Вы тут

Амерыканец — аб менталітэце беларусаў, Мінску і суровых зімах


Злучаныя Штаты Амерыкі бачацца многім беларусам як астравок нябеднага і шчаслівага жыцця — нездарма тысячы нашых грамадзян штогод падаюць заяўкі на ўдзел у знакамітай латарэі «Грын кард», актыўна вывучаюць англійскую мову і мараць пра тое, каб убачыць Статую Свабоды. Кені Курата — гэта адваротны прыклад: амерыканец японскага паходжання, які мог усё жыццё атрымліваць асалоду ад пляжаў Каліфорніі, адправіўся ва Усходнюю Еўропу, каб вывучыць мясцовую культуру і рускую мову. Пасля вучобы ва ўніверсітэце ён уступіў у «Корпус міру» і з'ехаў ва Украіну, дзе выкладаў англійскую. Калі служба скончылася, Кені адправіўся ў вялікае падарожжа і паспеў пажыць у Турцыі, Казахстане, Расіі, Японіі — сваёй гістарычнай радзіме, а цяпер пасяліўся ў Беларусі, дзе працуе выкладчыкам англійскай мовы. Сваімі назіраннямі аб нашай краіне ён падзяліўся са «Звяздой». Далей — аповед Кені Кураты.


Самая вялікая праблема — холад

Калі я сабраўся сюды, мае рускія сябры казалі, што Беларусь — самая савецкая краіна з усіх рэспублік былога СССР. Іншыя роst-Sоvіеt дзяржавы становяцца ўсё больш і больш капіталістычнымі, пакідаючы сваё савецкае мінулае. І калі я прыехаў сюды, я адчуў, што Беларусь сапраўды значна адрозніваецца ад Расіі і гэта зусім нядрэнна. Маю на ўвазе, што ў Маскве ўсё адбываецца вельмі хутка, усе занятыя, усе кудысьці спяшаюцца, каб зарабіць больш грошай. У гэтым сэнсе, дарэчы, Масква вельмі падобная на той жа Нью-Ёрк і Лос-Анджэлес. Мінск — расслаблены і марудлівы. Што мне вельмі ў ім падабаецца — гэта вялікі горад, але адчуваецца ён маленькім. Нягледзячы на два мільёны жыхароў, тут вялікія зялёныя паркі і зручна ездзіць на веласіпедзе, займацца спортам, проста гуляць. Мяне дзівіць, што, калі трохі паглыбіцца ў парк Чалюскінцаў, то не будзе чуваць аўтамабіляў, — хоць цэнтральны праспект горада літаральна за некалькі дзясяткаў метраў!

Акрамя таго, у Мінску сапраўды зручна жыць і перамяшчацца — у Маскве я толькі ў метро ехаў 45 хвілін, каб дабрацца да работы. Вядома, тут усё інакш.

З якімі праблемамі я сутыкнуўся, калі прыехаў у Мінск? Самая вялікая праблема — гэта тое, што беларускія зімы ўсё яшчэ занадта халодныя для мяне. У Лос-Анджэлесе няма снегу наогул, там яго ўспрымаюць як нейкую забаўку — ты можаш адправіцца ў горы і пакачацца ў снезе. Таму зіма — гэта вялікае выпрабаванне для мяне, асабліва ўлічваючы тое, што я езджу на веласіпедзе. А вось нейкіх іншых праблем не магу назваць.

Сур'ёзна, у Беларусі бяспечна і камфортна. Тое, што ў Мінску шмат хто не ведае англійскую мову, не праблема для мяне, я ж гавару па-руску! Акрамя таго, я жыў ва Украіне і Расіі, таму быў падрыхтаваны да вашай культуры. Дарэчы, Мінск — гэта выдатнае месца, каб займацца спортам. Я гуляю ў фрысбі, бегаю і плаваю.

Больш важнае тое, што ўнутры

Мне падабаецца, што ў Мінску лёгка заводзіць сяброў. Калі знаёмлюся з нейкім чалавекам, то потым пачынаю размаўляць з усёй кампаніяй. Акрамя таго, у той жа Маскве вельмі шмат замежнікаў, а тут замежныя грамадзяне да гэтага часу ў навінку. І ёсць беларусы, якія вельмі хочуць завесці сабе сяброў сярод людзей розных нацыянальнасцяў.

Тое, што людзі тут рэдка ўсміхаюцца, не навіна для мяне, бо я сутыкаўся з гэтым і ў Расіі, і ва Украіне. Але хачу адзначыць, што ў Беларусі ўсміхаюцца часцей.

Акрамя таго, да прыезду сюды я чуў, што ў Беларусі ў людзей вялікія праблемы з алкаголем, аднак я не бачу гэтага наогул. Я бачыў п'яных людзей а 10-й раніцы ў будні дзень у іншых краінах. Больш за тое, я падарожнічаю па Беларусі — быў ва ўсіх абласцях, у Калінкавічах, Мазыры, Пінску, Вілейцы, Маладзечне, Полацку — і нідзе не бачыў п'яных.

Калі б я не гаварыў па-руску і не быў знаёмы з культурай постсавецкіх краін, то, напэўна, адчуваў сябе не так камфортна. І мне здаецца, што інфраструктура для турызму трошкі не дацягвае да належнага ўзроўню.

Што здзівіла? Гэта датычыцца ўсіх рускамоўных краін, дзе я бываў: усе вашыя шматпавярховыя дамы выглядаюць шэрымі і непрывабнымі. Але калі ты трапляеш унутр, ты бачыш кватэру і захапляешся яе індывідуальнасцю, нейкім цяплом. Гэта па-добраму здзівіла. У Амерыцы наадварот: кожны спрабуе паказаць, як у яго ўсё добра, таму ўсе дамы звонку выглядаюць вельмі прыгожа. Унутры ўсё таксама даволі сімпатычна, але для амерыканцаў знешняе ўладкаванне важнейшае, чым унутранае.

Мне вельмі падабаецца беларуская мова, і я хацеў бы яе вывучаць. На жаль, гэта не так проста, таму што амаль усе тут гавораць па-руску.

Што датычыцца заробкаў, то ведаю, што тут яны невысокія. Напрыклад, мой брат, які вучыцца ў амерыканскім універсітэце, зараз атрымлівае больш, чым я тут. Але, ён і выдаткоўвае значна больш. Дарэчы, калі я жыў у Японіі, мая зарплата была ў тры разы большая, чым цяпер. І гэта яшчэ адзін момант пра жыццё ў Беларусі: я адчуваю сябе камфортна з заробкам крыху вышэй за сярэдні, хоць з вельмі высокім для беларусаў заробкам у Японіі я ўсё роўна быў на ўзроўні ніжэй за сярэдні. У Японіі я ўвесь час адчуваў сябе бедным і хацеў есці —там вельмі маленькія порцыі. А яшчэ там я сам плаціў за кватэру. І яна была не самай камфортнай: у адным маленькім пакоі размяшчаліся кухня і ложак,
у другім — санвузел.

Я не думаю аб куплі аўтамабіля, бо ў мяне ёсць веласіпед. Кватэрнае пытанне таксама мяне не цікавіць, паколькі мая арганізацыя арандуе мне жыллё — гэта вялікі плюс маёй работы, паколькі я магу не думаць пра выдаткі на жылплошчу, электрычнасць і газ.

Усё-такі мы розныя

Нельга сказаць, што ёсць нейкія агульныя рысы для кожнага народа. Людзі розныя — як амерыканцы, так і беларусы. Але ёсць адна рыса: беларусы, рускія і ўкраінцы — вельмі канкрэтныя, прамалінейныя людзі, у адрозненне ад амерыканцаў. Апошнія могуць доўга абмяркоўваць нешта, пры гэтым не называючы сапраўднай мэты гутаркі. Гэта значыць, амерыканцы спрабуюць зразумець схаваны сэнс тых ці іншых слоў — дарэчы, гэта актуальна і для японцаў, якія ніколі не скажуць нічога дрэннага табе ў твар, але калі ты сыдзеш, яны могуць сказаць шмат непрыемнага.

Амерыканцы — не такія ўжо ветлівыя людзі. Так, яны шмат усміхаюцца, пытаюцца, як твае справы, але на самай справе іх гэта не вельмі хвалюе. Нават калі яны не хочуць быць прыязнымі, яны ўсё роўна будуць сябе так паводзіць. Пры гэтым унутры яны зусім не такія, якімі іх лічаць.

Што я буду рабіць далей? Зараз спрабую здаць спецыяльны экзамен, які дазволіць мне працаваць у амерыканскім пасольстве. І калі ў мяне атрымаецца, то мяне могуць адправіць куды заўгодна.

Запісаў Уладзіслаў Лукашэвіч

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Цяжкасці перакладу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?