца сучасная мода фатаграфаваць памерлага і запісваць на відэа абрад пахавання. Тут, калі хочаце, разгортваецца адваротны ход дзеянняў: нябожчыка «вяртаюць» назад у хату — зону жывых.

Усё перамяшалася ў нашым жыцці: на могілкі прыносім «жывыя» кветкі, а свой дом аздабляем «нежывымі» букетамі, вянкамі...

На жаль, не хочам мы прыслухоўвацца да слоў, якімі далёкія продкі прамаркіравалі наша наваколле і акрэслілі характар узаемаадносін з ім. Месца пахавання памерлых называюць магілай (успомніце сённяшні слэнг: абяцанне захаваць тайну — «магіла») або «клады», кладаўё (руск. кладбище) — г. зн. «клад», які не даваўся ў рукі абы-каму. Надзвычай празрыстую семантыку мае рускае слова «погост» — месца, куды можна схадзіць у госці (пагасціць) да памерлых. А калі вярталіся дадому пасля такога «гасцявання», то перад парогам (!) абавязкова мылі рукі.

* * *

Такім чынам, давайце расстаўляць усё па сваіх месцах, зразумела, з улікам сучасных навацый.

* Калі вы вырашылі паставіць побач з нябожчыкам партрэт, зроблены з яго прыжыццёвага фотаздымка, то зрабіце яго толькі ў адным экзэмпляры.

* Далей гэты партрэт разам з вянкамі і іншымі пахавальнымі атрыбутамі будзе занесены на магілу. Роўна праз год будзе ўзведзены помнік, а фотаздымак, як і драўляны крыж, неабходна знішчыць, г. зн. назаўсёды пакінуць на магіле (або спаліць, або падзахаваць (!) на глыбіні 30—40 см).

* Не пакідайце фота, перавязанае чорнай стужкай, у хаце. Зразумейце адно: калі мы на працягу года ладзім памінальныя сталы ў адпаведнасці з універсальным рытмам 0 — 3 — 9 — 40 — 1 год, то гэта значыць, што з душой памерлага ў гэтыя ж дні нешта адбываецца. Калі сказаць адным словам, то душа знаходзіцца на шляху пераходу з зямнога жыцця ў нябеснае існаванне. Але ж фота чалавека — гэта яго двайнік, які працягвае сваё зямное існаванне. І мы перашкаджаем душы нябожчыка знайсці вечны спакой.

* Па фотаздымку можна дыягнаставаць хваробы чалавека, некаторыя экстрасэнсы сцвярджаюць, што фота можа быць і каналам лячэння. У такім разе фота чалавека, які памёр, на працягу таго ж года з'яўляецца моцным біявампірам, якраз таму яго нельга трымаць адкрытым ды яшчэ на самым відным месцы. Таму добрая парада: на працягу першага пасля смерці года ўсе прыжыццёвыя фотаздымкі памерлага сабраць і схаваць у асобнае месца.

* Лепш не фатаграфаваць нябожчыка ў труне і не захоўваць такія фотаздымкі дома. Фатаграфіі робяць дзеля таго, каб зафіксаваць самае лепшае і прыемнае з нашага жыцця. А хто будзе пераглядаць фотаздымкі з пахавання?

* Разам з тым рабіць фота на могілках дазваляецца роўна праз год з дня пахавання, таму што менавіта праз год энергетыка месца пахавання прынцыпова змяняецца.

Дыялог з продкамі быў пастаянным каналам зносін, у тым ліку і абрадавым. Аднак ён патрабаваў прытрымлівацца стагоддзямі выпрацаванага рэгламенту. Калі вы ставіцеся да продкаў з павагай, шанаваннем, разуменнем, то і «свет» памерлых ніколі не пакрыўдзіць вас. За дабро дабром плацяць!

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».