Вы тут

Дзень Лютэра. Дзень Рэфармацыі. Гутарка з Аляксеем Фраловым


У гэты дзень увесь еўрапейскі свет адзначае знакавы юбілей — 500-годдзе Рэфармацыі. Менавіта ў гэты дзень паўтысячы гадоў таму, Марцін Лютэр, не могучы мірыцца з несправядлівасцю, якая панавала ў каталіцкай царкве — інквізіцыяй, індульгенцыямі і іншым, — прыбіў на дзверы мясцовай царквы свае знакамітыя 95 тэзісаў. У іх гаварылася, у прыватнасці, што толькі Біблія з'яўляецца першаснай кнігай для вывучэння законаў Божых, што апраўдацца можна верай, і што благадаць пакрывае многія слабасці звычайнага чалавека. У выніку гэтага смелага ўчынку паднялася цэлая хваля Рэфармацыі, якая ў свой час ахапіла і нашы землі, стаўшы каталізатарам развіцця асветніцтва на тэрыторыі Беларусі.

Менавіта сёння з нагоды знакавага юбілею ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца канцэрт «Дзень Лютэра. Дзень Рэфармацыі», прысвечаны 500-годдзю беларускай Бібліі і кнігадрукавання і 500-годдзю Рэфармацыі. Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся з аўтарам праекта і дырыжорам Аляксеем ФРАЛОВЫМ і пагутарылі з ім аб тым, як Рэфармацыя паўплывала на нашу гісторыю і якую спадчыну нам пакінула.


Аўтар праекта «Дзень Лютэра. Дзень Рэфармацыі» Аляксей Фралоў.

— 31 кастрычніка 1517 года лічыцца пачаткам еўрапейскай Рэфармацыі. У той дзень знакавыя падзеі распачаліся ў Германіі. Наколькі правільна беларусам далучацца да такога святкавання?

— Правільна, бо гэта свята, якое выходзіць за межы нямецкай гісторыі і культуры настолькі, што ахоплівае ўвесь свет. Той дзень — сімвалічны пачатак актыўнай фазы Рэфармацыі: унутрыцаркоўнай, унутрыграмадскай дыскусіі ў нямецкім народзе і ў хрысціянскай супольнасці ў цэлым. Менавіта гэта дата, асоба Лютэра, сама з'ява захапілі не толькі розумы і душы немцаў — у той час яны хвалявалі і ўсе іншыя хрысціянізаваныя нацыі. Падобныя працэсы адбываліся ў Італіі, мы ведаем дзейнасць знакамітага Саванаролы і іншых асветнікаў, што былі свайго роду будзіцелямі. Быў цікавы факт у гісторыі XV стагоддзя — Рэфармацыя магла адбыцца ў Італіі, сам Ватыкан мог аказацца рэфармаваным!.. Цывілізацыйны абсяг, які ахапілі прамяні Рэфармацыі, — гэта ўвесь зямны шар. Яе ідэяй было вяртанне да раннехрысціянскіх асноў і фармату царквы. Гэта ідэі, якія і праз стагоддзі жывуць і распаўсюджваюцца па ўсёй зямлі, як і само Евангелле. У гэтым сэнсе яна, вядома ж, датычыцца і беларусаў. Бо мы былі ў першым коле, у першым, самым цэнтральнаеўрапейскім арэале працэсаў Рэфармацыі. Выпадкова і невыпадкова супалі гэтыя дзве даты ў 1517 годзе — нямецкая і беларуская. Таму мы і адлюстроўваем гэта ў музыцы — канцэртам на пачатку года і тым, што адбудзецца зараз. Мы будзем параўноўваць падзеі, параўноўваць гэтыя храналагічныя пункты.

— Я чула меркаванне, што Скарына мог сустракацца з Лютэрам і апошні паўплываў на яго сваімі ідэямі, натхніў на выданне Бібліі. Аднак атрымліваецца, што Скарына нават апярэдзіў Лютэра на тры месяцы!

— Факталогія гэтых падзей крыху розная. Скарына друкуе менавіта кнігі Бібліі, пачынаючы з Псалтыра. Лютэр пачне займацца Бібліяй для нямецкага народа праз некалькі гадоў: калі будзе ва ўцёках і яму дасць прыстанішча курфюрст Саксоніі ў сваім замку ў Варбургу. Там ён спакойна, ціха, быццам у своеасаблівым манастыры, пад крылом вялікага князя, манарха сваёй зямлі, будзе займацца перакладам і падрыхтоўкай нямецкамоўнай Бібліі — яна стане асновай для аб'яднання нямецкіх земляў і народа ў адно, стварэння нямецкай нацыі. Дзякуючы Бібліі Марціна Лютэра была створана літаратурная нямецкая мова. А ў 1517 годзе ён займаўся менавіта пастаноўкай важных для тагачаснага грамадства і царквы пытанняў — і абвясціў свае 95 тэзісаў.

— Вы сказалі, што Біблія Лютэра паспрыяла фарміраванню нямецкай нацыі. Як думаеце, а ці паспрыяла Біблія Скарыны фарміраванню беларускай нацыі? Бо часам даводзіцца чуць, што ў тыя часы і не ацанілі належным чынам справу нашага першадрукара, амаль і не заўважылі...

— 10 000 асобнікаў Бібліі, што выйшлі ў Празе, — гэта вялікая колькасць. Тым больш гэта не 10 000 чытачоў — трэба ўлічыць сем'і, можна сказаць, што такая колькасць дамоў мела Біблію на роднай мове. Яна была зразумелай — блізкай да старабеларускай мовы. Ён спрасціў царкоўнаславянскую — і гэта быў першы крок да беларусізацыі Бібліі. Безумоўна, гэта быў велізарны крок у стварэнні народа і таго, каб пазней гісторыкі назвалі XVІ стагоддзе залатым векам Беларусі. Натуральна, змены ў грамадстве — гэта працэс, у якім задзейнічаны тысячы людзей. Аднак ёсць некаторыя моманты, дні «Х» гісторыі, якія пазней і адзначаюцца.

— Лютэр, Скарына імкнуліся папулярызаваць Біблію. А вы ладзіце канцэрт, прысвечаны гэтым асветнікам. Скажыце, наколькі музыка прыдатная і ці здольная яна ўвогуле папулярызаваць Евангелле?

— Калі музыку пэўнага зместу, тэматыкі (апрыёры хрысціянскую) несці з евангельскім зместам унутры, суправаджаць каментарыямі, некаторымі тлумачэннямі, пэўнымі актуалізацыямі ў наш час, тады яна безумоўна будзе выконваць першасную, задуманую аўтарамі ролю такога прапаведніка, пасярэдніка для душы. Бо слова — гэта інтэлектуальная субстанцыя. А музыка — субстанцыя эмацыянальная. Калі два гэтыя складнікі змешаны разам, — атрымліваецца такі святы «замес». На канцэрце 31 кастрычніка мы выканаем рэфармацкую сімфонію Мендэльсона, якая раней ніколі не выконвалася ў Беларусі. У фінале гэтага твора гучыць харал Марціна Лютэра. Такім чынам кампазітар, па сутнасці, прапаведаваў ідэі Лютэра, ён нібы падпісваўся пад ідэямі вялікага рэфарматара, ствараючы гэту сімфонію, шляхам музыкі выбудоўваючы бурлівыя падзеі, звязаныя з Лютэрам, з тым, як упарта і няпроста ён прабіваўся праз небяспекі, што чакалі яго на шляху Рэфармацыі.

Ма­гі­лёў па­да­рыў Клі­ча­ву свой дво­рык.

— Раскажыце пра «любчанскую знаходку», якая будзе выканана на канцэрце, — як удалося яе адшукаць?

— Падобныя ж духоўныя працэсы, як і ў Германіі, адбываліся і ў нашай дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, дзе Рэфармацыя даволі хутка ахапіла верхнія саслоўі і гараджан. Месцічы актыўна цікавіліся хрысціянскімі дыскусіямі, а арыстакраты шчодра ахвяравалі свае сродкі і час на евангелізацыю краіны. Самай выдатнай і светлай постаццю сваёй эпохі тут стаў князь Мікалай Радзівіл Чорны — чорны толькі сваёй барадой. Менавіта ён стаў мецэнатам выдання ўсім вядомага «Катэхізіса» Сымона Буднага і першых нотных друкаў ва ўсім нашым рэгіёне Еўропы, фрагмент з якіх прагучыць у сённяшнім канцэрце — Берасцейскага і Нясвіжскага канцыяналаў (1558, 1563). Іх вярнула ў сучасную беларускую рэальнасць доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава. Трэцім нашым нотным зборнікам стаў таксама евангелічны спеўнік — канцыянал, выдадзены ў Вільні (1598), а чацвёртым — у мястэчку Любча (1618—1621) у замкавай друкарні магнатаў Кішкаў. Вось ён і будзе сёння прадстаўлены ўпершыню пасля амаль 400-гадовага забыцця. Зборнік быў выяўлены некалькімі даследчыкамі: у Вільні музыказнаўцам з Маладзечна Парэцкай, а пазней намі ў Кракаве. Грунтоўнае даследаванне праводзіў музыказнаўца з Гродна Аляксей Саладухін з дапамогай даследчыкаў Любчанскага замка Наталлі Куц і Андрэя Шулаева, якія прывезлі яго фотакопію. Старадрукаў болей, чым рукапісаў, — яны могуць знаходзіцца адразу ў некалькіх месцах. Сама ж музыка зборніка ў значнай ступені звязана з чэшскай, польскай і нямецкай пратэстанцкай традыцыяй і з беларускай спадчынай таксама.

— Што можна расказаць пра гэты твор?

— Канцыянал — гэта літургічны зборнік, дзе ёсць рэлігійныя тэксты і песні. Ён выдадзены ўжо па-польску. Бо польская мова ў той час усё больш займала геаграфічны арэал. І на той момант было першасным не пытанне мовы, а канфесіі — што яна сцвярджае, чаму вучыць? Таму важна было выдаць яго на мове, што мела найбольшы абсяг. На канцэрце твор прагучыць, натуральна ж, на беларускай мове.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Вяртанне да раннехрысціянскіх асноў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў. 

Грамадства

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

На якім этапе трэба распачынаць выхаванне будучага даследчыка: у аспірантуры, магістратуры або яшчэ ў школе? 

Грамадства

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Праведзеныя аператыўныя ўмяшанні — гэта надзея на радыкальнае вылечванне для тых, хто зараз з прычыны свайго захворвання прымае сур'ёзныя лекавыя прэпараты.

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.