Вы тут

Скарына «ахутаны флёрам»?..


Жыццё і творчасць Францыска Скарыны на аснове дакументаў і фактаў, якія дайшлі да нас, канструяванне вобразу нашага першадрукара ў навуковай творчасці больш позніх эпох і яго ўспрыманне сучаснасцю абмеркавалі на міжнароднай юбілейнай навуковай канферэнцыі «Францыск Скарына. Асоба, гісторыя, успрыманне», якая праходзіла ў Беластоку і Гродне. Размова ішла і пра духоўны патэнцыял творчай спадчыны Францыска Скарыны.


Гаварылася і пра асэнсаванне яго асветніцкай справы, у прыватнасці Уладзімірам Калеснікам, і пра выдавецкую дзейнасць такіх асоб, як айцец Максіміліян Кольбэ і пісьменніца Эліза Ажэшка. На разнастайнасць даследаванняў указвалі іншыя тэмы: мастацкае разуменне Бібліі ў паэтычных творах Рыгора Барадуліна, ацэнка яе перакладаў у парыжскіх лекцыях Адама Міцкевіча, кірыліца і лацінка ў літаратуры для дзяцей на прыкладзе «АBЕСАDLО» Юліяна Тувіма і «А і Б» Сяргея Міхалкова, суадносіны гуку і колеру ў санэце Арцюра Рэмбо «Галосныя»... Ад выступлення да выступленя закраналіся аспекты літаратуразнаўчыя і мовазнаўчыя, гістарычныя і філасофска-эстэтычныя. Тым не менш дух Скарыны, як неаднойчы было вобразна сказана падчас канферэнцыі, працягваў лунаць над прысутнымі.

Доктар філалагічных навук, прафесар Святлана Мусіенка паспрабавала знайсці адказ на пытанне: чаму асобы вакол Скарыны вядомыя нам больш, чым ён сам (мы ведаем пра яго жонку, сучаснікаў і мецэнатаў, якія яму дапамагалі, а сам ён «ахутаны флёрам»):

— Чаму яго забылі на 450 гадоў, і што ён зрабіў, каб памяць пра яго нагадвала конус? Да рэвалюцыі ён уяўляўся выключна як рускі вучоны, і трагедыя заключалася яшчэ і ў тым, што першынство кнігадрукавання ва ўсходнеславянскім свеце прыпісвалася не яму, а Івану Фёдараву. Перыяд пасля рэвалюцыі прадстаўляе яго ўжо як беларускага навукоўца. І толькі калі спаўняецца 450 гадоў ад пачатку кнігадрукавання, пра Скарыну пачынаюць гаварыць ва ўсходнеславянскім маштабе. Сёння ж ён набывае сусветнае значэнне.

У сваім выступленні на канферэнцыі Святлана Мусіенка, адна з галоўных прадстаўнікоў арганізатараў, прадставіла тры тыпы скарынаўскіх вандровак.

— Першы — па веды — у Кракаў і Падую, універсітэты, дзе працавалі вядомыя навукоўцы, у тым ліку і Мікалай Капернік, чые лекцыі Скарына слухаў і з кім дыскутаваў. Другі тып вандровак звязаны з кнігавыданнем. Не даказана, што ён вандраваў па Італіі, але як бы ён пачаў друкаваць кнігі, калі б не патрымаў у руках першую італьянскую друкаваную Біблію? Я веру, што ён быў у Венецыі, і доказы гэтаму, несумненна, недзе захоўваюцца. Трэці тып вандровак — рэлігійны, у Вітэнберг, дзе адбылося асабістае знаёмства з Марцінам Лютэрам. Яго пошук сябе ў рэлігіі звязаны з яго дзейнасцю напрамую. Скарына верыць ва ўсёмагутнасць Бога, але ён слухаў лекцыі Мікалая Каперніка. У важнасці агульных прынцыпаў хрысціянства ён не сумняваецца, але, трэба думаць, яму было прыкра, што чалавек дазволіў сабе падзяліць хрысціянства. Вось чаму, акрамя магутнасці Бога, ён абвяшчае веліч чалавека. А яшчэ ён гаворыць пра любоў да роднай зямлі.

Прафесар Яраслаў Марэк Лаўскі, Беластоцкі ўніверсітэт:

— Вага гэтай канферэнцыі не толькі ў тым, што яна паказвае беларусам і палякам частку іх вялікага сумеснага дзяцінства і святкуе 500-годдзе найважнейшай справы Францішка Скарыны — яго тлумачэння біблейнага тэксту, але, найперш, у тым, што прадстаўляе беларускага творцу як еўрапейскага дзеяча. Для сучаснага чалавека, асабліва за межамі Беларусі, постаць Францыска Скарыны ахутана таямніцай. І гэта дае магчымасці новых пошукаў для новых навукоўцаў. Хоць не выключана, што Скарына застанецца таямнічым назаўсёды падобна Фаусту. Друкар, перакладчык, лекар, вандроўнік па ўсёй Еўропе... Такі жыццёвы шлях можа зацікавіць многіх сучасных маладых людзей, і не толькі на Беларусі.

— Канферэнцыю «Францыск Скарына. Асоба, гісторыя, успрыманне» можна лічыць часткай шырокай дзейнасці нашага ўніверсітэта ў год, калі Скарынам жыве ўся Беларусь, — адзначыў Мікалай Грынько, дырэктар навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы.

З беларускага боку ў якасці арганізатараў выступілі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, філалагічны факультэт і кафедра замежных моў, навуковая бібліятэка і навукова-дыдактычны каардынацыйны цэнтр «Міжнародны інстытут Адама Міцкевіча», а таксама Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Яфіма Карскага і філалагічны факультэт БДУ. Арганізарамі з польскага боку сталі Беластоцкі ўніверсітэт, філалагічны факультэт і кафедра філалагічных даследаванняў «Усход — Захад», а таксама навуковы аддзел Падляскай ваяводскай бібліятэкі імя Лукаша Гурніцкага.

Святлана Воцінава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».