Вы тут

Яшчэ крыху, і адпадзе патрэба ў школах для глухіх


Штогод у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры отарыналарынгалогіі абследуюцца і атрымліваюць лячэнне каля 4 тысяч дарослых і дзяцей, выконваецца каля 5 тысяч аперацый. Штодня ў трох аперацыйных праводзіцца да 20 аперацый, шэраг якіх унікальныя для краіны. Сучаснае абсталяванне дазваляе атрымаць доступ ва ўсе аддзелы вуха, горла і носа. Прымяняецца галоўным чынам агульная анестэзія, аднак у некаторых выпадках магчыма і мясцовая — напрыклад, для праверкі слыху непасрэдна на аперацыйным стале.


Ма­ла­ды хі­рург Ган­на КУП­РЫ­Я­НА­ВА ад­пра­цоў­вае вя­дзен­не апе­ра­цыі на ся­рэд­нім ву­ху — у да­лей­шым яна бу­дзе зай­мац­ца ме­на­ві­та та­кой па­та­ло­гі­яй.

У кабінеце, дзе пачатковы агляд дарослых і дзяцей праводзіць загадчык прыёмнага аддзялення Дзмітрый Мальцаў, — усё, што трэба для дыягностыкі захворванняў вуха-горла-носа — тэмпанометр, рынаманометр... У звычайнай паліклініцы такога не сустрэнеш, а для ўстановы аховы здароўя чацвёртага ўзроўню гэта неабходнасць. Накіраваным сюды з усёй краіны пацыентам патрабуецца паглыбленае абследаванне. Выявілі тугавухасць? Пры некаторых яе відах падбіраецца слыхавы апарат.

— Па прагнозах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, да 2020 года чакаецца рост колькасці людзей з парушэннем слыху — да 20—30 працэнтаў ад усёй колькасці насельніцтва. Таму карэкцыя слыхавых парушэнняў рознымі спосабамі застаецца актуальнай, — тлумачыць загадчыца аддзялення слыхапратэзавання Святлана КАЗЛОВА. — Добрыя вынікі паказвае карэкцыя парушэнняў як сярэдняй, так і цяжкай ступені з дапамогай лічбавых слыхавых апаратаў замежнай вытворчасці, якія набываюцца ў краіне за бюджэтныя сродкі. Спецыяльная тэхніка дазваляе нам агледзець стан сярэдняга вуха, памераць зыходны ўзровень гукавога ціску барабаннай перапонкі, а сістэмны праграматар дапамагае настроіць слыхавы апарат. Падборам, настройкай, ацэнкай эфектыўнасці карэкцыі слыхавых апаратаў, адаптацыяй пацыентаў да пратэза займаецца сурдапедагог. Наша аддзяленне штогод выдае каля 800—900 заключэнняў на атрыманне слыхавога апарата дарослым і каля 150 — дзецям...

Статыстыка сведчыць, што ў 1—2 немаўлят на 1000 ёсць парушэнні слыху, — гэта генетыка. Аднак ёсць і шмат іншых прычын у такой паталогіі. Усё часцей парушэнні гукаўспрымальнасці пачалі сустракацца апошнім часам у маладых. Заўчаснае развіццё паталогіі звязваюць у тым ліку са злоўжываннем навушнікамі-затычкамі. Хоць аб'ектыўна з узростам, пачынаючы гадоў з 45, так ці іначай адбываюцца змяненні на ўзроўні ўнутранага вуха, парушаецца разборлівасць маўлення. Стан прагрэсіруе хутчэй, калі ў чалавека ёсць такія захворванні, як артэрыяльная гіпертэнзія, цукровы дыябет.

Ранні аўдыяскрынінг, калі яшчэ ў радзільні выяўляюць праблему са слыхам, пачаўся ў нашай краіне з 2008 года. Такіх дзетак дадаткова абследуюць і пасля выпіскі з радзільні. Разам з тым праблему нярэдка першымі заўважаюць бацькі, насцярожаныя тым, што малое не рэагуе на гукі, не вымаўляе ў годзік простую фразу кшталту «мама, дай!». На гэта звярнула ўвагу і мама дваіх дачок Кацярына. Ні ў яе, ні ў мужа, ні ў іншых сваякоў ніякай слыхавой паталогіі няма. А вось у абаіх дзетак — 5-гадовай Сафіі і 4-гадовай Паліны — глухата. Першы раз сям'я прыехала з Мазыра ў цэнтр отарыналарынгалогіі на абследаванне тры гады назад. Дзяўчаткам паставілі дыягназ, правялі аперацыю, якая называецца «кахлеарная імплантацыя». Цяпер на вушках дзяўчатак можна бачыць спецыяльныя прыстасаванні, пры дапамозе якіх яны чуюць!

Вось так вы­гля­дае «штуч­нае вуш­ка» — сі­лі­ко­на­вы пра­тэз.

Імплант перакадзіруе гукі ў электрычны сігнал, перадае на магніт, і ўстаноўлены ва ўлітку электрод стымулюе слыхавы нерв. Таму асноўным паказаннем для падобнай аперацыі з'яўляецца захаванне функцыі слыхавога нерва. Чуць з дапамогай слыхавога імпланта можна з той жа гучнасцю і інтэнсіўнасцю, з якой чуем усе мы. Хоць сам гук усё ж такі крыху зменены. Як кажуць дарослыя, што некалі страцілі слых і якім ёсць з чым параўноўваць, — у такім гуку адчуваецца нейкае металічнае адценне. Таму да чужароднага цела ў любым выпадку трэба прыстасавацца, а дзецям (тым больш тым, якія ад нараджэння пазбаўлены слыху) патрабуецца спецыяльнае навучанне. Займаюцца ўсім гэтым інжынер па наладцы кахлеарных імплантаў, сурдолаг і аўдыёлаг. Пасля падключэння апарата дзіця знаёмяць са светам гукаў, дапамагаюць адрозніць, што называецца, дыханне суседа ад гукаў на вуліцы. Паступова можна навучыць адрозніваць словы, а затым дзіця пачынае і размаўляць.

Сурдапедагог дзіцячага отарыналарынгалагічнага аддзялення Алена Мельнікава просіць Паліну назваць жывёл, намаляваных на картках. Дзяўчынка выдатна спраўляецца з задачай. Яе галасок гучыць так, што аб наяўнасці апарата не здагадаешся. Як прыйдзе час, дзяўчаткі пойдуць у школу. Сафія ўжо занятая адпаведнай падрыхтоўкай, ведае літары.

А на індывідуальныя заняткі па маўленні з Гродзеншчыны прыехалі мама з 4-гадовым Дзяніскам. У яго маторная алавія — першы ўзровень моўнага развіцця. «Спачатку хлопчык не меў зрокавага кантакту, не рэагаваў на дотык, у ягоным слоўнікавым запасе было ўсяго некалькі гукападобных слоў, — тлумачыць настаўнік-лагапед псіханеўралагічнага аддзялення, галоўны пазаштатны настаўнік—дэфектолаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алена ДАЛДОВА. — Мы працуем зараз над тым, каб праз месяц заняткаў Дзяніска асвоіў некалькі назоўнікаў, дзеясловаў і мог сфарміраваць кароткую фразу. Наогул пры маўленчых парушэннях мы бяром дзяцей з 3,5 да 18 гадоў».

З 2010 года дзеткам з адсутнасцю вушных ракавін або з грубымі парушэннямі іх развіцця ў навукова-практычным цэнтры робяць экзапратэзаванне сіліконавымі пратэзамі на тытанавых апорах. Слепак імпланта са здаровага вушка або з вуха мамы ці таты выконвае спецыяліст-анапластолаг. Падчас пластыкі вушной ракавіны адначасова праводзіцца і карэкцыя слыху — аўдыёлаг падключае гукавы працэсар. Мінімальны ўзрост выканання такога ўмяшання — шэсць гадоў пры пэўнай фізіялагічнай спеласці арганізма. Па меры росту дзіцяці, прыкладна кожныя пяць гадоў, імплант неабходна мяняць. 70 дзетак з усёй краіны перанеслі падобныя ўмяшанні, атрымалі магчымасць пайсці ў школу і нічым не адрознівацца ад равеснікаў.

Любы хранічны атыт — паказанне да хірургічнага лячэння. Бывае, што пашкоджана толькі барабанная перапонка. Тады ўчасткі замяшчаюць рознымі аўтатрансплантатамі. Калі ж ёсць карыес косці — яна разбураецца, то ўстанаўліваюць эндапратэзы слыхавых костачак і сістэма гукаправядзення аднаўляецца. Выкарыстоўваецца пры такіх умяшаннях беларуская распрацоўка тытанавай пласціны (тытан валодае найлепшымі якасцямі гукаправядзення).

— Мы імкнёмся да таго, каб у краіне не існавала школ для глухіх дзяцей, — а пакуль іх каля дзясятка, — заўважае дырэктар РНПЦ отарыналарынгалогіі, кандыдат медыцынскіх навук Мікалай ГРЭБЕНЬ. — Таму нашай першай навуковай распрацоўкай стала стварэнне рыестра дзяцей глухіх і з аслабленым слыхам. Сістэмай аўдыялагічнага скрынінгу ахоплена зараз каля 80 працэнтаў насельніцтва — усе радзільні маюць апараты для ранняга выяўлення парушэнняў слыху ў немаўлят. Бо зразумела: чым раней пачаць рэабілітацыю, тым лепшая будзе сацыяльная адаптацыя. Дзеці з парушэннямі слыху заносяцца ў рэестр, паводле якога потым выконваюцца хірургічныя ўмяшанні — кахлеарныя імплантацыі.

На пры­ёме ў за­гад­чы­цы ота­ла­рын­га­ла­гіч­на­га ад­дзя­лен­ня для дзя­цей Ма­ры­ны МАЙ­СЮК — 6-га­до­вая Да­ша з Брэсц­кай воб­лас­ці. У дзяў­чын­кі — па­шко­джан­не ба­ра­бан­най пе­ра­по­нкі.

Інавацыйнай распрацоўкай цэнтра сталі метады лячэння сіндрому абструктыўнага апноэ сна. Гадоў пяць назад для барацьбы з раптоўным спыненнем дыхання ў сне праводзілася вельмі прымітыўнае і малаэфектыўнае ўмяшанне. З таго часу спецыялісты распрацавалі цэлую сістэму дыягностыкі храпу. Каб высветліць, ці не пагражае ён жыццю, праводзіцца цікавая дыягностыка з дапамогай полісамнографа, які выяўляе колькасць спыненняў дыхання. Пацыенту даводзіцца спаць непасрэдна ў стацыянары з вялікай колькасцю датчыкаў. Падчас назіранняў высвятляюцца часам невядомыя самому храпуну дэталі яго хранічнага недасыпу. Некаторыя не спяць — і не здагадваюцца аб гэтым! — каля 4 гадзін з 8!

«Нераўнамерны сон, і гэта даўно даказалі вучоныя, парушае кровазабеспячэнне галаўнога мозга, чалавек не адпачывае, з-за чаго... спіць днём — за рулём, на пасяджэннях і г. д., — удакладняе начальнік навукова-даследчага аддзела, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Юлія ЯРОМЕНКА. — У нашым цэнтры ўдаецца ўстанавіць, дзе хаваецца прычына праблемы: у носе, глотцы ці пад глоткай? Колькі разоў спыняецца дыханне? У залежнасці ад гэтага выконваецца адпаведная аперацыя. Асвоілі падобныя аперацыі і хірургі ў абласцях. На бясплатнай аснове ажыццяўляюцца толькі тыя, што сапраўды звязаны з пагрозай гібелі».

У цэнтры выконваюцца ўсе слыхапаляпшальныя аперацыі, якія толькі могуць існаваць у свеце. Беларусь з'яўляецца тут лідарам сярод краін СНД. Не так даўно адкрыўся на базе ўстановы адукацыйны цэнтр, дзе на платнай аснове навучаюцца замежныя спецыялісты: прыязджалі калегі з Грузіі, Расіі, Украіны, Аўстрыі для асваення навыкаў хірургічнай імплантацыі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Поля чуе маму

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.