25 Верасень, аўторак

Вы тут

На тры пытанні «Звязды» адказвае старшыня Салігорскага райвыканкама


На тры пытанні «Звязды» адказвае Алег Паскробка, старшыня Салігорскага райвыканкама.


— Алег Рыгоравіч, вы ўзначалілі шахцёрскі рэгіён зусім нядаўна. Наколькі я ведаю, да гэтага ў Салігорску ні разу не былі. Што спадабалася, уразіла? І якія праблемныя моманты заўважылі свежым вокам? Што ў першую чаргу захацелася змяніць, палепшыць?

— Упершыню я трапіў у Салігорск у канцы лета. Калі шчыра, думаў, што тут усе вечарамі сядзяць па дамах. Тым не менш у парку Чатырох стыхій ды на набярэжнай убачыў шмат людзей. Моладзь катаецца на скейтбордах, роліках, веласіпедах. Старэйшыя проста гуляюць, займаюцца скандынаўскай хадой. Я быў прыемна здзіўлены, што ў адносна невялікім горадзе жыццё віруе.

Разам з тым, як мне падаецца, Салігорску не хапае глянцу, які павінен быць характэрны для маладога еўрапейскага горада, што дынамічна развіваецца. У прыватнасці, набярэжную можна аздобіць арыгінальнымі малымі архітэктурнымі формамі. Пабудаваць амфітэатр, дзе ладзіць канцэрты. У горадзе ёсць больш як 700 гектараў лесу, які можна было б задзейнічаць на поўную. Думаю, не варта абмяжоўвацца невялікай сцежкай здароўя ды веладарожкай, трэба ўзводзіць лыжа-ролерную трасу з падсветкай. Каб у людзей была магчымасць катацца там на лыжах і зімой, калі рана цямнее. Перакананы, людзі будуць адпачываць там сем'ямі. Трэба ствараць у малых гарадах камфортныя ўмовы для жыцця і адпачынку, не горшыя, чым у сталіцы. Тады людзі з іншым настроем будуць і працаваць.

Каля года таму да Салігорска далучылі такія вясковыя тэрыторыі, як Памесце, Чыжы. Людзі там актыўна будаваліся, бо ім абяцалі, што будуць створаны гарадскія ўмовы для жыцця. А па факце атрымліваецца, што гэтыя мікрараёны знаходзяцца на значным аддаленні ад цэнтра горада, а інфраструктуры дагэтуль няма: ні садкоў, ні крам, ні годных дарог. Гэта праблемны момант, які трэба будзе вырашаць. Хоць не ўсё там так адназначна і проста.

Доўгі час у палескай зоне не ўдзялялі ўвагі меліярацыі. У выніку, на жаль, сёння мы сутыкаемся са складанасцямі ва ўборцы, бо ўсё залівае вадой. А раннія паводкі замінаюць своечасова пачаць пасяўную кампанію. Мы ўжо запланавалі на наступны год захады па меліярацыі, каб стварыць умовы для вядзення сельскагаспадарчых работ. Нас падтрымалі ў аблвыканкаме, працуем у цеснай звязцы.

Праблемныя моманты ёсць, як і ў любым рэгіёне. Але ў цэлым багацце любога раёна — гэта людзі і зямля. У нас ёсць і тое, і другое. З гэтым багаццем мы многае можам зрабіць.

— Да жніўня гэтага года вы займаліся рэформай жыллёва-камунальнай гаспадаркі на пасадзе першага намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Магчыма, у вас ёсць уласныя праекты, звязаныя з сістэмай ЖКГ, якія плануеце рэалізаваць на Салігоршчыне?

— Вядома, можна прыйсці і адразу ўкараняць навацыі, асабістыя праекты. Але я вырашыў пачаць з таго, што забяспечыць выкананне заканадаўства, якое існуе. У прыватнасці, згодна з загадам Міністэрства ЖКГ, рэагаваць на заяўкі аварыйнага характару трэба не пазней як за паўгадзіны. Я ж бачу, што тут не ўсё выконваецца. Заяўка паступіла, і толькі на наступны дзень прыходзяць спецыялісты, у лепшым выпадку праз 4 гадзіны. Так не павінна быць. Ёсць пытанні і да якасці работы, інструментаў, выканання тэхналогій.

Сёння няма рабочых па комплексным абслугоўванні будынка. Іх трэба ствараць. Гэту праблему, дарэчы, на нядаўнім пасяджэнні падняў і Прэзідэнт. Таму я, як толькі ўзначаліў рэгіён, першай справай арганізаваў навучанне людзей на месцы без адрыву ад вытворчасці. Яны паўдня вучацца, паўдня працуюць. Навучанне, якое мы распачалі, перакананы, павінна быць не эпізадычным, а сістэмным, прычым усіх спецыялістаў.

— Як правіла, калі мяняецца кіраўніцтва, людзі актыўна пачынаюць прыходзіць на прыёмы, тэлефанаваць на прамыя лініі. З якімі пытаннямі паспелі звярнуцца да вас жыхары рэгіёна, што іх хвалюе? Магчыма, ужо ўдалося паспрыяць вырашэнню чыёйсьці праблемы? Ці былі сітуацыі, якія здзівілі?

— На першы прыём да мяне запісалася вельмі шмат людзей. Таму вырашыў праводзіць іх не раз на месяц, як гэта было раней, а раз на тыдзень. Хтосьці прыходзіць проста пазнаёміцца, хтосьці з канкрэтнымі пытаннямі і праблемамі. Стараюся кожнага выслухаць, зразумець. Калі трэба рэальная дапамога — дапамагчы. Што здзівіла? З мікрараёна Памесце да цэнтра горада можна дабрацца альбо па трасе Р23, альбо па дарозе праз вёску Тычыны. Там таксама жывуць людзі, у асноўным усе працуюць у Салігорску. Вяскоўцы прыйшлі папрасілі: маўляў, нелагічна, што пусты аўтобус ходзіць у Памесце праз Р23, не заязджаючы ў Тычыны. Дапамажыце, калі ласка, арганізуйце рух. Дапамаглі, арганізавалі. Зрабілі рэйсы праз Тычыны. Загрузілі аўтобусы. Насамрэч гэта больш эканамічна апраўданы маршрут. Але што вы думаеце — пачалі абурацца жыхары Памесця. Маўляў, на якой падставе мы, гараджане, будзем вёску падвозіць, мы не хочам з імі ў адным аўтобусе ездзіць. Яны плацяць менш падаткаў. Мы раней даязджалі да горада за 15 хвілін, а цяпер за 20. Вярніце ўсё, як было. І гэта пры тым, што аўтобусы сёння не перапоўненыя. Наколькі аб'ектыўная гэта заява? Атрымліваецца, людзі думаюць толькі пра сябе... Гэта сумна...

Трэба адшліфаваць структуру і парадак работы адзінай дыспетчарскай службы 115. Атрымліваецца, што дыспетчар адну заяўку фіксуе, а другую не. Альбо просіць сантэхніка: Вася, ідзі разбярыся. Той схадзіў, па вяртанні сказаў дыспетчару, што ўсё добра. Тым не менш людзі працягваюць скардзіцца. Некаторыя майстры, на жаль, прыходзячы на свае заяўкі, не ведаюць сваіх элементарных службовых абавязкаў. І гэта, вядома, выклікае незадаволенасць грамадзян.

Вось толькі апошні прыклад. Быў чалавек у мяне на прыёме. Я даручыў разабрацца з яго праблемай аператыўна. Неўзабаве прынеслі справаздачу: маўляў, усё ў парадку. Я патэлефанаваў заяўніку, пытаюся: «Як у вас справы?» А ён кажа, што нічога не памянялася. Тут жа сеў у машыну, прыехаў да яго. Сапраўды, праблема як была, так і засталася. Такіх адносін быць не павінна. Я ж не павінен ездзіць па кожнай заяве асабіста. Але пакуль не навядзём парадак, відаць, прыйдзецца.

Ідэй у мяне шмат, але спачатку трэба памяняць менталітэт некаторых работнікаў. Разумею, што гэта не за адзін дзень робіцца. Але, як кажуць, кропля і камень точыць. Трэба, каб кожны на сваім месцы выконваў сваю працу якасна, сумленна, тады менш будзе незадаволеных людзей.

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Каб кожны выконваў сваю работу сумленна, дык менш было б незадаволеных»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.