Вы тут

У вёсцы Шамятоўка працуе цэх па вытворчасці рыбнай прадукцыі


Сёлета ў вёсцы Шамятоўка Кобрынскага раёна запрацаваў цэх па вытворчасці рыбнай прадукцыі, які належыць прадпрыемству «ЮдзісІнвест».


Чатыры гады таму малады кобрынскі бізнесмен Дзмітрый Карасюк разам з таварышамі стварылі невялікае прадпрыемства па перапрацоўцы рыбы ў горадзе. А калі справы пайшлі ўгору, адчулі, што настаў час пашыраць вытворчасць. Пачалі шукаць памяшканне, якое можна было б пераабсталяваць пад цэх. Многія аб'екты перагледзелі ў найбліжэйшых ад горада вёсках, але прымальны варыянт усё не знаходзіўся. Тады ў райвыканкаме падказалі прыгледзецца да былой калгаснай канторы ў Шамятоўцы. Хоць размешчана яна далекавата ад райцэнтра, за 26 кіламетраў, але будынак прадалі за адну базавую велічыню — з умовай стварэння не менш як трох рабочых месцаў.

За паўгода новы гаспадар прывёў пабудову ў парадак, зрабіў неабходны рамонт, абсталяваў цэх. І вось ужо вясной на работу былі прынятыя людзі, і не тры, а 20 чалавек. На прадпрыемстве выпускаюць рыбныя прэсервы розных відаў. Нядаўна асвоілі такую навінку, як філе селядца ў сырнай заліўцы. Селядца ў сырнай «шубе» пакуль не выпускае ніхто ў нашай краіне, так што спадзяюцца, што з рэалізацыяй праблем не будзе. Яшчэ на прадпрыемстве плануюць запусціць вытворчасць нестандартнай закускі — каўбасак з сёмгі. Усяго ў «ЮдзісІнвест» зараз зарэгістраваныя тры ўласныя гандлёвыя маркі і дзесяць відаў фасоўкі прадукцыі. Тут ужо будуюць планы па адкрыцці другога і трэцяга цэхаў. Значыць, паявяцца новыя рабочыя месцы.

Загадчыца сектара аддзела эканомікі Кобрынскага райвыканкама Ірына Брынчук гаворыць, што правільны выбар пляцоўкі для новай вытворчасці становіцца важным складнікам для любога пачаткоўца ў бізнесе. Аб гэтым сведчыць і прыклад прадпрыемства «ЮдзісІнвест». У райвыканкаме, дарэчы, сфарміраваная адзіная база маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, — яе прапаноўваюць для продажу і здачы ў арэнду суб'ектам малога і сярэдняга бізнесу. Спіс пастаянна абнаўляецца, зараз у ім значыцца 115 аб'ектаў нерухомасці. Прадпрымальнікам прапануюць 35 перспектыўных, у тым ліку індустрыяльных, пляцовак для будаўніцтва вытворчых і невытворчых аб'ектаў, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі раёна.

Паводле слоў Ірыны Брынчук, у перыяд з 2015 года толькі суб'ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва раёна створана больш за дзве тысячы рабочых месцаў. У гэтым шэрагу не апошнім з'яўляецца прадпрыемства «ВЕЛПАК-Кобрын». Яно паспяхова працуе ў раённым цэнтры некалькі гадоў. Упакоўку з гафракардону тут заказваюць прадпрыемствы хімічнай і медыцынскай прамысловасці, а таксама харчовай і абутковай сферы. Экалагічныя і зручныя скрыні цяпер запатрабаваныя ў любой вытворчасці. Дык вось, зусім нядаўна была адкрыта другая лінія па выпуску кардону, работу атрымалі 46 чалавек.

Па колькасці новых рабочых месцаў апошнім часам лідзіруюць швейнікі. Больш за тры дзясяткі кабрынчан змаглі працаўладкавацца на новых вытворчасцях прадпрыемстваў «Скай-Арт» і «Скач-Арт». Цікавую, зусім новую для нашай краіны справу асвоілі швейнікі ТАА «Фабрыка «Модны горад». Яны выпускаюць джынсавае адзенне — каля паўсотні розных мадэляў.

Пляцоўку для цэхаў бізнесменам таксама падабраў райвыканкам. Ёй стаў адміністрацыйны будынак па вуліцы Дзяржынскага, размешчаны фактычна ў цэнтры горада. Памяшканне перадалі фірме ў бязвыплатнае карыстанне на тры гады з умовай стварэння новых рабочых месцаў. У вельмі сціслыя тэрміны прадпрымальнік зрабіў рамонт, завёз швейныя машынкі і іншае абсталяванне. І вось ужо 40 чалавек працаўладкаваныя на новай фабрыцы.

За паўгода прадпрыемства Алега Кудзіна давяло выпуск прадукцыі да дзвюх тысяч адзінак. Адкрыты фірменны магазін у Кобрыне. Дагавор на рэалізацыю заключылі з некаторымі іншымі швейнікамі, напрыклад Пінскай трыкатажнай фабрыкай. Спачатку тканіну для джынсаў куплялі ў Турцыі, потым у Пакістане, а цяпер кантракт на пастаўку падпісалі з Аршанскім ільнокамбінатам. Відаць, ужо можна гаварыць пра джынсы цалкам айчыннай вытворчасці.

Далей у планах «Моднага горада» пашыў вырабаў з норкавых і пясцовых шкурак па грэчаскай тэхналогіі, развіццё гандлю ўласнай прадукцыяй у сваёй краіне і павелічэнне экспарту ў Расію. Ну а для гэтага, як вядома, спатрэбяцца новыя штатныя адзінкі.

Прыклады такой дзелавой ініцыятывы, аб якіх расказвалася вышэй, выглядаюць вельмі пазітыўна і абнадзейваюць. Сюды ж можна аднесці і прадпрыемства «БелТрактары» ў вёсцы Пескі, дзе арганізавана зборачная вытворчасць малагабарытнай тэхнікі для сельскай гаспадаркі і створана адпаведна 48 рабочых месцаў. І хоць, паводле даных статыстыкі раёна, у структуры відаў дзейнасці па-ранейшаму пераважае аптовы і рознічны гандаль, апошнім часам усё ж намецілася тэндэнцыя да зніжэння яго долі. Бо адкрываць і развіваць сваю справу ў краіне становіцца прасцей. Павінна зменшыцца колькасць праверак, заканадаўства перажывае лібералізацыю.

Сяргей ДЗЕНІСЮК, начальнік аддзела эканомікі Кобрынскага райвыканкама:

— Як сведчаць вынікі мінулага года, Кобрынскі раён заняў трэцяе месца ў вобласці па колькасці арганізацый малога і сярэдняга прадпрымальніцтва пасля Брэста і Баранавічаў і другое месца — па аб'ёме прамысловай вытворчасці такімі суб'ектамі. Паспрыяць названаму працэсу павінна і новая структура, зарэгістраваная летась, — цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва — прыватная ўстанова адукацыі «Вучэбны цэнтр «Усенавуч».

На апошнім пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама старшыня абласнога камітэта эканомікі Міхаіл БАЦЭНКА агучыў такія лічбы:

— У студзені—верасні гэтага года ў рэгіёне створана 560 новых арганізацый мікра- і малога бізнесу. У тым ліку зарэгістравана 91 прамысловае прадпрыемства, 45 з іх ужо прыступілі да выпуску прадукцыі. Па гэтых паказчыках Брэстчына ўваходзіць у тройку лідараў пасля Мінска і Мінскай вобласці. Паступленні ў бюджэт ад бізнесу ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года выраслі на 4,2 працэнта, на 30,5 працэнта павялічыўся і аб'ём экспарту.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Кобрынскі раён

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Новае месца пустым не бывае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?