Вы тут

Дыскусія за заслонай


Падчас сустрэч у рамках «ТЭАРТу» асабліва адчуваецца: наша тэатральная прастора ўтрымлівае шмат пытанняў. Ці ведае тэатр свайго гледача? Ці павінен ён стаяць на ўзвышшы ды фарміраваць густы і погляды на жыццё альбо «ісці ў людзі»? Магчыма, беларусы не асабліва сочаць за пастаноўкамі, таму што жыццё на тэатральнай сцэне і на самай справе — гэта дзве паралельныя рэальнасці?.. Адказы шукалі падчас дыскусіі: што не так у беларускім тэатры?

Людміла Грамыка, тэатральны крытык, куратар праграмы BELARUS ОPEN міжнароднага тэатральнага форуму «ТЭАРТ»:

 — Што адбываецца ў беларускім тэатры? Многіх здзівяць лічбы: у нашай 10-мільённай краіне 28 дзяржаўных рэпертуарных тэатраў, і колькасць іх не мяняецца на працягу многіх гадоў. На 10 мільёнаў насельніцтва атрымліваецца 1  800 000 наведвальнікаў тэатраў. Такім чынам, ва ўсёй Беларусі не назбіраецца нават два мільёны гледачоў, а апошнім часам іх колькасць зменшылася на 200 тысяч. Мы губляем аўдыторыю, і разам з тым павялічваецца колькасць камедый у рэпертуарных тэатрах: зараз іх у афішах 76%. Да чаго ўсё гэта прыводзіць? Да дастаткова абсурдных сітуацый, калі адзін за адным выходзяць спектаклі з назвамі «Лэдзі на дзень», «Тэстастэрон», «Гарачыя матулі». Калі глядзіш на такую афішу, адразу ўзнікае пытанне: «Куды мы патрапілі і пры чым тут тэатр?».

Насамрэч камедыі не ратуюць сітуацыю, бо паток гледачоў памяншаецца. Тэатры не думаюць аб тым, што людзей можа прыцягнуць высокамастацкі прадукт ці адкрытая, вострая размова пра надзённае. Калі казаць пра «цяжкавагавыя» рэпертуарныя тэатры, якія ніяк не хочуць мяняцца, атрымліваецца, што задача іх мастацкіх кіраўнікоў — зарабляць грошы. Гэта рэзка звужае тэрыторыю для творчасці, але планы па гледачу, недахоп пастановачных і чалавечых рэсурсаў — моманты, з якімі таксама немагчыма не лічыцца.

У той жа час свет мяняецца, і разам з ім мяняецца тэатр. Апошнія некалькі сезонаў назіраць за нашым тэатральным працэсам становіцца ўсё цікавей. Існуе вялікая колькасць маладых таленавітых людзей, якія спрабуюць працаваць самастойна, вынікі іх працы вельмі годныя. Гэта і наш тэатр лялек, дзе, дзякуючы намаганням Аляксея Ляляўскага, з’явіліся яркія і цікавыя рэжысёры. Аляксей Ляляўскі, Алег Жугжда, Аляксандр Янушкевіч, Ігар Казакоў — гэта наша ўсё, таму што спрабуюць па-іншаму пабудаваць узаемадзеянне з гледачом, здольныя да самаразвіцця. У гэтым сегменце беларускі тэатр імкнецца абуджаць самасвядомасць. Рэжысёры спрабуюць адчыняць дзверы ва ўсе бакі свету, таму што немагчыма існаваць у ізаляцыі. Прыйшло шмат маладых таленавітых беларускіх драматургаў, якія ўжо даказалі сваё права на існаванне ў прафесіі. Праектны тэатр, які ўзнікае час ад часу са сваімі пастаноўкамі, здольны ўплываць на тэатральную свядомасць, паказваць зусім іншы якасны прадукт, паіншаму арыентаваць сучаснага чалавека. Перш за ўсё я кажу пра спектаклі мінулага сезона «Опіум» (рэжысёр Аляксандр Марчанка) і «Саша, вынесі смецце» па п’есе Наталлі Варажбіт, які паставіў Дзмітрый Багаслаўскі. Сёлета не было такога багатага выбару якасных пастановак, як летась, таму перада мной як куратарам Belarus Оpen стаяла складаная задача. Думаю, тры дні беларускага шоукейса паказалі, якія пытанні трэба вырашаць нашаму тэатру.

Аляксей Ляляўскі, галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек:

— Тэатр — гэта ў першую чаргу духоўная грамадская практыка, але духоўнасць сёння ёсць не ў кожным спектаклі. Таму і гледачу няма розніцы, на што ісці. Пакуль беларускі тэатр не прыцягне канкрэтных людзей, саюзнікаў, будзе падаць колькасць наведванняў, бо няма зацікаўленасці.

Да таго ж мяне вельмі турбуе наша аглядка на іншых. Арыенціры ціснуць з усіх бакоў. Адна справа — бачыць новае, успрымаць, вучыцца, але капіраваць формы бесперспектыўна. З аднаго боку, канструкцыя тэатра замкнёная, не мае знешніх выхадаў, а з іншага боку, мы спрабуем зразумець, куды трэба ісці. Я заўважыў, што ў Беларусі думаюць не пра чалавека, а разважаюць нейкімі катэгорыямі для пэўных грамадскіх слаёў. Тэатрам трэба звяртацца не да агульных сацыяльных тэм, а да праблемы канкрэтнага чалавека. Хто б ён ні быў: герой, партызан, ваяр, нават наменклатуршчык. Здаецца, у такім падыходзе больш праўды, чым у абагульненні. Мяне глыбока закранулі некаторыя спектаклі з праграмы Belarus Оpen, таму што яны сталі сумленным даследаваннем асобы. Іншыя ж спектаклі выклікалі яркае непрыманне, бо яны, нават калі задзейнічаюць добрых акцёраў, маюць якасную пастаноўку, па сваёй сутнасці фальшывыя, не пра людзей. Прыгожай глянцавай карцінкі недастаткова, хацелася б адпаведны змест. Я за тое, каб рабіць спектаклі проста, ярка і праўдзіва.

Людміла Грамыка, тэатральны крытык:

— Калі казаць пра духоўную практыку, узнікае наступнае пытанне: калі ж мы да яе наблізімся? Сёлета беларускую праграму паказвалі пасля міжнароднай, і з пункту гледжання не толькі прафесійных, але і відавочных рэчаў, заўважны кантраст. Гэтая праблема паўстае вельмі востра. Некаторыя кажуць, што цяпер разбураюцца мастацкія крытэрыі. Пры адсутнасці інстытуцыі, якая б сур’ёзна і паслядоўна займалася аналізам тэатральнага жыцця, атрымліваецца, што кожны чалавек сам сабе крытык.

Таццяна Арлова, тэатральны крытык:

— Я не належу да тых гледачоў, якія ходзяць толькі на камедыі альбо толькі на трагедыі, а па меры магчымасцяў гляджу ўсе спектаклі, бо люблю тэатр наогул і беларускі тэатр у прыватнасці. Калі згадваюць яго праблемы, то асноўнай перашкодай называюць тое, што ў нас няма грошай і ёсць цэнзураванне. Але гэтыя рэчы можна пераадолець, калі вельмі моцна захацець. Сёння адначасова з дзяржаўным рэпертуарным тэатрам развіваецца іншы (і вельмі перспектыўны!) тэатральны рух. Але я заўважаю, што кіраўніцтва рэпертуарных тэатраў вельмі баіцца канкурэнцыі. Тут можна пахваліць Аляксея Ляляўскага, які дазваляе працаваць на сваёй сцэне розным рэжысёрам, а таксама Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, дзе ў новых драматургаў і рэжысёраў ёсць магчымасць праявіць сябе. Сёння ў Беларусі распалася тэатральнае адзінства. Нас мала, мы ўсе адзін аднаго ведаем, і не трэба баяцца канкурэнцыі.

 Наконт таго, што адбываецца з публікай: не варта моцна раздзімаць гэтую праблему, бо ў тэатр ніколі не «бегалі» натоўпам. Мы ведаем, што тэатр не заўсёды прыносіць грошы, і працэс наведвання залежыць ад розных прычын. Кажуць, што журналістыка на папяровых носьбітах памірае, пераходзіць у лічбавы фармат. Гэта натуральны працэс. Тое самае адбываецца і тут: у гледача заўсёды будуць запатрабаваныя відовішчы, не звязаныя з тэатрам. Але заўважная праблема — недахоп у Беларусі тэатральных пляцовак. Калектывам няма дзе працаваць. Тая індустрыяльная прастора, якую мы зараз атрымалі і паступова асвойваем (як, напрыклад, Ок16), можа стаць не толькі месцам для паказаў спектакляў, але і пляцоўкай для дыскусій, збораў людзей. Мабыць, тады нешта можа скрануцца з месца.

 Дзмітрый Багаслаўскі, драматург, рэжысёр, акцёр:

— Сапраўды, вельмі крыўдна, што цяпер у беларускім тэатры існуе раскол. Тэатральнае грамадства ў нас вельмі маленькае, а акадэмічныя тэатры цяжка ідуць на кантакт, і гэта вялікая праблема. Паказальна, што ў беларускім шоукейсе з’яўляецца ўсё больш альтэрнатыўных спектакляў недзяржаўных тэатраў. Гэта сведчыць аб паспяховым развіцці прыватных пастановак. На шчасце, у краіне ўзнікаюць спектаклі незалежных калектываў, якія запатрабаваныя ў гледача. І калі ўжо так здарылася, што беларускі тэатр падзяліўся на дзве часткі, то кожная будзе ісці сваім шляхам.

Таццяна Траяновіч, кіраўнік цэнтра эксперыментальнай рэжысуры:

— Калі ў тэатральнай прасторы сёння існуе нешта новае, то яно існуе не дзякуючы нечаму, а насуперак. Праз вялікі энтузіязм тых людзей, якія хочуць займацца тэатрам. Рэальнай падтрымкі я не бачу. Вы кажаце пра маладое пакаленне; у нас ёсць фестывалі «М@рт-кантакт», «Белая вежа», Нацыянальная тэатральная прэмія... Але ці атрымаў нейкі бонус хаця б адзін малады рэжысёр пасля таго, як трапіў у намінацыю і стаў лаўрэатам? Перамагчы, канечне, прыемна, але далей зноў трэба пачынаць з нуля.

Паміж нашымі рэгіянальнымі і сталічнымі тэатрамі існуе вельмі вялікая дыстанцыя. Дыскусіі, якія адбываюцца ў Мінску, для абласных калектываў далёкія і незразумелыя. Выдатна, што ў Беларусі ёсць глядач, які гатовы прыйсці на нешта новае і цікавае. Але мы жывём у той сістэме, дзе заўсёды ёсць нейкі трэнд, у які павінны патрапіць. Няма разнастайнасці і выбару. Парадаксальна, але глядач не прыходзіць на канкрэтнага рэжысёра ці на твор канкрэтнага драматурга. Глядач ідзе ў будынак тэатра. Таму добра, што зараз вельмі настойліва пачала з’яўляцца нейкая альтэрнатыва. Ёсць пакаленне маладых драматургаў і рэжысёраў, якія так ці інакш працуюць у гэтым кірунку. Але праблема ў тым, што гэта ўсё яшчэ адзінкавыя праекты. Недастаткова разавага паказу. Спектакль павінен ісці ў пракаце хаця б год, каб яго бачылі гледачы. І нават аднаго года жыцця ў нас, як правіла, няма, бо няма пляцоўкі і падтрымкі. У тых умовах, у якіх існуе альтэрнатыўны беларускі тэатр, ужо добра тое, што ён жывы.

Дзіяна Балыка, драматург:

— Мне здаецца, праблема страты гледача пачалася з таго, што ў краіне, на жаль, няма добрага тэатра для дзяцей і падлеткаў. Вельмі мала драматургаў пішуць дзіцячыя і падлеткавыя п’есы. Калі ўжо сфарміравалася кола інтарэсаў, куды ўключаны інтэрнэт і камп’ютарныя гульні, серыялы (а гэта таксама драматургія, якую можна ўбачыць не ўстаючы з канапы), калі дзень на 24 гадзіны запоўнены, моладзь не пойдзе ў тэатр — ёй і так нядрэнна. Школьнікі, якія не ведаюць, што такое тэатр, аўтаматычна не жадаюць ісці на спектаклі. Калі дзіця атрымлівае досвед наведвання якаснага тэатра, яно хоча туды вярнуцца. Трэба заахвочваць маленькага гледача, аднак з гэтым узнікаюць вялікія складанасці. З тэатрам павінны быць звязаныя нейкія адукацыйныя праграмы, бо без гэтага мы не здолеем прыцягнуць новую аўдыторыю.

Кацярына Саладуха, дырэктар фестывалю студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар»:

— Хочацца дадаць колькі слоў у абарону беларускага гледача. Па-першае, не на карысць якаснаму тэатру працуюць прывазныя антрэпрызныя расійскія праекты, якія вабяць гледачоў імёнамі вядомых акцёраў. Кошт квіткоў звычайна высокі, але людзі гатовыя аддаць вялікую суму, каб паглядзець на «зорку» тэлеэкрана. На свой добры спектакль грошай ужо не застаецца... Падругое, гэта багацце антрэпрызы адбівае жаданне ісці куды-небудзь яшчэ. Гледачы «наеліся» камедый, хочуць убачыць якасны тэатр, але беларускім пастаноўкам не давяраюць. Па сваіх тэатральных праектах я ведаю, што беларусам не хапае дыялогу, адкрытай дыскусіі. Менавіта таму пасля абодвух спектакляў праекта Homocosmos мы робім дыскусіі. Бачна, што глядач актыўны, яму цікавая тэма, абраная для абмеркавання. На жаль, больш даверу ўзнікае да прыватных эксперыментальных праектаў, чым да дзяржаўных. Што тычыцца моладзі, можна падвесці вынікі «Тэатральнага куфра», дзе сёлета квіткі на ўсе спектаклі былі прададзеныя, забяспечыўшы аншлаг. Малады глядач актыўна ішоў на пастаноўкі, удзельнічаў у абмеркаваннях, быў гатовы ўспрымаць нешта новае. Да новага і варта рухацца беларускаму тэатру.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».