Вы тут

Заблытанымі сцежкамі...


«Хай будуць словы гэтай кнігі лепш за мёд вуснам вашым»

У кнігазборы Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваецца 30 старадрукаў першай чвэрці XVII ст. — прадукцыя друкарняў Расіі, Украіны, Беларусі. Пра некаторыя з гэтых кніг ужо паведамлялася на старонках «ЛіМа» (гл. артыкул Вольгі Губанавай «Загадкавы ўладальнік Трыёдзі»).


Адметныя ўладальнікі і чытачы былі і ў асобніка «Гутаркі на 14 пасланняў апостала Паўла» (Кіеў, 1623). Аўтар твора — Іаан Златавуст (каля 347 — 407 гг.), архіепіскап Канстанцінопальскі. Кніга вялікага памеру (аркушы вышынёй 32 см, шырынёй 19,5 см) і грунтоўнага зместу друкавалася ў Кіева-Пячэрскай лаўры два гады. Яе выданню папярэднічала руплівая праца па выпраўленні перакладу тэксту на царкоўнаславянскую мову, зверка з грэчаскім арыгіналам. Гэтым займаліся запрошаныя заснавальнікам лаўрскай друкарні архімандрытам Елісеем Плецянецкім вядомыя тагачасныя інтэлектуалы Захарый Капысценскі, Памва Бярында, Лаўрэнцій Зізаній. Кніга выйшла з дзвюма прадмовамі, першая была напісана Елісеем Плецянецкім, другая — аўтарам багаслоўска-палемічных твораў Захарыем Капысценскім.

«Гутаркі…» Іаана Златавуста з тлумачэннямі Свяшчэннага Пісання і павучэннямі шырока сталі любімым чытаннем праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітай і Рускага царства. Вось і асобнік акадэмічнай бібліятэкі быў вельмі запатрабаваны, шмат пабачыў і пазнаёміўся з вядомымі гістарычнымі асобамі. Самы ранні запіс з’явіўся ў ім 8 ліпеня 1675 г. у Расіі, дзе кніга апынулася праз нейкі час пасля выхаду з кіеўскай друкарні. У ім пазначалася, што кніга, якая знаходзілася ў цемнікаўскім павеце (цемнікаўскі павет уваходзіў у Азоўскую, а потым Варонежскую губерні) была прададзена дыяканам Андрэем Захар’евым (ці прададзена гэтаму дыякану) у вотчыну Івана Міхайлавіча Міласлаўскага сяло Раждзественнае. Іван Міхайлавіч Міласлаўскі (1635—1685) — асоба вядомая, прыбліжаны цара Фёдара Аляксеевіча Раманава, акольнічы (1660 г.), баярын (1677 г.) і ваявода з роду Міласлаўскіх. Міласлаўскія мелі высокі статус у Рускім царстве з улікам іх роднаснай блізкасці да цара: маці Фёдара Аляксеевіча была народжанай Міласлаўскай.

Наступны запіс паведамляе, што праз пяць гадоў, у снежні 1680 г., кніга была ў якасці ўкладу змешчана ў царкву для памінання душы нябожчыка Рыгора Сідарава, іерэя царквы Прападобнай Марыі Егіпецкай Срэценскага манастыра.

Чарговы запіс паведамляе, што «сія кніга» ўжо належыць думнаму дзяку (думныя дзякі вялі справаводства Баярскай думы) Емяльяну Украінцаву і была набыта ім у царкве Прападобнай Марыі Егіпецкай. Нас зацікавіў той факт, што кніга, змешчаная ў якасці ўкладу паважанай асобы, праз непрацяглы час становіцца ўласнасцю іншай аўтарытэтнай асобы. Гэта можна растлумачыць адмысловымі заслугамі апошняй, а такія заслугі перад царквой Прападобнай Марыі Егіпецкай у Емяльяна Ігнатавіча сапраўды былі. Емяльян Украінцаў (1641 — 1708) — расійскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат. У жніўні 1700 г. ён у якасці надзвычайнага пасланніка Пятра Першага ездзіў у Канстанцінопаль для заключэння мірнага дагавора Расіі з Турцыяй, у дар ад Іерусалімскага Патрыярха атрымаў частку мошчаў Прападобнай Марыі Егіпецкай. У лютым 1707 г. сярэбраны каўчэг з мошчамі быў урачыста перанесены ў Срэценскі манастыр.

Кніга не затрымлівалася на адным месцы. У 1722 г., праз 14 гадоў пасля смерці Украінцава, з’явіўся новы запіс, у якім асобнік быў азначаны як уласнасць святара Пятра царквы Іаана Прадцечы, што знаходзілася ў Маскве.

Наступнага ўладальніка асобніка мы высветлілі з дапамогай штампа на кнізе: «Собственное собрание старопечатных и рукописных книг Стефана Федоровича Севастьянова». Стараабрадзец Сцяфан Севасцьянаў (1872 — 1944) жыў у Растове-на-Доне, быў заўзятым калекцыянерам. Усё жыццё ён збіраў старадрукаваныя і рукапісныя кнігі, яго калекцыя дасягала 700 тамоў. Асноўная частка была сабрана самім Сцяфанам Севасцьянавым галоўным чынам у перадрэвалюцыйныя гады, падчас Першай сусветнай, Грамадзянскай войнаў і ў першыя гады савецкай улады, калі кнігі можна было бачыць пакінутымі ў разбітых асабняках, пустых хатах, у зачыненых храмах, у макулатуршчыкаў і гандляроў выпадковымі рэчамі. У міжваенны перыяд Сцяфан Фёдаравіч збіраў кніжныя рэдкасці ў сваіх адзінаверцаў.

Яго сын Міхаіл (1928 — 2006) скончыў КабардзінаБалкарскі дзяржаўны ўніверсітэт, добра ведаў і збіраў старадрукаваныя і рукапісныя кнігі. У 1973 г. ён прадаў акадэмічнай бібліятэцы асобнік «Гутаркі...» разам з іншымі кнігамі, якія складалі невялікую частку яго калекцыі.

Асобнік не толькі ўпрыгожваў кнігазборы згаданых асоб. Уладальнікаў і чытачоў у яе было значна больш, у ёй шмат чытацкіх адзнак. Цяжка ўявіць сучаснага чытача, якога заахвоціў бы цяжэзны фаліянт аб’ёмам і вагой з мікрахвалёўку ці набіты рэчамі кейс, які немагчыма гартаць, лежачы на канапе. Трэба мець на ўвазе, што кірылічную кнігу традыцыйна «апраналі» ў пераплёт з драўляных дошак, абцягнутых скурай, што таксама дадавала вагі. Нягледзячы на гэта, наш асобнік часам круцілі, як канспект лекцый перад экзаменам. Гутаркі канстанцінопальскага архіепіскапа былі цікавыя не аднаму пакаленню чытачоў, прычым розных поглядаў. Што прываблівала чытачоў XVII — XX ст., якія запісы і паметы выяўлены на асобніку?

Адзін чытач зрабіў закладкі, наляпіўшы на патрэбныя яму аркушы кнігі палоскі паперы. Другі чытач акуратна пісаў «зри» («глядзі») карычневым чарнілам насупраць тэксту, які прыйшоўся яму даспадобы. Іншы адзначаў упадабанае выказванне скарочана, адной літарай «з», а таксама рыскамі, птушкамі і крыжыкамі на палях. Асобныя старонкі проста ўсыпаны чытацкімі адзнакамі, зробленымі рознымі почыркамі. Хтосьці не абмежаваўся простымі адзнакамі і пакінуў свае выказванні алоўкам: «нужно», «художит» (верагодна, у сэнсе «выкладае па-мастацку»), «бракобор» (бракаборы не прызнаюць неабходнасць шлюбу). Ён папрацаваў больш за ўсіх і нават склаў і запісаў алоўкам на форзацы кнігі спіс асабліва значных месцаў тэксту з указаннем нумароў старонак і стаўбцоў.

Кніга Іаана Златавуста «Гутаркі на 14 пасланняў апостала Паўла» стала важнай для многіх пакаленняў чытачоў. Сапраўды, відаць, прароцкімі былі словы архімандрыта Елісея Пляцянецкага, які напісаў у прадмове да яе: «...да будут слова книги сея паче меда устам вашим...».

Алена ЦІТАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».