Вы тут

Пры ЛПП у Слуцкім раёне асвяцілі храм


Гісторый, калі людзі, якія перажываюць крызісныя моманты ў жыцці, звяртаюцца да Бога, не мала. Распаўсюджана гэтая з'ява і сярод тых, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі — сама абстаноўка спрыяе таму, каб пераасэнсаваць свае ўчынкі. Цяпер магчымасць памаліцца ў паўнавартасным храме ёсць і ў тых, хто ўтрымліваецца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі №3, што на Случчыне.


Паколькі ў ЛПП трапляюць тыя, хто пакутуе ад алкагольнай залежнасці, месца пад будаўніцтва храма было асвечана ў гонар пакутніка Ваніфацыя — нябеснага заступніка цвярозасці. Адбылася гэта падзея яшчэ ў 2005 годзе, з таго часу ішоў збор ахвяраванняў на ўзвядзенне трывалага і прыгожага збудавання. Збіралі сродкі ўсёй грамадой: не засталіся ў баку і грамадзяне, якія ўтрымліваюцца ў ЛПП, супрацоўнікі ўстановы, іх калегі з крымінальна-выканаўчай сістэмы. Так, напрыклад, дах храма з'явіўся стараннямі кіраўніцтва дзяржаўнага прадпрыемства «Чатырнаццаць», якое размешчана ў вёсцы Навасады Барысаўскага раёна: яно перадало неабходныя бляшаныя лісты.

Атрымалася завяршыць будаўніцтва пасля таго, як летась ЛПП у Паўлаўцы ўзначаліла падпалкоўнік унутранай службы Алеся Горбель. Яна з імпэтам узялася за справу і матывавала асабовы склад зрабіць усё магчымае, каб дзверы храма расчыніліся ў найбліжэйшы час.

– Да гэтага я служыла ў жаночай калоніі ў Гомелі, дзе якраз пачалося будаўніцтва храма. І гэта каласальная праца! А ў Паўлаўцы будынак быў ужо гатовы, заставалася толькі ўнутранае аздабленне і ўбранне. Тут праводзілі некаторыя абрады, напрыклад, асвячалі велікодныя дары, але літургію не служылі, бо не было неабходных атрыбутаў, – адзначыла начальнік прафілакторыя.

У выніку першага кастрычніка епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній правёў абрад асвячэння храма і адслужыў першую літургію. На ўрачыстай падзеі прысутнічалі намеснік начальніка дэпартамента выканання пакаранняў МУС палкоўнік унутранай службы Уладзіслаў Мандрык, намеснік начальніка ўпраўлення гэтага ж дэпартамента МУС па Мінску і Мінскай вобласці падпалкоўнік унутранай службы Ігар Гаеўскі, намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Ларыса Дабравольская, а таксама святары, супрацоўнікі ўстановы і члены іх сем'яў і, канешне ж, тыя, для каго храм быў пабудаваны ў першую чаргу — жанчыны, якія ўтрымліваюцца ў ЛПП.

– Храм адкрыты штодня дзве гадзіны раніцай і дзве гадзіны ўвечары, каб яго маглі наведаць тыя, хто працуе і ў першую, і ў другую змену. У дні вялікіх рэлігійных свят служыцца літургія, апошняя адбылася на Пакроў Прасвятой Багародзіцы. У памінальную суботу пройдзе паніхіда, – расказала Алеся Горбель.

Так што асвячэнне храма — не адзіны крок у падтрымку вернікаў: кіраўніцтва прафілакторыя плануе і надалей супрацоўнічаць з прадстаўнікамі Слуцкай епархіі, каб несці тым, каму гэта так неабходна, духоўную асвету.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Алеся ДАСТАНКА, Яўгена ГАНУША

Загаловак у газеце: Слова да Бога

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.