Вы тут

Цэлы свет на тваіх плячах


Цэлы свет на тваіх плячах

Пад катэгорыяй вагі ў відэагульнях, калі не казаць пра спецыфічныя праекты-пазлы ці гісторыі пра сумаістаў, часцей за ўсё мы маем на ўвазе метафарычную множнасць, “цяжар” - важкасць - гульні. Гэта і яе багаты сюжэт, і разнастайны геймплэй, і вялікі свет. Усё тое, ад чаго мы разяўліваем раты ў здзіўленні і кажам: “Так, гэта важкая гульня”.

Horizon Zero Dawn – гэта важкая гульня. Распрацаваная нідэрландскай студыяй Guerrilla Games для PlayStation 4, гульня выйшла ў лютым-сакавіку 2017 года. Ролевы баявік з адкрытым постапакаліптычным светам: дзеянні адбываюцца прыблізна праз тысячу гадоў ад нашага часу, дзе глабальная трагедыя вярнула людзей да жыцця ў першабытных плямёнах, але сярод жывёлападобных робатаў. Галоўная гераіня, паляўнічая Элой, не прынятая родным племенем Нора, бо яе палічылі праклятай, і вымушаная жыць ізалявана ад сваіх людзей. Яшчэ ў дзіцячым узросце Элой знайшла “фокус”, маленькую прыладу дапоўненай рэальнасці, якая не толькі стане неад’емнай дапамогай ў геймплэі, але і сыграе значную ролю ў сюжэце. Дасягнуўшы паўналецця, Элой прымае ўдзел у Даказванні - спаборніцтве, перамога ў якім дасць ёй тытул Норы Храбрай і зробіць яе паўнапраўнай часткай племені Нора. Элой перамагае, але на племя нападаюць культысты - частка рэлігійнай групы Зацменне, - і Элой ледзь не памірае ад рук іх лідара.

Гульня пачынаецца няспешна: спачатку дзіцячае трыманне за настаўніка, такога ж ізгоя, як і сама Элой, першая знаходка часоў Старога Света - бункера, выпрабаванне “фокуса”. Потым - знаёмства з Нора, спаборніцтвы, якія хоць і даюць магчымасць “памацаць” геймплэй, але не раскрываюць гульнявое багацце ва ўсёй яго разнастайнасці, якім Horizon на самой справе можа пахваліцца.

Horizon Zero Dawn - вялікая гульня. Толькі праз 3-4 гадзіны гулец сапраўды прыступіць да эпічнай прыгоды Элой. І ўжо тады Horizon пачынае бліскаць не горш за прадстаўнікоў класікі жанру: збіральніцтва, рамяство, адкрытая карта свету (ідзі куды пажадаеш!), безліч сайд-квэстаў… І сюжэтны квэст, які без жартаў інтрыгуе і не адпускае да самага канца: ніякага вам “галоўны сюжэтны паварот на пятнацатай гадзіне, яшчэ шэсць даігрываем з упартасці”. Аматары незвычайных сетынгаў і даследчыкі віртуальных сусветаў прымуць Horizon на ўра: тое, што ў пачатку падаецца абсурдным ці занадта таямнічым, цягам гісторыі патлумачыцца і сыграе сваю ролю ў лёсе Элой. А Элой - ролю ў лёсе цэлага свету.

Так, галоўная гераіня Horizon – таксама «важкая». Але яе абранасць – гэта не проста “сюжэтная прылада” ці тытул, гэта неад’емная частка гісторыі сусвету і, што яшчэ важней, персанальнага шляху Элой. Бо адзін з яе матываў адправіцца ў вандроўку па свеце – імкненне знайсці праўду пра сваё паходжанне, якое жыхары племені палічылі праклятым. Хто яна? Дзе яе маці? Чаму яна падобная да навукоўцы са Старога Свету, доктора Эліcабет Собек? І чаму за гэтае падабенства культысты жадаюць яе смерці?

Гуляючы за вольную паляўнічую, мы сустрэнемся з рознымі прадстаўнікамі фауны свету, але самыя дзіўныя – гэта робаты, якія паводзяць сябе як рэальныя драпежнікі. Яны і яны і ёсць асноўны вораг Элой. І багатая зброя гераіні (розныя віды лукаў, кап’ё, пасткі), і адметнасці ў паводзінах і слабых месцах разумных машын не даюць гульцу занудзіцца.

І калі цікавасць гульні і яе персанажаў можна заўсёды спісаць на суб’ектыўнае ўспрыманне, то з аднім фактам спрачацца не стане ніхто: Horizon Zero Dawn – прыгожая гульня. Настолькі прыгожая, што карыстанне “рэжымам фота” часта займае ў гульцоў больш часу, чым актыўная гульня! На карце свету можна знайсці і снежныя горы, якія рэальна скарыць – і атрымаць асалоду ад захапляльнага віду ці даведацца штосьці цікавае пра гэта наваколле. Знойдуцца і лясы, і лугі, і пустыні, і вёскі, і гарады, і руіны; дзень і ноч (і нават надвор’е) змяняюцца… аднім словам, паглядзець ёсць на што. Населеныя пункты дыхаюць паўсядзёным жыццём, радуюць вока арыгінальнай архітэктурай і мясцовай этнікай, а наблюдаць, як тэхніка будучыні суіснуе са “старажытнасцю”, цікава.

Horizon Zero Dawn – гульня, пра якую так і хочацца сказаць “усяго не перакажаш”. Яна сабрала ў сябе шэраг асаблівасцяў лепшых гульняў апошняга часу і здолела ўтрымаць іх, зрабіўшы сваімі. У дадатак да асноўнага сюжэту, тут можна правесці цэлы месяц, гойсаючы за робатамі, збіраючы асколепкі былой цывілізацыі і вырашаючы праблемы кожнага сустрэчнага – ў абгортцы з сучаснай графікі і дзіўнага асяроддзя. І калі гэта не мара, то што?

Валерыя Дзяткова

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.