Вы тут

Пульс старадрукаў


Дзе даследчыкаў чакаюць знаходкі?

Беларускія старадрукаваныя выданні захоўваюцца ў розных бібліятэках свету, у тым ліку і электронных. Найбольш вядомыя рэсурсы, дзе прадстаўлены беларускія друкаваныя кнігі ХІІІ — сяр. ХХ стст., — Еўрапейская лічбавая бібліятэка Еўрапеяна, Сусветная лічбавая бібліятэка і электронная бібліятэка «Залатая калекцыя Еўразіі» — праект Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі. Дзе па свеце рассыпаны старадрукаваныя выданні беларускага паходжання? Пошукі працягваюцца. З некаторымі адкрыццямі падзяліліся падчас Міжнароднага кангрэса «500 гадоў беларускага кнігадрукавання» ў НББ.


У Новасібірску

 У адным з прыватных збораў Новасібірска знойдзены Часоўнік, па шэрагу прыкмет тоесны Часоўніку Мсціслаўца 1574 — 1576 гг., распавёў Андрэй Барадзіхін, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Дзяржаўнай публічнай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук. Першы Часоўнік выбітнага беларускага друкара П. Ц. Мсціслаўца быў выдадзены ў Вільні на сродкі Мамонічаў у 1574 — 1576 гг. Знойдзены новасібірскі экзэмпляр Часоўніка Мсціслаўца, дзе не захаваўся пачатак і канец, па друкарскіх прыкметах (шрыфт, афармленне, шчыльнасць друку, папера) Барадзіхін схільны аднесці да адной з апошніх работ Пятра Мсціслаўца.

У Кіеве

У Навуковай бібліятэцы імя М. Максімовіча Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі (НБ КНУ) маецца 19 экзэмпляраў, якія прадстаўляюць 16 розных выданняў беларускіх друкарань, у тым ліку віленскіх, паведамілі дырэктар НБ КНУ Алег Сербін і бібліятэкар аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Дзмітрый Лукін. Два з трох экзэмпляраў кірылічнай кнігі XVI ст. адносяцца да віленскіх выданняў П. Мсціслаўца. Асаблівая каштоўнасць — «Псалтыр» 1576 г. Яшчэ — «Служэбнік» 1727 — 1732 гг. уніяцкай супрасльскай друкарні. З выданняў XVII ст. тры — віленскія, тры — куцеінскага Богаяўленскага манастыра (5 экз.), два — магілёўскага Богаяўленскага брацтва, друку М. Вашчанкі (3 экз.). «Евангелле вучыцельнае» Кірыла Стаўравецкага прызнана магілёўскім выданнем 1697 г. друку М. Вашчанкі (у выніку пераатрыбуцыі), адзначылі Алег Сербін і Дзмітрый Лукін. Па меркаванні даследчыкаў, «Апостал» і «Лимонарь», што пабачылі свет пры садзейнічанні Спірыдона Собаля, надрукаваны ў 1630-х гг. менавіта на тэрыторыі Беларусі (нягледзячы на тое, што ў выходных даных згадваецца Кіеў).

Значная частка знойдзеных беларускіх кніг належала калекцыі маскоўскага купца Мікалая Маклакова (Евангелле 1575 г. (Вільня, друкарня Мамонічаў, друк П. Мсціслаўца); Псалтыр 1780 г. (Вільня, друкарня Троіцкага манастыра); Катэхізіс 1783 г. (Гродна, друкарня А. Тызенгаўза)), некаторыя выданні — са штампам бібліятэкі Кіева-Пячэрскай Лаўры (Псалтыр 1576 г. і 1600 г. (Вільня, друкарня Мамонічаў, друк П. Мсціслаўца)). Збор каштоўны, бо мае асобнікі ранніх выданняў XVI — XVIIІ стст.

У Берліне

У 1950 годзе ў г. Марбургу (Германія) быў створаны спецыяльны аддзел для камплектавання літаратуры з краін Усходняй Еўропы. Да 1990 года калекцыя ўсходнеславянскай літаратуры вырасла ад 50 000 да 330 000 тамоў, распавяла даследчыца Хаман Олаф з Берліна. Нядаўна завершаны праект канверсіі гістарычнага сістэматычнага каталога бібліятэкі ў электронную форму «ARKonline». Каталог змяшчае калекцыю з 1501 па 1955 г. выдання.

Найбольш старое беларускае выданне ў Дзяржаўнай бібліятэцы ў Берліне, адзначанае ў электронным каталозе, — Брэст-Літоўская Біблія 1563 г. Яе набылі ў канцы 1930-х у працэсе кнігаабмену з СССР. Потым экзэмпляр не вярнуўся з эвакуацыі падчас Другой сусветнай вайны. Але ў 1998 г. ён быў знойдзены ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве.

У электронным каталозе Дзяржаўнай бібліятэкі ў Берліне ёсць некалькі тытульных запісаў выданняў з друкарні Богаяўленскага Куцеінскага манастыра пад Оршай. Як адзначыла Хаман Олаф, не захавалася выданне Новага Запавету 1652 г., два экзэмпляры Лексікона славенароскага П. Бярынды 1653 г. Затое захавалася выданне Іаана Дамаскіна «Историа албо правдивое выписанье святого Иоанна Дамаскина о житии святых преподобных отец Варлаама и Иоасафа и о наверненю индиян» Варлаама і Іаасафа 1637 г. Яго алічбавалі і прадставілі ў электроннай бібліятэцы для агульнага карыстання.

У Маскве

Выданне Іаана Дамаскіна «Истории» Варлаама і Іаасафа 1637 г. ёсць і ў Маскоўскім дзяржаўным аб’яднаным музеізапаведніку (Каломенскае — Ізмайлава — Любліна). Гэта выданне перакладзена на беларускую мову іераманахам Іасафарам Палоўкам і надрукавана ў друкарні Куцеінскага Богаяўленскага манастыра ў 1637 г., што была заснавана вядомым беларускім друкаром Спірыдонам Собалем. У музей кніга паступіла з падмаскоўнага Нікола-Угрэшскага манастыра, паведаміла захавальнік гэтага музея Святлана Князева (у фондзе захоўваюцца таксама стараабрадніцкія выданні Гродзенскай друкарні канца XVIIІ ст). Другое выданне беларускага друку — кніга ўсходнеславянскага прапаведніка і філосафа XVII ст. Кірыла Транквіліёна-Стаўравецкага «Евангелле вучыцельнае», надрукаванае ў Магілёве ў друкарні Максіма Вашчанкі ў 1697 г. І трэцяе выданне — «Перло многоценное» Кірыла Транквіліёна-Стаўравецкага, надрукаванае ў Магілёве ў друкарні Максіма Вашчанкі ў 1699 г. Кніга трапіла ў музей з НіколаУгрэшскага манастыра. Такім чынам, у фондзе музея-запаведніка захоўваюцца тры выданні беларускага друку XVII ст.

У Вільнюсе

У Бібліятэку імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы (БУАНЛ) большасць кірылічных кніг паступіла з Літоўскай духоўнай семінарыі. Бібліятэка Літоўскай духоўнай семінарыі была заснавана ў 1828 г. у Жыровіцкім манастыры, потым бібліятэку перавезлі ў Вільнюс. Сюды з бібліятэк акадэмій навук Масквы і Санкт-Пецярбурга паступіла шмат кірылічных кніг. Таму бібліятэка Літоўскай духоўнай семінарыі стала буйной захавальніцай кірылічных кніг у Вільнюсе.

Шмат выданняў кірылічнага збору БУАНЛ паходзіць з былога ўніяцкага цэнтра — Жыровіцкага манастыра (тут быў цэнтр славянскай кніжнасці ВКЛ). Кнігі з Жыровіцкага манастыра пазначаны асабліва, распавяла бібліёграф БУАНЛ Энрыка Блікертайтэ: з пачатку выдання прасочваецца запіс ад рукі па ніжнім краі аркушаў: «Сия книга ест з библиотеки монастира Жировицкого чину Василиа Великаго».

Ёсць у зборы БУАНЛ кнігі, што паступілі з Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, створанага ў Вільнюсе ў 1921 г.: Казанье святого Кирилла (Вільня, 1596), Евангелле (Масква, 1606), Псалтыр (Вільня,1623), Беседы на деяния святых апостол (Кіеў, 1624), Трыёдзь посная (Масква, 1650) і інш. У 1945 г. музей быў закрыты, а кнігі перадалі ў бібліятэку Акадэміі навук Літоўскай ССР. Ёсць звесткі, што ў музеі Луцкевіча была калекцыя рукапісаў і рэдкіх кніг, сярод якіх — частка Бібліі, надрукаванай у друкарні Скарыны ў Празе (Книги четвертые Моисеевы, зовемые Числа (1519)), а таксама Статут ВКЛ 1588 г.

На Рускай Поўначы

Значная колькасць беларускіх кніг XVI—XVII стст. звязана з Рускай Поўначчу. Большая частка кніг выйшла з друкарні Мамонічаў. Манастыры Рускай Поўначы славіліся буйнымі кнігасховішчамі і бібліятэкамі, дзе да нашага часу захаваліся старадрукаваныя выданні. Ці ёсць там беларускія выданні? Кнігі ў тыя часы ўкладалі ў цэрквы. Сярод уладальнікаў і ўкладчыкаў беларускіх выданняў XVI — першай паловы XVII стст., звязаных з Рускай Поўначчу, заўважныя ўсе слаі расійскага грамадства. Жонка вядомага дыпламата князя Захарыя Сугорскага Пелагея ў 1588 г. аддала за доўг сваё Евангелле (Заблудаў, 1569) старцу Троіцкага манастыра, адзначыў Барыс Марозаў, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук. У1664 г. сёстры — манахіня Максіміла Андрэеўна і княгіня Ганна Шахоўская — укладаюць у Нілаў-Сорскі скіт віленскае Евангелле 1575 г. Дзяк А. А. Башмакоў у 1659 г. зрабіў уклад у Ноўгарадзе Евангеллем 1600 г. з друкарні Мамонічаў. Евангелле вучыцельнае (Вільня, 1595) уклаў паляк Станіслаў Скульскі ў царкву сяла Кіёва Галіцкага павета. Буйны расійскі купец XVII ст. В. А. Басой уклаў у храм на пасадзе Красны Бор на Дзвіне Трыёдзь посную (Вільня, каля 1609).

Пад увагай даследчыкаў, у прыватнасці Н. А. Мудровай, знаходзіцца бібліятэка славутых купцоў і землеўласнікаў Страганавых. Лічыцца, што ў зборах было шмат беларускіх выданняў. Н. А. Мудрова ў манаграфіі аналізуе звесткі наяўнасці ў Н. Р. Страганава і яго сваякоў выданняў Францыска Скарыны. З 69 захаваных друкаваных страганаўскіх асобнікаў Н. А. Мудрова ўказвае 7 экзэмпляраў 5 беларускіх выданняў: Евангелле вучыцельнае (Заблудаў, 1569, 3 экз.), Евангелле (Вільня, 1575), Служэбнік (Вільня, 1583), Евангелле вучыцельнае (Вільня, 1595), Евангелле (Вільня, 1600).

Беларускія выданні XVII ст. захаваліся ў Кірылаўскім музеі (Валагодская вобл.): 15 экзэмпляраў Часаслова (Куцеіна, друкарня Спірыдона Собаля, 1631), Лексикон славяноросский Памвы Беринды (Куцеіна, 1653), Дыёптра (Магілёў, друкарня Максіма Вашчанкі, 1698). Ёсць асобнікі ў Чарапавецкім музеі бібліятэкі Новаязерскага манастыра: Брашно духовное, сиреч Псалмы (Куцеіна, 1639), Новы Запавет з Псалтыром (Куцеіна, 1639), Неба новае Іанікія Галятоўскага (Магілёў, друкарня Максіма Вашчанкі, 1698). У Валагодскім абласным музеі засведчаны два выданні XVI ст. беларускага друку — два першыя віленскія выданні Пятра Мсціслаўца: Евангелле 1575 г. і Псалтыр 1576 г. (тут маецца запіс XVI — XVII ст. пра ўклад ці ў Сафійскі сабор, ці ў храм Уладзімірскай іконы). У Нацыянальным музеі Рэспублікі Комі ў Сыктыўкары захоўваецца віленскі Служэбнік 1583 г.

Самая рэдкая беларуская кніга XVI ст., як адзначыў Барыс Марозаў, — загадкавае выданне Васіля Цяпінскага — Евангелле, надрукаванае не пазней за 1580 г., магчыма, у яго родавым маёнтку Цяпіна на Віцебшчыне. Абодва няпоўныя экзэмпляры захаваліся ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы і Архангельскім краязнаўчым музеі.

Перспектыўна ствараць базы даных, лічыць Барыс Марозаў, якія дазваляюць рэканструяваць старажытныя Паўночныя бібліятэкі. У прыватнасці, у электронным праекце «…Явить миру Сийское сокровище: Антониево-Сийский монастырь: из прошлого — в будущее» ў раздзеле «Книги карилловского шрифта библиотеки Антониево-Сийского монастыря», што адкрываецца ўнікальным Евангеллем Васіля Цяпінскага 1580 г., прадстаўлены: Дыёптра (Еўе, друкарня Віленскага брацтва Св. Духа, 1612 — РДБ) і Новы Запавет з Псалтыром (Куцеіна, 1652 — БАН). Адметна, што ў гэтым спісе друкаваных кніг манастырскай бібліятэкі XVII ст. маюцца амаль усе выданні Верхняй друкарні Сімяона Полацкага, заўважыў Барыс Марозаў.

У Самары

У Самарскай абласной навуковай універсальнай бібліятэцы беларуская частка збору старадрукаваных выданняў налічвае 23 экзэмпляры. У ліку іх — адно з першых Евангелій на царкоўнаславянскай мове — Евангелле вучыцельнае, або тлумачальнае, складальнікам якога лічыцца балгарскі асветнік ІХ — Х стст. Канстанцін Праслаўскі, адзначыла Ларыса Сташанкова, галоўны бібліятэкар Самарскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі. Выдадзена Евангелле ў друкарні братоў Мамонічаў у Вільні ў 1595 г. На гэтым асобніку Евангелля ёсць запіс, распавяла Ларыса Сташанкова, што кнігу купіў у 7107 г. (1598 ад Р.Х.) дзяк Дзімітрый Аляб’еў на Дзеравяніцу. Гэта значыць, кніга прызначалася Дзеравяніцы — дзеравяніцкаму манастыру, што існаваў у першай палове XIV ст. на правабярэжжы ракі Дзеравянкі каля Вялікага Ноўгарада. Ён падтрымліваў шчыльныя сувязі з Сафійскім саборам. Такім чынам, укладны запіс вельмі карысны. Было б цікава даведацца, спадзяецца Ларыса Сташанкова, ці ёсць падобныя ўкладныя запісы ў выданнях старадрукаваных збораў іншых бібліятэк.

Дзе яшчэ пульсуюць беларускія старадрукі?

Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».