Вы тут

Савет па развіцці прадпрымальніцтва пачаў работу ў новым складзе


Члены Савета па развіцці прадпрымальніцтва правялі першую сустрэчу ў адноўленым складзе на дыялогавай пляцоўцы Савета Міністраў. Больш за 60% складу Савета — людзі, якія раней не прымалі ў ім удзел. Сустрэча — цеснае знаёмства адно з адным. Нагадаем, што згодна з Указам Прэзідэнта №370, які быў падпісаны 10 кастрычніка, абноўлены суб'ектны склад Савета. У яго ўвайшлі прадстаўнікі малога, сярэдняга і буйнога бізнесу, занятыя ў розных сферах эканамічнай дзейнасці, — усяго 26 чалавек. Сярод іх вядомыя ў краіне бізнесмены, прадстаўнікі дзяржустаноў, кіраўнікі бізнес-аб'яднанняў. І нягледзячы на тое, што пасяджэнне ў большай ступені насіла арганізацыйны характар, яго ўдзельнікі ўжо паспелі акрэсліць тыя напрамкі, па якіх яны будуць працаваць у найбліжэйшы час.


Старшыня Савета, кіраўнік Апарату Савета Міністраў Аляксандр Турчын адзначыў, што орган па развіцці прадпрымальніцтва сёння адзіны ў краіне, які створаны пры Прэзідэнце. А гэта ў сваю чаргу накладвае высокую адказнасць на прыняцце рашэнняў. Так плануецца, што адноўлены склад будзе больш цесна ўзаемадзейнічаць з урадам. Акрамя таго, указам Прэзідэнта пашыраны і яго паўнамоцтвы.

«Думаю, што праблемныя пытанні, якія патрабуюць хуткага рашэння, будуць больш аператыўна абмяркоўвацца з урадам. Мая пасада кіраўніка Апарату Савета Міністраў дазваляе працаваць з міністрамі, віцэ-прэм'ерамі, звяртацца да прэм'ер-міністра», — паведаміў Аляксандр Турчын. Таксама ён лічыць, што неабходна адрадзіць Саветы па развіцці прадпрымальніцтва ў рэгіёнах. Бо менавіта малы і сярэдні бізнес дапамагае там ствараць працоўныя месцы, забяспечваць занятасць і паступленне падаткаў у бюджэт. «Мы павінны ведаць, што хвалюе прадпрымальнікаў на месцах, каб разумець, якія рашэнні трэба прымаць», — лічыць Аляксандр Турчын.

Задачай Савета па развіцці прадпрымальніцтва таксама будзе з'яўляцца ўдасканаленне заканадаўства, якое рэгулюе работу бізнесменаў. Плануецца, што орган будзе працаваць са зваротамі прадпрымальнікаў для вырашэння канкрэтных пытанняў. Акрамя таго, праводзіць пасяджэнні Савета плануецца не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах. На думку Аляксандра Турчына, гэта дапаможа ў вырашэнні праблем бізнесу, якія ўзнікаюць на рэгіянальным узроўні.

Па словах старшыні Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандра Швеца, работу Савета можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі. «Адна з іх — тая работа, якая фактычна ўжо зроблена, — унясенне змяненняў у дакументы па лібералізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, ліквідацыі перашкод, у тым ліку для вырашэння пытання самазанятасці. Пасля прыняцця ўказаў і дэкрэта аб развіцці прадпрымальніцтва многія пытанні будуць знятыя. У другой частцы на першы план будзе выходзіць пытанне правапрымяняльнай практыкі. Мы бачым, што ўзровень даверу да эканамічных судоў адносна невысокі. Для гэтага патрабуецца дыялог з судовай сістэмай. Пытанні правапрымяняльнай практыкі будуць найважнейшымі», — падкрэсліў Аляксандр Швец.

Дзякуючы таму, што членамі Савета з'яўляюцца людзі, занятыя ў розных сферах эканамічнай дзейнасці, у іх ужо сфарміраваны шырокі спектр пытанняў, адказы на якія паспрыяюць паляпшэнню клімату для прыватнага бізнесу. Так, напрыклад, дырэктар і сустаршыня праўлення Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М. С. Куняўскага Жанна Тарасевіч адзначыла, што адна з яе прапаноў датычыцца Указа №488 «Аб некаторых мерах па папярэджанні незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў»: «Мы будзем прапаноўваць унесенне туды змяненняў. Перш за ўсё яны датычацца пакарання, прыняцця мер уздзеяння толькі пасля таго, як суб'ект быў унесены ў рэестр ілжэпрадпрымальніцкіх структур. Думаю, будуць разглядацца і іншыя прапановы ў дачыненні да самой працэдуры прызнання лжэпрадпрымальніцкай структуры, унясення кампаніі ў адпаведны рэестр і выключэння з яго». На думку Жанны Тарасевіч, яшчэ адно важнае пытанне — удасканаленне падатковай палітыкі: «Мы збіраемся абмеркаваць праект змяненняў у новы Падатковы кодэкс, які прапануецца Мінфінам і МПЗ. Думаю, гаворка будзе ісці аб абавязковых сацыяльных адлічэннях, гэта значыць аб пераразмеркаванні нагрузкі паміж наймальнікамі і работнікам, зніжэнні падатковай нагрузкі за кошт перагляду рознага роду падаткаў, хутчэй за ўсё, будзе закранацца і тэма не падатковых, але абавязковых плацяжоў для прадпрыемстваў».

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Кансалідацыя на карысць клімату

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.