Вы тут

Чым запомнілася праграма «BELARUS OPEN»?


Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» — добрая нагода не проста ацаніць сусветныя тэатральныя тэндэнцыі, але і ўзгадаць набыткі роднага тэатра ў праграме беларускага шоукейса. У адрозненне ад пастановак гасцей з іншых краін, чые спектаклі ладзіліся цягам двух тыдняў, праграма BELARUS OPEN пачалася ў пятніцу і скончылася ў панядзелак, забяспечыўшы аматараў тэатра насычанымі на спектаклі выхаднымі. Гэтыя дні прадэманстравалі актуальны зрэз нашага тэатральнага мастацтва. Некаторыя пастаноўкі спарадзілі спрэчкі і неадназначнае стаўленне. Але калі ёсць жаданне спрачацца, значыць, беларускі тэатр выклікае інтарэс?


Сцэна са спектакля «Цень думкі нашай».

Праграма BELARUS OPEN распачалася са спектакля «Кар’ера доктара Рауса» па п’есе Віктара Марціновіча ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева: значная для беларускага кнігадрукавання дата ў юбілейны год адлюстраваная і на тэатральнай сцэне. Але «Гістарычна недакладная трагікамедыя», прысвечаная першадрукару, пацвердзіла сваё права на існаванне ў любы час і без прывязкі да даты. Нягледзячы на заяўленую недакладнасць, п’еса не парушае храналогіі: гады жыцця Скарыны адлічваліся, бы хвіліны на гадзінніку з выбуховым механізмам. Мяняюцца абставіны-дэкарацыі, а людзі вакол Францыска, па сутнасці, застаюцца тыя ж. Ён вымушаны круціцца ў коле безупынных палітычных махінацый і несумленных амбіцый. Праблема ў тым, што Скарына разумее рэчы, якія яшчэ не ўсведамляюць яго сучаснікі. Думкі першадрукара пра сваё месца ў свеце і значнасць кнігі паступова пераходзяць да больш глабальных рэчаў: што ёсць народ, часткай якога з’яўляецца Скарына?..

Зварот да беларускай культуры і літаратуры ў прыватнасці дапамагае айчынным тэатрам весці дыялог з гледачом. Напрыклад, паводле Уладзіміра Караткевіча паставіў спектакль «Сіняя-сіняя» рэжысёр Ігар Казакоў у Магілёўскім абласным тэатры лялек. Гісторыю іншага літаратара адзначылі ў пастаноўцы Ніны Обухавай «Цень думкі нашай», якую прывезлі ў Мінск з Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (Віцебск). Дзея будуецца вакол пісьменніка і драматурга Францішка Аляхновіча. Лёс Аляхновіча быў складаны: творы забаранялі, яго самога абвінавацілі і саслалі ў лагер. Убачыць сцэнічнае ўвасабленне гэтай асобы было цікава, але здаецца, што моцны бок гэтага спектакля — менавіта значнасць асобы Францішка Аляхновіча.

Не знікае цікавасць у нашых тэатраў да твораў рускай класікі. Сваю версію чэхаўскай «Чайкі» прапанаваў рэжысёр Гродзенскага абласнога тэатра лялек Алег Жугжда. П’еса апошнім часам вельмі папулярная ў Беларусі, у тым ліку з-за таго, што дае падставы для трактовак і гульняў з формай. «Чайка» з Гродна — драматычная. Лялечны ў ёй — тэатр Трэплева, які нібыта ўплецены ў канву апавядання: яго часткай становяцца ў пэўных эпізодах героі, жыццё, паводзіны якіх выглядаюць лялечнымі (несамастойнымі) ці надта тэатральнымі. І так Жугжда адказвае на пытанне, чаму страляецца Косця: яго забіла Ніна… сваім некаханнем. Да гэтага разумення нас падводзяць паступова і праз кранальныя — да слёз — сцэны.

Незалежны тэатр танца «Альтана», які займаецца сучаснай харэаграфіяй, паказаў пластычны спектакль паводле аповесці Фёдара Дастаеўскага «Пакорлівая». Перад пастаноўшчыкамі — рэжысёрам Аленай  Медзяковай і харэографам Ганнай Корзік паўстала няпростая задача: перадаць падзеі аповесці не сродкамі драматычнага тэатра, а праз танец і музыку. Па сутнасці, галоўныя героі павінны былі станцаваць самоту і адасабленне, складаную ўнутраную барацьбу паміж мужам і жонкай, мужчынам і жанчынай, а ў выніку — прыйсці да кахання і адзінства, непадуладнага нават смерці. Без тэксту не абышлося: ён прысутнічаў, але «за кадрам», словы не належалі артыстам.

У спектаклі Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек «Пансіён “BELVEDERE”» ад італьянскага рэжысёра Матэа Сп’яцы таксама абышліся без сцэнічных дыялогаў ды маналогаў: спектакль пастаўлены цалкам без слоў. У «Пансіёне “BELVEDERE”» ўсё да месца: і італьянскія песні, што гучаць па радыё, і галасы дыктараў ды герояў серыялаў на тэлебачанні. Асаблівы каларыт дадае праца мастака-пастаноўшчыка Таццяны Нерсісян, якая праз адметную творчую манеру здолела «ажывіць» жыхароў дома састарэлых.

У прэм’ерным спектаклі гэтага лета «Anti[gone]» ад Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» (рэжысёр Аляксандр Марчанка) спалучыліся антычная трагедыя і сучасная дакументальная драма. Дэкарацый амаль не было, ды і навошта лішнія сродкі выразнасці, калі манументальнасць грэчаскай трагедыі падкрэслівалі скульптуры Мемарыяльнага музея-майстэрні З. І. Азгура? Высветлілася, што «Антыгона» Сафокла актуальна гучыць і ў ХХІ стагоддзі. Тысячы год таму антычны драматург звярнуў увагу на момант, які размяжоўвае справядлівасць і закон. Але як зрабіць паміж імі выбар? Як заўважыў Альбер Камю, «няма Ісціны, ёсць толькі ісціны». Разам з Антыгонай праз спектакль вядуць асабістае даследаванне нашыя сучаснікі. Гісторыі рэальных людзей шчыльна спляліся з гісторыяй галоўнай гераіні трагедыі. Паміж імі палягаюць тысячагоддзі, але здаецца, што ўсе ўдзельнікі пастаноўкі разумеюць адзін аднаго. Яны сутыкнуліся з несправядлівасцю ў розных яе праявах, пачынаючы ад прадузятасці чалавечых стасункаў і нават да непазбежнай смерці. Смелыя асабістыя расповеды беларусаў, што ўзнімаліся з месцаў у глядзельнай зале, нібыта падкрэслівалі пазачасавую значнасць падзей. Здавалася, кожны з прысутных можа далучыцца да дзеі, бо ўсе час ад часу сутыкаліся з такімі сітуацыямі. У спектакля «Anti[gone]» атрымалася размыць мяжу паміж жыццём і тэатрам.

Сярод іншых пастановак вылучыўся спектакль Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча «Лондан». Каманда з Бабруйска прывезла на форум незвычайную камедыю. У якасці «героя нашага часу» ўзяты сярэднестатыстычны сантэхнік Гена, які ў вольны час займаецца саломапляценнем. Гэтае хобі аднойчы прыводзіць яго ў Лондан: Гена перамагае ў спаборніцтве і едзе прэзентаваць свой выраб у Англію. Спектакль заснаваны на рэальных падзеях, але жыццёвым яго робіць не сама гісторыя, а яе ўвасабленне. Дэталі — моцны бок пастаноўкі. Гэта і дакладна апісаная дарога з дома на работу, дзе лёгка пазнаць звычайныя мінскія маршруты, і фотаздымкі, што паказвае Гена сваім сябрам (угледзьцеся ўважлівей: побач з тэлефонам у нумары лонданскага гатэля ляжыць беларуская вафля «Витоша»), і надзвычай тэхнічны расповед пра жыццё сантэхніка, які можа навучыць пераадольваць не толькі жыццёвыя праблемы, але і сапраўдныя засоры, — усёй пастаноўцы хочацца сказаць шчырае «Веру!». Лексічны запас спектакля, канечне, не для далікатнага слыху, але ці можна распавесці пра жыццё сантэхніка без трасянкі ды лаянкі? Калі не звяртаць увагу на знешнюю атрыбутыку, а паглядзець углыб, то лёгка ўбачыць гісторыю пра выхад з зоны камфорту, дакладней — са звыклага асяроддзя. Цэнтрам сюжэта становіцца падарожжа, пасля якога чалавек вяртаецца дамоў крыху іншы. Галоўнаму герою трэба было паляцець у Лондан, каб адшукаць у самім сабе любоў да Беларусі — так на сцэне ўздымаецца тэма радзімы і праяўленняў патрыятызму. «Лондан» паказаў, што патрыятызм, які можна знайсці ў інтэрнэце і растлумачыць у Вікіпедыі, адрозніваецца ад таго патрыятызму, які насамрэч ёсць у чалавека.

«Лондан» — гэта той выпадак, калі мы, смеючыся, спрабуем расставацца са сваімі заганамі», — заўважыла падчас абмеркавання вынікаў форуму тэатральны крытык і куратар праграмы BELARUS OPEN Людміла Грамыка. Сапраўды, падчас паказу смяяліся ў зале гучна і шчыра. У наш час, калі гледачоў у тэатр прывабліваюць камедыі, спектаклі кшталту «Лондана» асабліва патрэбныя, бо могуць не проста выклікаць смех, але і нечаму вучыць.

Нечаканае непаразуменне падчас абмеркаванняў выклікаў спектакль «Гэта ўсё яна» па п’есе Андрэя Іванова, пастаўлены ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі Монікай Дабраўлянскай. Ролі выконваюць заслужаная артыстка Беларусі Людміла Сідаркевіч і Дзмітрый Давыдовіч. Яны іграюць адначасова ў дзвюх прасторах: рэальнай і віртуальнай. Месца дзеяння — кватэра, у якой спрабуюць суіснаваць маці з сынам-падлеткам. Пасля смерці мужа і бацькі гэтага маленькага сямейства гора не зблізіла іх, а, наадварот, развяло па розных пакоях. Блізкія людзі больш не могуць размаўляць: усе спробы выйсці на кантакт заканчваюцца спрэчкамі. Але ў інтэрнэце справы ідуць інакш. Схаваўшыся за нікам Тофі, маці пачынае даследаванне жыцця свайго дзіцяці, якое паступова перарастае ў паўнавартасны дыялог. Такія розныя і такія падобныя, яны сварацца ў жыцці, а пасля скардзяцца адно аднаму самі на сябе ў інтэрнэце. Паступова набліжаецца трагедыя, незваротны вынік недарэчнай сітуацыі. На жорсткі фінал паказваюць сімвалічныя прадвеснікі развязкі: вольны герой бясконцага дзяцінства Пітэр Пэн і папугайчык, які не здолеў паляцець для выратавання ўласнага жыцця... Канфлікт паміж бацькамі і дзецьмі — тэма не толькі невычэрпная, але і вельмі адказная. Драматург і рэжысёр паказалі гледачу вострую праблему, але ў некаторых з’явіліся пытанні: ці не трэба было не толькі абазначыць праблему, але і неяк падштурхнуць аўдыторыю да яе вырашэння? Атрымліваецца, як у «Пакорлівай» Дастаеўскага: толькі б прыйсці на 5 хвілін раней, толькі б паспець растлумачыць...

Наогул, беларуская праграма прыцягнула «чалавечым» гучаннем. Спробамі праз тэатр весці дыялог, спрачацца пра тое, што хвалюе ў жыцці. І ў мастацтве: ёсць тэатральныя кірункі, якія ў нас пакуль не надта асвоеныя ці развіваюцца. Але і над гэтым працуюць. Напрыклад, над развіццём такога жанру, як перформанс. Ёсць асобы самааданыя, гатовыя на ахвяры дзеля мастацтва, — гэта можна было зразумець падчас праграмы РenAtra(C)tion-VIII у арт-прасторы «Верх». Каб данесці сваю думку, нашы мастакі-перформеры могуць цалкам распрануцца і расфарбаваць усё цела, апынуцца на крыжы, могуць схаваць твар пад халоднай маскай з ільду, загадзя ведаючы, што расплаўляць яе будзе вогненны струмень (проста жах!), хадзіць па бетоннай падлозе басанож (у памяць пра падзелы Рэчы Паспалітай і самаахвярнага Тадэвуша Рэйтана). Сёлета выступы прысвяцілі культаваму беларускаму мастаку і перформеру Алесю Родзіну, які ўласна дэманструе служэнне высокім ідэям у мастацтве.

Некаторыя тэмы, што закранулі спектаклі беларускага шоукейса «BELARUS OPEN», аказаліся балючымі і неадназначнымі. Але калі беларускаму тэатру нешта «баліць», значыць, ён жывы...

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Патрыятычны інтарэс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».