Вы тут

VKL3D: Людзі і руіны


VKL3D: Людзі і руіны

У школьныя гады мяне вельмі забаўляла, калі на ўроках гісторыі нам казалі пра Беларусь як пра «краіну замкаў». Краіна была — я ў ёй жыў, быў яе грамадзянінам, хай сабе і няпоўнагадовым, а вось замкі дзе?

У Мірскі ездзілі класе ў першым, ён тады быў не такі модны, як цяпер. Потым у Нясвіжскі — той тады яшчэ наогул або быў санаторыем, або рыхтаваўся да рэстаўрацыі — шчыра кажучы, слаба памятаю. Дакладна адклалася ў памяці адно: унутр будынкаў не пускалі. Толькі калі пагуляць па тэрыторыі, каб паслухаць экскурсаводку —яе страшныя апавяданні. Але ў Дзеда Мароза я ўжо тады не верыў, то чаму мне трэба было верыць ва ўсе гэтыя страшылкі? Кожнае лета прыкладна такое ж распавядалі старэйшыя ў летніку ля вогнішча. Мяне больш цікавілі замкі, якіх не было…

Потым я вырас, пачаў цікавіцца гісторыяй, паступіў на гістарычны факультэт. Разам з вывучэннем айчыннай і замежнай гісторыі — мая спецыяльнасць — прыйшло разуменне таго, што ў нас вельмі няпростая і вельмі закручаная мінуўшчына. Канешне ж, не самая драматычная ў свеце, як часам яе спрабуюць выставіць некаторыя, але і не самая простая. Я ўвесь час здзіўляюся, чаму Галівуд там, а не тут? Гатовыя сцэнары літаральна пад нагамі валяюцца. Бяры — пішы — здымай. Можна нават нічога не прыдумляць, і так нармальна пойдзе. Прычым і з жанрамі праблем няма: баевікі, фэнтэзі, жахліўцы, трылеры, дэтэктывы. На любы густ!

Але ж пакручастая мінуўшчына патрабуе і ахвяр. За ўсё, як вядома, трэба плаціць. У тым ліку і за драматызм. Шматлікія нашы замкі ды палацы, а таксама іншыя старасвецкія будынкі не перажылі ўсіх тых катаклізмаў, якія не раз прайшліся па нашай зямлі. Да пачатку ХХ стагоддзя, калі пачалося беларускае Адраджэнне, яны дайшлі ў выглядзе руін. Каб пераканацца ў тым, дастаткова пагартаць хаця б «Кароткую гісторыю Беларусі» Вацлава Ластоўскага, што пабачыла свет у легендарнай віленскай друкарні Марціна Кухты ў 1910 годзе. Значны даробак унеслі таксама дзве сусветныя вайны і рэвалюцыя.

Памятаю, як на першым уроку інфарматыкі настаўніца накрэсліла на дошцы фразу: «Хто валодае інфармацыяй — той валодае светам». Далей ішоў расповед пра тое, што мы пакрысе ўваходзім у эпоху постіндустрыяльнага грамадства, дзе асноўная каштоўнасць — гэта інфармацыя. То бок, камп’ютарныя тэхналогіі. Выглядала гэта тады, як сапраўдная фантастыка.

Па вялікім рахунку, зараз ужо няма сэнсу высвятляць, як так сталася, што нашы замкі ды палацы апынуліся ў руінах. Бо спрэчкі на гістарычныя тэмы ні да чаго, як правіла, не прыводзяць. Лепш зрабіць нешта важнае пры дапамозе сучасных тэхналогій, якія дазваляюць, напрыклад, аднаўляць замкі.

Гэтым і заняўся мой даўні знаёмы Ахрэм Белабровік прыкладна пяць гадоў таму, калі ў адзіночку распачаў культурна-асветніцкі і навукова-папулярны арт-праект «VKL3D.com». Асноўная яго мэта — аднавіць знешні выгляд значных гістарычных мясцін, каб можна было пабачыць на ўласныя вочы, як выглядала наша Радзіма стагоддзі таму. Ахрэм мяркуе, што «адзін вобраз лепш за тысячы слоў распавядзе і здолее давесці атмасферу магутнай краіны замкаў і палацаў». Сваё прызванне ён бачыць у тым, каб «адрадзіць веліч і дух той эпохі праз яе архітэктуру». Прасцей кажучы, каб мы наглядна ўяўлялі тое, чым нам варта ганарыцца.

Першым быў «рэканструяваны» Крэўскі замак, вядомы любому школьніку найперш як месца смерці Вялікага літоўскага князя Кейстута і падпісання знакамітай Крэўскай уніі. Падчас Першай сусветнай вайны замак трапіў пад моцны абстрэл, паколькі тут знаходзіліся нямецкія пазіцыі. Гэта яго дабіла…

Мне асабіста даводзілася бачыць тое, што засталося ад замка, але, па праўдзе кажучы, ніякіх станоўчых эмоцый не выклікала — сцены, трава, дошкі. Цяжка ўявіць, што некалі тут было жыццё. Але дзякуючы праекту VKL3D можна цяпер без праблем убачыць 360-градусную панараму замка і агледзець яго з усіх бакоў.

Невясёлыя эмоцыі выклікаў у мяне і Гальшанскі замак, калі я ўбачыў яго ўпершыню. Захаваўся ён, безумоўна, значна лепш, чым Крэўскі, але ўсё адно гэта ўжо руіны. Замак у Гальшанах быў другім ў планах Ахрэма па 3D-рэканструкцыі. З прычыны выкарыстання больш дасканалых тэхналогій ён атрымаўся нашмат лепшым за Крэўскі. Тут была выпрабавана магчымасць большага «эфекту прысутнасці» за кошт аб'ёмнага стэрэапрагляду, які стаў магчымым з дапамогай тэхналогіі SAMSUNG Gear VR.

«Сцэны з замкамі адбудоўваюцца ў некалькіх трохмерных праграмах і пралічваюцца на трох камп’ютарах. Сёння разам з засваеннем тэхналогій віртуальнай рэальнасці шмат што прыходзіцца вывучаць дадаткова, у некаторых выпадках — нават дыяметральна супрацьлеглае папярэднім ведам і навыкам. А з-за таго, што тэхналогія дастаткова новая, яна мае даволі мала інструкцый і навучальных матэрыялаў — даводзіцца перыядычна вучыцца метадам спроб і памылак», — кажа Ахрэм пра сваю працу.

Дзеля ажыццяўлення гэтага праекта ён нават кінуў ранейшую працу ў ІТ-індустрыі, каб цалкам прысвяціць сябе аднаўленню нашай мінуўшчыны. Хай сабе і ў лічбе, але нашай спадчыне, дзякуючы дбанням Ахрэма, даецца другое, гэтым разам ужо вечнае жыццё. Ніхто яе не здолее ўжо зваяваць або разбурыць.

«Шмат часу пайшло на пошук спецыялістаў па гісторыі і архітэктуры,  гатовых таксама бескарысліва ахвяраваць сваім часам, апрацоўку інфармацыі, падбор кампанентаў рабочых станцый ды прыцірку праграмнага забеспячэння. У 2014 годзе пабачыў свет Крэўскі замак, а цяпер нарэшце скончана карпатлівая праца над Гальшанскім», — гаворыць Ахрэм пра складанасці, з якімі сутыкнуўся падчас працы.

Вынікі працы Ахрэма Белабровіка можна пабачыць на адмысловай выставе «Апыніцеся ў сэрцы гісторыі», якая пачала працу 29 жніўня ў Нацыянальным гістарычным музеі. Акуляры віртуальнай рэальнасці Samsung Gear VR даюць мажлівасць наведнікам убачыць усё былое хараство двух амаль цалкам разбураных замкаў. Прычым так, што рэальна дух захоплівае. А найбольш зацікаўленыя і неабыякавыя могуць яшчэ і далучыцца да каманды Ахрэма праз аднайменны сайт або скантактаваўшыся з аўтарам праз паблікі праекта ў сацыяльных сетках «УКантакце» і Facebook.

Канстанцін Касяк

Каментары

Дай бог тебе Ахрэм здоровья

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».