Вы тут

Казаць страшна, але неабходна


Беларускія архівісты апублікавалі новыя дакументы па знішчаных у гады вайны вёсках, а таксама першыя расказалі пра трагедыю населеных пунктаў Расіі.

Уладзіміру Мілянцею з Шаркаўшчыны не было і двух гадоў, калі карнікі палілі яго родную вёску Свілы. Згарэла ўсё дашчэнту: ніводнай гаспадарчай пабудовы не засталося. Мясцовым жыхарам пашанцавала — партызанская разведка папярэдзіла: ідуць гітлераўцы.


Некалькі дзён людзі прасядзелі ў лесе, на балоце. Маленькі Уладзімір грэўся ў таткавых руках. «Праз тыдзень адна сям'я вырашыла паглядзець, што робіцца ў вёсцы, — расказвае жыхар спаленых Свілаў. — Як толькі яны ўвайшлі ў сваю хату — ззаду немцы. Сем чалавек згарэлі разам са сваёй хатай. Трое дзяцей, двое старых...»

Усяго ад рук карнікаў загінула 17 жыхароў вёскі. Тыя, хто насуперак холаду ды голаду засталіся ў лесе, разышліся па сваяках. Мілянцеі знайшлі прытулак у сваіх бацькоў у вёсцы Дубнікі. На папялішча вярнуліся толькі пасля вызвалення.

Больш чым 9200 вёсак зведала падобны лёс. Колькі бязвінных людзей загінула ў вогнішчы, па-зверску распаленым фашыстамі! Здаецца, пра сясцёр Хатыні, пра тыя населеныя пункты, якія адрадзіліся пасля вайны, ужо нямала расказана. Але штораз у біяграфіі спаленых вёсак узнікаюць новыя факты. Асабліва, калі яшчэ жывыя сведкі тых бесчалавечных трагедый.

Многія з іх, на жаль, дагэтуль не маюць статусу ахвяр нацызму. Яны ніколі не атрымлівалі ніякіх кампенсацыйных выплат і не ўдзельнічалі ў гуманітарных праграмах. Але так было да нядаўняга часу. У межах міжнароднага праекта «Сацыяльная падтрымка людзям, якія выжылі ў спаленых беларускіх вёсках» больш як дзве тысячы беларусаў атрымалі матэрыяльную дапамогу ад берлінскага дабрачыннага аб'яднання «Кантакты».

— На жаль, сусветная грамадскасць не мае дакладнай інфармацыі аб знішчэнні беларускіх вёсак у гады Вялікай Айчыннай вайны, не ведае і аб такой катэгорыі ахвяр нацызму, як жыхары спаленых населеных пунктаў, — адзначае каардынатар міжнароднага праекта «Сацыяльная падтрымка людзям, якія выжылі ў спаленых беларускіх вёсках» Наталля КІРЫЛАВА. — Для большасці грамадзян сучаснай Германіі трагедыя беларускіх вёсак стала жудасным адкрыццём. Невыпадкова многія немцы захацелі аказаць матэрыяльную падтрымку тым, каму пашчасціла выратавацца.

Ужо каторы раз гісторыі спаленых беларускіх вёсак пераасэнсоўваюць і навукоўцы. Нашы архівісты выдалі ўжо не адзін зборнік дакументаў, успамінаў па праблематыцы. Але, відаць, кропка ў гэтым балючым для беларусаў пытанні яшчэ не пастаўлена — днямі ў Нацыянальным архіве Беларусі прэзентавалі адразу два зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Спаленыя вёскі Беларусі. 1941—1944» і «Спаленыя вёскі Расіі. 1941—1944», у якіх падрабязна расказваецца аб нацысцкіх злачынствах, здзейсненых у гады вайны на тэрыторыі дзвюх нашых краін. Многія дакументы надрукаваны ўпершыню.

— Мы вяртаемся да тэмы, пра якую і казаць страшна, а не дай Бог перажыць тое, што зведалі жыхары спаленых вёсак, — перакананы дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Віктар КУРАШ. — Але толькі так мы можам захаваць памяць аб тых жахах вайны, а таксама папярэдзіць чарговыя спробы перапісаць гісторыю, прынізіць ролю беларускага і рускага народаў у Вялікай Айчыннай вайне. Памяць чалавека настолькі кароткая, таму наша задача — зрабіць усё магчымае, каб чалавецтва не забылася, што такое фашызм.

Калі тэма спаленых вёсак у нашай краіне ўзнімаецца рэгулярна, то для расійскай гістарыяграфіі такое грунтоўнае даследаванне па спаленых вёсках на іх тэрыторыі зроблена ўпершыню. Прычым гэта датычыцца не толькі савецкага часу: ніхто не браўся за тэму і ў гісторыі сучаснай Расіі. Сімвалічна, што ўнікальны для нашых суседзяў зборнік дакументаў і матэрыялаў падрыхтавалі беларускія навукоўцы і архівісты.

Па словах дырэктара Фонду садзейнічання актуальным гістарычным даследаванням «Гістарычная памяць» (Масква) Аляксандра ДЗЮКАВА, у Расіі таксама праводзіліся карныя аперацыі, але ў савецкі час не вялося ніякай работы хоць бы па стварэнні спісаў спаленых вёсак. «Такі ўлік вядзецца ў Беларусі, ва Украіне, на базе якіх ствараюцца сучасныя базы, даступныя анлайн, — кажа ён. — У нас жа ніхто гэтым ніколі не займаўся. Карыстаючыся сваім вялізным вопытам даследавання трагічных старонак нашага мінулага, беларускія калегі падрыхтавалі такое грунтоўнае даследаванне. Выканалі тое, чаго не зрабілі мы».

Расійскія даследчыкі спадзяюцца, што калі-небудзь і ў іх краіне з'явіцца база даных спаленых вёсак. Што да найбліжэйшай перспектывы, то згаданы зборнік неўзабаве будзе прэзентаваны ў Маскве.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.