Вы тут

Агляд Беларускага тыдня моды


На тыдні моды ў Нью-Ёрку мадэлі дэфілявалі ў тапачках з махрамі і веласіпедках, а ў Лондане — з клатчамі ў выглядзе падушак. У Мілане мадэльеры здзіўлялі спалучэннем спадніц з высокімі кампрэсійнымі шкарпэткамі, а ў Парыжы — празрыстымі пластыкавымі ботамі і сукенкамі з пер'я. Чаго толькі не бывае на паказах высокай моды! У Мінску з 24 па 29 кастрычніка прайшоў свой тыдзень моды — менш эксцэнтрычны. Расказваем, што прадставілі айчынныя дызайнеры на галоўным fashіon-мерапрыемстве беларускай восені.


У гэты час традыцыйна паказваюцца калекцыі наступнага сезона вясна-лета. Дызайнер Алёна Гарэцкая, напрыклад, стварыла адзенне, у якім можна адправіцца ў круіз. Пінжакі і касцюмы ў палоску, сукенкі ў яркі пальмавы прынт, камбінезоны з фламінга... Абыграны таксама стыль «мілітары» (ён не выходзіць з моды ўжо некалькі гадоў): мадэлі красаваліся ў жакетах, падобных да ваенных, і з брошкамі-ордэнамі.

Гуллівую калекцыю прадставіла Марына Давыдава. У малюнках на рэчах яна іранізуе над павальным захапленнем сэлфі. Не тое, што было раней: касеты, песні Depeche Mode (калі прыглядзецца да адзення на подыуме, можна было заўважыць на ім і выявы першых, і цытаты з другіх). Асноўныя колеры, якія дызайнер выбрала для сваёй калекцыі, — чырвоны, шэры, блакітны, бэжавы, светла-ліловы. А яшчэ Марына Давыдава ведае, як задаволіць тых, хто сам не вырашыў, што хоча надзець. Для гэтых выпадкаў яна прапануе сукенкі, пашытыя быццам з палавінак розных рэчаў. Мяркуючы па калекцыі, наступнай вясной застанецца модным і аксаміт. Толькі будзьце асцярожныя з гэтым матэрыялам: ён павялічвае ў аб'ёме.

Наталля Корж натхнялася стылем «мадэрн». А менавіта — жывапісам Густава Клімта. Таму іскрынкай калекцыі сталі арнаменты і яркія колеры: жоўты, сіні, бірузовы. Фасоны ў многім знаёмыя: сукенка ў падлогу ў бялізнавым стылі, плісірованая спадніца, падоўжаны жакет. Калі ў вашай шафе такія ёсць, можаце быць спакойныя: модны гардэроб на наступную вясну ўжо гатовы.

Мадэльер Ірына Бойцік зрабіла стаўку на светлыя тоны: малочны, пудрава-ружовы. Яна з ліку тых, хто прытрымліваецца мінімалізму. На думку дызайнера, наступным летам модніцам не абысціся без мужчынскіх касцюмаў і сарафанаў з запахам. Прывычныя клатчы і сакваяжы можна замяніць на шабеты (сумкі, якія носяцца на поясе, — улюбёная мадэль рыначных гандляроў). А яшчэ актуальнымі застануцца мюлі (незнаёмыя з моднай тэрміналогіяй хутчэй назавуць іх тапачкамі) — туфлі з закрытым носам, але без заднікаў.

Да праблемы сацыялізацыі людзей з інваліднасцю звярнулася ў сваёй калекцыі дызайнерка Таццяна Яфрэмава. Вельмі неназойліва: у дэталях на адзенні яна выкарыстоўвала вышыўкі-піктаграмы — элементы «яснай мовы», з дапамогай якой могуць кантактаваць людзі, што маюць праблемы са звычайным маўленнем. Фасоны адзення таксама простыя і лаканічныя. Наступнай вясной Таццяна Яфрэмава задае моду на кракадзілавую скуру ў аксесуарах і паліто і на белы, тэракотавы і залаты колеры.

Паспрабаваць свае сілы на гэтым тыдні моды вырашыла прадпрыемства «Камінтэрн». На працягу 98 гадоў фабрыка шые мужчынскія касцюмы і задавольвае патрэбы сярэднестатыстычнага беларуса, якога прымусіць надзець касцюм можа толькі вяселле і строгі дрэс-код на рабоце. Наступным летам «Камінтэрн» прапануе звярнуць увагу на падоўжаныя кашулі, якія нават пад пінжак носяцца навыпуск, і такі недаацэнены прадмет гардэроба, як камізэлька. З арыгінальных фасонаў — касцюм а-ля форма каратыста. Для падарожжа ў гарачыя краіны самае тое. Колеры калекцыі — ад прывычнага мужчынам сіняга да бэжавага і гарчычнага.

Усяго ў Беларускім тыдні моды прынялі ўдзел больш за 30 дызайнераў. Было прыгожа, ярка, практычна. А вось правакацыі не хапіла (рызыкнуў, бадай, толькі брэнд «Hіstorіa Naturalіs», які выпусціў мадэляў з заплечнікамі, падобнымі да паштовых скрынь). Будзем чакаць наступным разам.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота аргкамітэта Беларускага тыдня моды і  БЕЛТА

Загаловак у газеце: У чым паедзем у круіз?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».