22 Верасень, субота

Вы тут

Нацыянальны сход заслухаў справаздачу ўрада


На гэты раз перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі выступіў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль КАЛІНІН, які курыруе сферы будаўніцтва, транспарту, сувязі і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.


Сродкі на мадэрнізацыю

Лічбы, якія называў дакладчык, ужо гучалі з вуснаў прэм'ер-міністра на нядаўнім пасяджэнні Савета Міністраў, прысвечаным вынікам работы экономікі за 9 месяцаў бягучага года. Калі коратка: станоўчая сітуацыя ў эканоміцы захоўваецца, але ёсць адставанне ад графіка па выхадзе на сярэдні заробак у адну тысячу рублёў. «Мы будзем імкнуцца. Задача пастаўлена выйсці на неабходныя параметры да канца года», — запэўніў віцэ-прэм'ер.

Інфармуючы дэпутатаў аб пытаннях, якія курыруе асабіста, Анатоль Калінін адзначыў, што ў краіне неабходна стварыць спецыялізаваны інвестыцыйны фонд для забеспячэння фінансавання мерапрыемстваў па цеплавой мадэрнізацыі жылога фонду. «Фонд можа быць сфарміраваны за кошт сродкаў ад продажу жылля, адлічэнняў грамадзян, сродкаў бюджэту, крэдытаў ЕБРР. Урадам на першым этапе прыцягваюцца сродкі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў памеры 20 млн еўра для рэалізацыі пілотнага праекта па цеплавой мадэрнізацыі 65 жылых дамоў у Мінску. Асноўная задача — давядзенне ўдзельнага цепласпажывання жылых дамоў да ўзроўню 90 кВт на кв. м у год. Сёння гэтыя параметры ў 1,5—2 разы вышэйшыя», — растлумачыў віцэ-прэм'ер.

Улады павінны шукаць кампраміс

Даклад быў падрабязны і грунтоўны, але пасля віцэ-прэм'еру было зададзена шмат пытанняў. Дэпутат ад Купалаўскай выбарчай акругі №95 Таццяна САЙГАНАВА расказала пра тое, што да яе звярталіся жыхары дамоў, якія плануецца знесці з-за перапланіроўкі горада. «Людзей турбуе перспектыва пераезду з цэнтра горада ў спальныя раёны і гарады-спадарожнікі. Згодна з указам Прэзідэнта прадугледжана права грамадзянам на атрыманне жылплошчы ў раёне дома, які зносіцца, але толькі ў выпадку наяўнасці кватэр. Рашэнне, такім чынам, пераходзіць у распараджэнне інвестараў, а дзяржава жыхароў не абараняе. Можа, трэба прыбраць словы «толькі ў выпадку наяўнасці кватэр» з указа?» — спытала дэпутат меркаванне віцэ-прэм'ера.

Анатоль Калінін адказаў, што мясцовыя органы ўлады ў рамках дзейнага заканадаўства павінны вырашаць гэтае пытанне кампрамісна. «Калі ёсць канкрэтныя прапановы, мы гатовыя іх разгледзець. Разам з органамі мясцовай улады мы абмяркуем гэтую тэму і пачуем два бакі», — запэўніў віцэ-прэм'ер.

Пытанне дэпутата ад Полацкай сельскай акругі №28 Андрэя ЮНІЦЫНА датычылася дарог. «Плануецца, што да 2020 года мясцовыя дарогі будуць абноўлены. Узнікае пытанне аб далейшым іх утрыманні. Паводле інфармацыі Мінтранса, знос тэхнікі ў мясцовых дарожных гаспадарках досыць вялікі. Аналагічная сітуацыя ў рэспубліканскай дарожнай гаспадарцы. Толькі за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў і мясцовых бюджэтаў абнавіць парк гэтай тэхнікі немагчыма. Ці вядзецца падрыхтоўка адпаведнага ўказа і ў які тэрмін плануецца рашэнне гэтай праблемы?» — задаў пытанне дэпутат.

«Была прапанова крыніцай для мадэрнізацыі і развіцця дарожнай гаспадаркі выкарыстоўваць 10% інавацыйных фондаў мясцовага ўзроўню. Мы падлічылі, што на працягу трох гадоў зможам значна знізіць знос і мадэрнізаваць гэтую тэхніку. Зараз ствараецца план мерапрыемстваў і праграма па выбары такой тэхнікі. Я ўпэўнены, што за 2—3 гады мы вырашым гэтае пытанне», — паабяцаў Анатоль Калінін.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Фонд для надвор'я ў доме

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.