Вы тут

Як ідзе работа па стварэнні працоўных месцаў?


33 тысячы. Столькі беларусаў, згодна з заданнем на першае паўгоддзе, неабходна было ўладкаваць менавіта на новыя працоўныя месцы. Справіцца ўдалося на 92,5 працэнта. Ці атрымаецца да канца года ўзяць планку ў 70 тысяч новых месцаў? У якіх сферах вакансіі адкрываюцца больш актыўна? І што могуць зрабіць мясцовыя органы ўлады, каб паспрыяць пашырэнню існуючых прадпрыемстваў і з'яўленню новых?


«Да канца года ўсе актывізуюцца»

За першае паўгоддзе ў Беларусі было ўладкавана на работу 297,5 тысячы чалавек. З іх кожны дзясяты (гэта 30,8 тысячы грамадзян) — на новае працоўнае месца. Прычым 17 тысяч гэтых вакансій былі адкрыты на новых прадпрыемствах.

Заданне па стварэнні працоўных месцаў цалкам выканалі толькі дзве вобласці: Брэсцкая (на 105,6 працэнта) і Гродзенская (на 108,2 працэнта). Калі глядзець дэталёва па рэгіёнах, то не справіліся 56 раёнаў са 128. У Мінску, напрыклад, заданне па ўвядзенні новых вакансій выканана толькі на 87,1 працэнта. Праўда, і план для сталіцы самы вялікі — за паўгода ўладкаваць на створаныя месцы 14,3 тысячы чалавек (для параўнання, планка для Гомельскай вобласці — 3,2 тысячы чалавек).

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны лічаць, што заданне на 2017-ы ўсё ж такі будзе выканана. «Звычайна ўсе актывізуюцца бліжэй да канца года. Да таго ж маленькія прадпрыемствы (з колькасцю работнікаў да 100 чалавек) Белстатам у агульнай статыстыцы не ўлічваюцца», — кажа начальнік упраўлення палітыкі занятасці ведамства Алег ТОКУН.

Ён дадае, што вакансіі ствараюцца як для спецыялістаў, так і для прадстаўнікоў рабочых прафесій.

Персанал набіраюць у гандлі і грамадскім харчаванні

Каля паловы новых працоўных месцаў прыпадае на сферу аказання паслуг, гандлю, грамадскага харчавання. Так, у сталіцы 43,1 працэнта ад усіх створаных вакансій — у арганізацыях гандлю, 11,2 — у галіне інфармацыі і сувязі, 7,9 — на вытворчасці.

Якія менавіта месцы з'яўляюцца? Мінчанін Аляксандр Дарашэвіч, напрыклад, паўгода таму адкрыў рэстаран азіяцкай кухні «Ronіn» з дастаўкай на дом, дзе было створана каля 50 вакансій: набіраліся кухары, афіцыянты, кур'еры, адміністратары, аператары кол-цэнтра.

— Я ўсё жыццё працую ў грамадскім харчаванні. Канкурэнцыя ў гэтай сферы страшэнная, — прызнаецца прадпрымальнік. — Лідары рынку ўжо 10—12 гадоў існуюць, таму новым кавярням складана. Але мы змаглі заняць сваю нішу, бачым, што колькасць гасцей расце. Паназіяцкую кухню — в'етнамскую, карэйскую, японскую — мы адаптуем пад беларускі густ і нашы лакальныя прадукты. Ялавічыну, свініну, агародніну закупляем тут, бо на імпарце не выжывеш.

Пад рэстаран Аляксандр зняў памяшканне ў 260 квадратных метраў і, па яго словах, «выціскае з гэтага па максімуме». Таму ў дадатак запусціў і службу дастаўкі.

— Сярэдні заробак у абслуговага персаналу — 400 рублёў. Вялікіх грошай абяцаць пакуль не магу, трэба глядзець на дынаміку. Але працаваць у нас цяжка, патрабаванні жорсткія: усё ж такі санітарны стан на кухні павінен быць ідэальным, — кажа Аляксандр Дарашэвіч.

Іншая сетка рэстаранаў хуткага харчавання з пачатку года ўвяла пад дзвесце новых працоўных месцаў.

— Мы адкрылі чатыры аб'екты ў Мінску і два ў Гродне, — расказвае аперацыйны дырэктар «Бургер Кінг Беларусь» Наталля Каніна. — У кожны рэстаран былі патрэбны кухары, касіры, менеджары. Патрабаванняў па ўзросце і адукацыі няма: персанал праходзіць навучанне непасрэдна на працоўным месцы.

— Ахвотных уладкавацца на работу было шмат?

— Дастаткова. Але гэта залежыць і ад сезоннасці: летам звяртаецца менш людзей, восенню і зімой больш. Паколькі ў нас зручны гібкі графік, прыходзіць шмат студэнтаў, якія могуць сумяшчаць работу з вучобай.

Што да заробкаў, то, адзначае Наталля Каніна, яны параўнальныя з тымі, што сёння прапануе рынак. Для кухараў і касіраў пачатковая стаўка — 3,5 рубля ў гадзіну (пры стандартным 40-гадзінным працоўным тыдні атрымліваецца 560—600 рублёў у месяц). Заробак менеджараў залежыць ад стажу і аб'ёму працы.

Вытворчасць ідзе ў рэгіёны

Менш актыўна, але ствараюцца вакансіі і на вытворчасцях. На дзяржынскім прадпрыемстве «МАВ», дзе выпускаюць лакафарбавыя матэрыялы, з пачатку года прынялі на новыя месцы 19 чалавек. Гэта такія спецыялісты, як кантралёр якасці тэхналагічнага працэсу, інжынер-праграміст па аўтаматызацыі складской лагістыкі і вытворчасці, спецыяліст па рабоце з кліентамі. Запрашаліся апаратчыкі прыгатавання замесаў: прадпрыемства не спраўлялася з вялікім аб'ёмам заказаў, таму расшыралася і ўводзіла трэцюю змену.

Нядаўна кампанія выкупіла будынак ільнозавода, які рыхтаваўся да ліквідацыі. Патрэбны былі рабочыя рукі, каб прывесці яго ў добры стан. Таму наймаліся рабочыя па комплексным рамонце, электрагазазваршчыкі.

— У сакавіку, калі ўсе будоўлі былі згорнуты, мы набіралі будаўнікоў, — дадаюць у аддзеле кадраў. — Людзі з вялікім вопытам самі хадзілі — прасіліся на працу. Рабочых, у прынцыпе, не складана знайсці. А вось спецыялістаў — праблема. Апаратчыкаў мы самі рыхтуем, бо іх нідзе не навучаюць.

На «АМКАДОР» — кіруючую кампанію холдынга» (яна ўключае ў сябе тры заводы) за дзевяць месяцаў бягучага года прынялі (і на новыя месцы, і на існуючыя) 306 чалавек. З іх кіраўнікоў — 28, спецыялістаў — 107, рабочых — 171. Узялі сёлета рэкордную колькасць маладых спецыялістаў — 46.

У холдынгу адзначаюць, што ў першую чаргу ім патрэбны кваліфікаваныя кадры, паколькі яны выпускаюць высокатэхналагічную прадукцыю — больш за 120 мадыфікацый машын. Плюс свой адбітак накладае мадэрнізацыя вытворчасці. Так, нядаўна тры цэхі былі заменены адным участкам праграмнага кіравання.

У канцы гэтага года «АМКАДОР» пачне будаўніцтва трох заводаў — у Калодзішчах, Кобрыне і Гомелі. А значыць, увядзе ў рэгіёнах і дадатковыя працоўныя месцы.

Памяшканне пад офіс — у бясплатную арэнду

Для з'яўлення новых вакансій патрэбны спрыяльныя ўмовы. Таму мясцовыя органы ўлады мусяць паклапаціцца аб тым, каб стварыць іх. У сталіцы, напрыклад, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы могуць браць у бясплатную арэнду памяшканні, калі абавязуюцца зрабіць там рамонт і ўвесці новыя працоўныя месцы (згодна з рашэннем Мінгарсавета ад 25 верасня 2012 года №250). Адзінае, яны не вызваляюцца ад аплаты камунальных паслуг.

— Такім чынам мы вырашаем адразу некалькі задач: эфектыўнае выкарыстанне дзяржаўнай маёмасці, стварэнне працоўных месцаў і спрыяльных умоў для вядзення бізнесу. Гэта зручна як арганізацыям з вопытам, так і прадпрымальнікам-навічкам, — лічаць у Мінскім гарадскім тэрытарыяльным фондзе дзяржмаёмасці.

У бясплатнае карыстанне прапануюцца аб'екты, якія на працягу 60 дзён не былі запатрабаваны. Такіх па горадзе 79: у асноўным гэта плошчы на першых паверхах дамоў і падвальныя памяшканні (з поўным спісам можна азнаёміцца на сайце Мінгарвыканкама і фонду дзяржмаёмасці). Каб атрымаць іх у арэнду, трэба звярнуцца ў ЖРЭА па месцы іх знаходжання. На бясплатных умовах аб'екты здаюцца на тэрмін, неабходны наймальніку, каб акупіць затраты на рамонт.

Пакуль прадпрыемствы ставяцца да гэтай магчымасці вельмі асцярожна, пралічваюць усе рызыкі. На сёння ў бясплатную арэнду ўзяты толькі адзін аб'ект.

— Баяцца: а што далей? Зраблю рамонт, патрачуся — а раптам памяшканне аднімуць? — разумеюць гэтыя апасенні ў тэрытарыяльным фондзе дзяржмаёмасці. — Таму мы ініцыявалі змяненні ў заканадаўства. Пасля заканчэння тэрміну бясплатнага карыстання ў ІП і юрыдычных асоб будзе права ўзяць гэта памяшканне ў звычайную арэнду без аўкцыёну пры мінімальным каэфіцыенце. Яны змогуць таксама выкупіць аб'ект. Змяненні хутка ўступяць у законную сілу, і прадпрымальнікі будуць больш абаронены.


Дзе ўжо плацяць «па пяцьсот»?

Самыя вялікія заробкі традыцыйна ў галіне ІТ. Там у сярэднім атрымліваюць 3,4 тысячы рублёў. У топе таксама работнікі паветранага транспарту: у верасні іх заработныя платы складалі 2,3 тысячы. 1,4 тысячы ў месяц маюць тыя, хто задзейнічаны ў горназдабываючай прамысловасці, 1,3 тысячы — на перапрацоўцы коксу і нафтапрадуктаў. Планку ў 500 долараў перасягнулі таксама сярэднія заробкі на вытворчасці фармацэўтычных прэпаратаў, у аптовым гандлі, выдавецкай дзейнасці і галіне тэлекамунікацый, фінансавай і страхавой дзейнасці, навуцы.

Менш за ўсіх, паводле Белстата, у верасні атрымлівалі супрацоўнікі цырульняў і салонаў прыгажосці — 440 рублёў у месяц. Невысокая аплата захоўваецца ў сацыяльных работнікаў (462 рублі) і ў бібліятэкараў, музейных работнікаў і іншых дзеячаў культуры (464 рублі).

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ і Фота Анатоля КЛЕШЧУКА



Якіх вытворчасцяў не хапае на вашай тэрыторыі і што неабходна стварыць?

Стварэнне працоўных месцаў — гэта тэма, якой удзяляецца вялікая ўвага з боку ўлад. Сёння пры жаданні можна знайсці работу, аднак бывае і так, што ў пэўным мястэчку папросту няма прадпрыемства, якое дапаможа рэалізаваць здольнасці шукальніка. Можа, трэба ствараць нешта новае?

Намеснік старшыні Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта па эканоміцы Алена ШЛОМА:

— Адназначна можна сказаць, што патрэба ў арганізацыі вытворчасцяў на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна існуе. І ў гарадах, і ў вёсках гэта пытанне надзённае. На сённяшні дзень ёсць варыянты, якія мы можам прапанаваць зацікаўленым, у будаўніцтве, — гэта пляцоўкі з развітой інфраструктурай, усімі неабходнымі камунікацыямі — электраэнергіяй, водазабеспячэннем. Мы праводзім работу і прадаём зямельныя ўчасткі пад арганізацыю вытворчасцяў. Напрыклад, па выніках продажу пляцоўкі каля адной з нашых вёсак можна сказаць, што ўжо ў наступным годзе ў нас рэальна будуць працоўныя месцы. Летась мы прадалі два ўчасткі, цяпер заканчваецца распрацоўка праектаў, а ў наступным годзе арганізуюць вытворчасці. Але да нас пакуль не прыходзяць маштабныя прадпрыемствы з сур'ёзнымі аб'ёмамі вытворчасцяў, сёння гэта толькі невялікія арганізацыі, якія даюць 20—30 працоўных месцаў.

Старшыня Сольскага сельскага выканаўчага камітэта Смаргонскага раёна Міхаіл МІРСКІ:

— На нашай тэрыторыі ёсць адзін стары завод, які цяпер перайшоў да замежнага прадпрыемства. Таму вельмі хацелася б уцягнуць яго ў гаспадарчы абарот як мага хутчэй, бо такім чынам з'явяцца новыя працоўныя месцы. Дарэчы, у нас была спецыяльная камісія, якая ўстанавіла, калі павінны быць задзейнічаны нявыкарыстаныя аб'екты. Таму мы вельмі чакаем, калі ўсё запрацуе. Якога прадпрыемства ў нас не хапае? Ведаеце, зараз наша сельскагаспадарчае прадпрыемства на добрым рахунку, рыбгас не з горшых у краіне. Не сказаў бы, што мы пакрыўджаныя. Сёлета пашыраецца птушкафабрыка на нашай тэрыторыі, уведзены новы забойны цэх. Акрамя таго, будзе праведзена рэканструкцыя былой свінафермы, пакуль уласнымі сіламі. А гэта ўсё — працоўныя месцы. Так што новыя прадпрыемствы нам і не патрэбныя, мы працуем з існуючымі.

Начальнік аддзела занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта Алена ПІМЕНАВА:

— Я лічу, што Шклоўскаму раёну ўсяго хапае. У нас ёсць і завод, і фабрыка, і сельскагаспадарчыя арганізацыі, і ўкладанні нармальныя. Я сказала б, што ў нас выконваецца баланс — хапае і людзей, і прадпрыемстваў. Адзіны аспект — гэта калі б эканоміка крыху лепш працавала, тады і заробкі былі б вышэйшыя. Гэта маё адзінае пажаданне, а так у нас сапраўды ўсё добра. Ёсць цікавы прыклад аб'яднання — цяпер ствараецца холдынг сельскагаспадарчых вытворчасцяў. Так што мы не стаім на месцы, а актыўна працуем. Вядома, штосьці і згортваецца, але гэта непазбежна. Ці задавальняюцца патрэбы людзей, якія шукаюць пэўнае працоўнае месца? Усё ўпіраецца ў заработную плату. Людзям хочацца менш працы, але пры гэтым больш грошай.

Старшыня Крыўскага сельскага выканаўчага камітэта Буда-Кашалёўскага раёна Аксана ЕЛІСЕЕНКА:

— Пытанне новых працоўных месцаў не вельмі актуальна для нас, паколькі ў нас ёсць вакансіі, на якія мы пакуль не можам знайсці работнікаў. Перад тым, як абмяркоўваць стварэнне новых месцаў, трэба запоўніць наяўныя! Індывідуальныя прадпрымальнікі і бізнес на нашай тэрыторыі асабліва не развіваюцца. З чым гэта звязана? Проста ў нас ёсць дзе працаваць людзям, што ж тады прыватнікам тут рабіць? Зямля ў гаспадарках апрацоўваецца, на заводзе — больш за 100 чалавек, таму ўсе занятыя. Я перакананая: тыя, хто жадае працаваць, маюць такую магчымасць. Чаму ёсць вольныя месцы? Існуюць вакансіі, для якіх у людзей папросту няма неабходнай адукацыі і навыкаў. Атрымліваецца нестыкоўка працоўнага кадра і патрабаванняў з месца. Заробак? На сённяшні дзень абстаноўка такая, што заробак усюды невялікі. Трэба гэты час перачакаць, усё яшчэ будзе. Упэўнена, што вакантныя месцы запоўняцца.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Новыя вакансіі — новыя магчымасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».