Вы тут

Канцэрты жоўтага лісця


Калі восенню холадна не толькі фізічна, але і душэўна, то сагрэць можа добрая музыка. Беларуская восень багатая на музычныя падзеі, таму выбраць ёсць з чаго: прывабная экзотыка, нечаканая класіка і беларускія матывы.

1. Вялікая зала Белдзяржфілармоніі працягвае новы сезон незвычайнай падзеяй: 5 лістапада можна пачуць канцэртнае выкананне оперы «Атэла». Цягам апошніх 15 гадоў на філарманічнай сцэне оперы ўжо гучалі, але гэта ўсё яшчэ незвычайны і доўгачаканы досвед, які сёлета аднаўляецца пасля пяцігадовага перапынку. Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь прадставіць оперу Вердзі, а прысвечанае выступленне будзе юбілею Аляксандра Анісімава. Бягучы год аб’яўлены Годам італьянскай культуры ў Беларусі, таму асабліва прыемна, што над «Атэла» працаваў італьянскі рэжысёр Карла Антоніа дэ Лючыя, які распрацаваў сцэнічную партытуру. Як і ў іншых оперных пастаноўках аркестра, у «Атэла» на сцэну філармоніі выйдзе зорны склад салістаў з розных краін: П’еро Гульячы — Атэла (Італія), Ірына Крыкунова — Дездэмона (Расія), Дэменіка Бальцані — Яга (Італія), Іван Міхайлаў — Касіа (Расія), таксама беларускія спевакі і Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Г. Шырмы.

2. Г урт «Harotnica» з самага пачатку існавання называе сябе «дэструктыўным пажарным аркестрам». Калі менавіта такога аркестра, а не сімфанічнага, хочацца восеньскім вечарам, то 29 кастрычніка TNT Rock Club запрашае на бясплатны канцэрт калектыву. У 2007 годзе гурт заснаваў мастак і паэт Андрусь Такінданг, які распрацаваў і канцэпцыю: лірыка пра складаны жаночы лёс павінна рваць душу слухача. З часам акустычны бэнд разросся ў групу з 8 чалавек, а ў аднаскладную канцэпцыю ўпляліся элементы ска, класікі, рэгі, джаза, фанку ды іншых жанраў. Калектыў адрознівае незвычайны інструментальны склад (яркая група духавых, выкарыстанне домры), нестандартныя формы песень, доўгія імправізацыі і паводзіны на сцэне. На канцэрце гурт выступіць з новым электронна-акустычным праектам «Harotnica mix».

3. Экзатычны канцэрт-трыб’ют «Легенда блюза Джон Лі Хукер & Cross B Band» адбудзецца 29 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі. Арганізатары адзначаюць, што гэта падарунак не толькі для знаўцаў і прыхільнікаў блюза і джаза ў Беларусі, але для тых, хто толькі пачынае адкрываць для сябе магію гэтай музыкі. У сталіцу завітае Джон Лі Хукер — амерыканскі блюзавы спявак і гітарыст, які зрабіў унёсак у развіццё поп-музыкі другой паловы ХХ стагоддзя. Нягледзячы на тое, што Хукер пачаў выступаць даўно, сусветная вядомасць і нават мода на гэтага выканаўцу прыйшла ўсяго некалькі гадоў таму. Дзве апошнія кружэлкі музыканта замацавалі за ім славу лепшага блюзавага выканаўцы свету. Цяпер перавыдаюцца і больш раннія запісы музыканта, а яго сябры-артысты адзначаюць, што «нам пашанцавала жыць у адзін час з ім». Неаднойчы Хукер станавіўся лаўрэатам прэміі «Грэмі», таму можна з дакладнасцю зазначыць, што блюз у яго выкананні — гэта тое, пра што кажуць: «Не музыка, а магічная сіла і стан душы».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».