Вы тут

Разбор конкурсу дакументальнага кіно «Лістапада»


Кінафестываль "Лістапад" пачынаецца ўжо 3 лістапада і ў чаканні гэтага дня мы звярнуліся да выкшталцонага асноўнага конкурсу дакументальнага кіно, адабранага праграмным дырэктарам Ірынай Дзям'янавай. Уласна яна і прадставіла для нас усе фільмы конкурсу і растлумачыла, чаму кожны з іх варта ўбачыць.


"Апошні вальс" Юліі Бабковай

— Чаму мы яго ўзялі? Па-першае, нам цікавы расійскі дэбют, а фільм здымала студэнтка УДІКа, па-другое, заўсёды цікавы Алег Каравайчук, а ён у гэтым фільме галоўны герой. Карціна так называецца, таму што ў ёй гучыць апошні твор кампазітара, яго вальс. Каравайчук — эксцэнтрычная асоба, але за яго дзівацтвам стаіць музыкальна-кінематаграфічны геній. Ён напісаў шмат абсалютна індывідуальнай, пазнавальнай музыкі для кіно, і мы ганарымся тым, што гэты чалавек працаваў таксама на нашай кінастудыі. Фільм "Апошні вальс" зроблены прафесійна, і больш за тое — дзякуючы фіналу ён атрымлівае асаблівую эмоцыю. Ты развітваешся і, што каштоўна, разумееш, з кім, які чалавек адыходзіць у вечнасць. Тут ёсць цікавыя планы: падрыхтоўка да чарговага канцэрта, сам канцэрт, шпацыры па Камарове, дзе Каравайчук жыў апошнія гады, яго разважанні пра свет. Увогуле, усё гэта ёсць у іншых фільмах, але паўтараю, у "Апошнім вальсе" ёсць эмоцыя, якая ў фінале дапамагае зразумець, што ты дакрануўся да генія.


"Прынц і дыбук" Эльвіры Неверы і Пятра Расалоўскі

— Я вельмі люблю гэтых аўтараў, Пётр Расалоўскі — таленавіты аператар, які шмат здымае і здымае экстракласна, мне падаецца, ён адзін з найцікавейшых сучасных польскіх аператараў. Пра фільм "Прынц і дыбук" я пачула ад яго прадзюсара. Яна запыталася ў мяне, ці ведаю я рэжысёра Мошэ Вакса, а я ўпершыню пра яго чула. Яна кажа, што і ў Польшчы гэта імя ніхто не ведае, хоць ён зняў адзін з самых цікавых даваенных польскіх фільмаў — экранізацыю легенды пра дыбука, і ўвогуле з'яўляецца фантастычнай асобай і найярчэйшым авантурыстам XX стагоддзя. Яго жыццё ад першага фільма да супрацоўніцтва з Орсанам Уэлсам, Віторыа дэ Сіка, Сафі Ларэн умясціла проста нерэальную колькасць падзей. Мантажом і мастацкімі сродкамі аўтары тонка і пераканаўча паказваюць, што ўвесь гэты час ён вяртаўся да свайго фільма "Дыбук" і што гэта была глыбока трагічная фігура ў сваім неміласэрным ХХ стагоддзі.


"Жанчына з фатаграфіі" Прыйта Валкны

— Эстонскі фільм зусім нам невядомага рэжысёра, нядоўгая, але вельмі стыльная карціна. Малады фотамастак і дызайнер у старым апусцелым будынку, які захаваўся ў Таліне ў цэлым квартале такіх жа драўляных двухпавярховых збудаванняў і дзе ў міжваенныя часы знаходзілася самая папулярная фотастудыя, імкнецца стварыць выстаўку. Складаным мастацкім прыёмам ён наносіць на сцены выявы жаночых твараў з фатаграфій, якія знаходзіць у тым ліку ў гэтай майстэрні. Такім чынам мы вяртаемся ў той час, даведваемся пра існаванне гэтай фотастудыі, братоў, што тут працавалі, пра складаныя узаемаадносіны і ўвогуле пра часы першай Эстонскай Рэспублікі. Пры ўяўнай простасці карціна абсалютна самакаштоўная надзвычайнай глыбінёй. Падкупае таксама тое, што малады фотамастак не проста рэалізоўвае тое, што задумаў, — у яго нешта не атрымліваецца, ён зрывае тэрміны, адкладваецца адкрыццё, ён пакутуе, не ведаючы, як вырашыць тую ці іншую праблему. У гэтым ёсць прываблівая дакументальнасць, і ў выніку мы маем вельмі шчыры расказ і магчымасць назіраць за творчым працэсам, што з'яўляецца амаль унікальным матэрыялам, таму што рэдка хто дае яго зафіксаваць.


"Нармальны аўтыстычны фільм" Міраслава Янэка

— Зразумела, пра што гэтая карціна і хто — галоўныя героі. Вельмі сімпатычнае кіно пра дзяцей, якіх лічаць аўтыстамі, і пра тое, якім кволым, глыбокім, рознабаковым і шматгранным можа быць іх свет, калі да іх прыгледзецца, прыслухацца і паспрабаваць гэты свет для сябе зразумець і прыняць. Аўтар зрабіў дзяцей галоўнымі героямі і размаўляе з намі ад іх імені — не мы іх вывучаем праз павелічальнае шкло, а яны з намі згаджаюцца размаўляюць. Заслуга рэжысёра ў тым, што ён выклікаў прыхільнасць сваіх герояў і яны перад намі раскрываюцца, а гэта ці не галоўная якасць і перамога рэжысёра — прымусіць героя табе давяраць.


"Брат Якаб" Элі Роланда Захса

— Па настроі, пачуццях і эмоцыях, з якімі ты глядзіш карціну і якія ў табе потым доўга жывуць, "Брат Якаб" вельмі падобны да "Нармальнага аўтыстычнага фільма". Малады нямецкі рэжысёр зняў кіно пра свайго брата і пра разарваныя сувязі паміж імі. Брат рэжысёра, то-бок галоўны герой карціны, прачытаў Каран і вырашыў прыняць іслам, пачаў жыць з жанчынай адпаведнага веравызнання. Наша першая рэакцыя на словы "Еўропа, мусульмане, жанчына" зразумелая, але героі дзеляцца з намі такім складаным унутраным светам, і ім так нялёгка з намі — не нам з імі, а ім з намі. Герой хоча зрабіць з Германіі мусульманскую краіну, але ў той жа час ён не агрэсіўны. Вельмі складаная сітуацыя, якая магла нарадзіцца толькі ў наш час. Забягаюча наперад, скажу, што ад ісламу ён адмовіўся і пачаў шукаць сябе ў іншых вераваннях. Але галоўнае здарылася — сувязь паміж братамі аднавілася, калі яны пачалі прыслухоўвацца адзін да аднаго. Фінал вельмі эмацыянальны і глыбокі... амаль катарсіс.


"Гісторыя сямейнага жыцця" Гэлены Тржэшцікавай

— У аднаго з вядучых рэжысёраў чэшскага дакументальнага кіно Гэлены Тржэшцікавай унікальны метад работы — яна дзесяцігоддзямі назірае і сапраўды прымае ўдзел у лёсах сваіх герояў. "Гісторыю сямейнага жыцця" яна здымала на працягу, здаецца, амаль дваццаці гадоў. Фільм пачынаецца са шчаслівага студэнцкага кахання, вельмі мілых узаемаадносін, вяселля, атрымання дыпломаў, нараджэння першага сына і гэтак далей. Галоўнымі героямі стала сямейная пара архітэктараў — творчых, адкрытых, пазітыўных, дастаткова эмацыянальных людзей. І рэжысёр за імі назірае з больш чым відавочным пасылам — яна хоча знайсці адказ на пытанне, чаму шлюбы так часта разбураюцца і што перашкаджае людзям суіснаваць. Вынік гэтых назіранняў сабраўся ў фільм. Адносіны людзей, аб'яднаных дзецьмі і клопатамі, час ад часу выглядаюць невымоўна складанымі, бывае, выяўляюцца скрытыя якасці і эмоцыі, часам не разумееш, адкуль з'яўляецца такая агрэсія і чаму яна праяўляецца ў жанчыне. Унутры гэтай сям'і здараюцца вельмі складаныя моманты, драматычныя і нават амаль трагічныя, фільм не толькі пра гэту сям'ю — ён пра вельмі многіх.


"Добры паштальён" Таніслава Хрыстова

— Актуальная сацыяльная еўрапейская праблематыка. Памірае балгарская, некалі вялікая, вёска, у якой паштальён вырашае балатавацца ва ўладныя структуры для таго, каб рэалізаваць сваю ідэю — ажывіць вёску за кошт бежанцаў. Ёсць вельмі смешныя эпізоды — з такой іроніяй тут паказана сістэма балатавання, галасавання, перадвыбарнай кампаніі. Мы з аднолькавай увагай назіраем за галоўным героем, яшчэ за адным яркім і крэатыўным персанажам, што ў гэтай гонцы вядзе сваю лінію, а ў рэшце рэшт перамагае ціхі трэці. Тут жа — адносіны пажылых, умудроных вопытам і жыццём, людзей, таму што ў вёсцы засталіся амаль што толькі яны. Наколькі яны талерантныя і наколькі непрымірымыя, што ў чалавеку перамагае — прага перспектыў альбо сцвярджэнне ўласных прынцыпаў. Фільм з вельмі сімпатычным галоўным героем падымае некалькі праблем — ты думаеш не толькі пра тое, як вытанчана зроблена гэта кіно альбо як памірае вёска, але і пра людзей, якіх мы бачым толькі на гарызонце, — пра чараду з трыццаці бежанцаў. Гэту карціну вы наўрад ці забудзеце пасля таго, як выйдзеце з залы.


"Горад сонца" Раці Анэлі

— Грузінскі дэбютны фільм пра горад, у якім у свой час дабывалася амаль пяцьдзясят працэнтаў марганцу на ўвесь свет. Ён надзвычайна цікава і моцна зроблены візуальна, камера працуе вельмі вытанчана. Гэтыя старыя агромністыя пабудовы з шэрага бетону з жалезнай арматурай, якія людзі разбураюць кіркамі ўручную, ствараюць дзіўны візуальны эфект. Фільм зноў жа пра людзей, якія тут жывуць, разбіваюць гэты бетон, спяваюць у хоры, іграюць у самадзейным тэатры, займаюцца спортам. Горад-прывід, дзе кожны выжывае сам па сабе, і ў гэтым моцны вобраз часу.


"Маё жыццё без паветра" Баяны Бурнач

— Карціну зняла ўнікальная рэжысёрка з Харватыі — альпіністка, ратавальніца, сказаць, што яна дайвер, — нічога не сказаць. Падазраю, што яе герой — настолькі ж апантаны, як яна сама. Сутнасць віду спорту, якім ён займаецца, заключаецца ў тым, што ён павінен як мага даўжэй пратрымацца пад вадой. Па-першае, падчас прагляду фільма хочацца зразумець, навошта гэта патрэбна, і першым нараджаецца адказ "дурэе", бо навошта гэтыя самакатаванні. Апроч трэніровак не сказаць, што жыццё героя поўніцца здарэннямі: медыцынскімі эксперыментамі і спаборніцтвамі. Ён маўклівы, а калі прыходзіць дадому, у стыльную, суперчыстую кватэру, абсалютна адзінокі. Характэрна, што робат-пыласос гудзіць у яго кватэры ўвесь час. І потым ты пачынаеш задумвацца, што, напэўна, гэта ўсё не проста так, для нечага патрэбна, паколькі вакол яго гэтыя трубачкі, датчыкі і вялікая колькасць людзей. "Маё жыццё без паветра" — крыху дзіўная карціна і менавіта гэтым яна і цікавая.


"Дзіўныя няўдачнікі: іншы свет" Арунаса Мацеліса

— Гэты фільм рэжысёр здымаў семь гадоў, у капрадукцыі ўдзельнічала восем краін. Глядач ўбачыць назіранне за велагонкай, прычым мы амаль, а можа нават ні разу, не бачым лідараў. Карціна так і называецца — "Лузеры", што мы пераклалі як "Няўдачнікі". Мы бачым тых, хто едзе ў хвасце, прычым часта — з акна машыны медыцынскай дапамогі. Гэта ўнікальныя кадры з пункту гледжання аператарскай работы, здымаю шляпу. Аказваецца, гэтыя дактары на хаду могуць перавязаць і апрацаваць рану. Лузеры ж адзін аднаго абганяюць, даюць сваім паплечнікам па камандзе ваду, нехта дастаткова моцна разбіваецца. Фільм фантастычна зняты. Нячаста такое бывае, але калі глядзіш гэты фільм, думаеш, хоць бы ён не канчаўся, хаця здавалася б, ну едуць і едуць, ну упаў, разбіўся, прачнуўся, гіпс... Але гэта вельмі моцна трымае. На Варшаўскім кінафестывалі, які толькі завяршыўся, "Дзіўныя няўдачнікі" былі прызнаны найлепшым дакументальным фільмам.


"Сяргей Плыткевіч. Чалавек з фотаапаратам" Вольгі Дашук

— Герой карціны — адзін з самых цікавых беларускіх фатографаў, што само па сабе ўжо варта ўвагі. У калажах праз яго здымкі мы бачым пікавыя для краіны моманты — Чарнобыль, атрыманне незалежнасці, чаму папярэднічалі шматлікія мітынгі. Вядома, гэта не проста знакі часу, а назаўсёды застылая ў гісторыі краіна. У яго ёсць і цікавыя партрэты, сёння ён больш звяртаецца да дзікай прыроды, а гэта таксама погляд на Радзіму і на свет, у якім ты жывеш, — каштоўнасць гэтага матэрыялу не вызывае сумненняў.


"Ультра" Балаша Шымані

Гаворка пра адзін з найскладанейшых забегаў — 246 кіламетраў з Афін у Спарту за 36 гадзін. І вось гаворка пра людзей, якія імкнуцца прабегчы спартанскую дыстанцію, пра тое, хто і што пераадольвае, хто і да чаго бяжыць. Але галоўная асаблівасць фільма, несумненна, у тым, што сам рэжысёр, венгр Балаш Шымані, — адзін з удзельнікаў забегу. На нашых вачах ён таксама спрабуе адказаць на пытанне "Навошта гэта патрэбна?". І ты разумееш, што ў кожнага свая спартанская дыстанцыя.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў. 

Грамадства

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

На якім этапе трэба распачынаць выхаванне будучага даследчыка: у аспірантуры, магістратуры або яшчэ ў школе? 

Грамадства

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Праведзеныя аператыўныя ўмяшанні — гэта надзея на радыкальнае вылечванне для тых, хто зараз з прычыны свайго захворвання прымае сур'ёзныя лекавыя прэпараты.

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.