Вы тут

Чытачка Ірына Кротава: Чытай «Звязду» — прачытаеш усё


Не сакрэт, што звяздоўцы любяць сваіх чытачоў, людзей адметных, цікавых і шчырых. А колькі захапляльных гісторый ды тэм яны падказваюць нам, карэспандэнтам... Аддзячыць нашым шаноўным падпісчыкам і заўзятарам мы можам добрым словам ды падарункамі. У рэкламнай гульні сярод падпісчыкаў на «Звязду» на чацвёрты квартал мы разыгралі шэсць электрычных вяндлярняў. Адну з іх нашы карэспандэнты самі павезлі на Гродзеншчыну.


У Гродзенскай вобласці гэты патрэбны ў гаспадарцы апарат выйграла Ірына КРОТАВА, галоўны бухгалтар ДРБУ №158, філіяла КУП «Гроднааблдарбуд» з Карэліч. Такім чынам, на выхадных у нашай падпісчыцы з больш як 25-гадовым стажам атрымалася двайное свята: уручэнне прыза ад «Звязды» і Дзень дарожніка і аўтамабіліста. Якраз перад нашай сустрэчай Ірыне Іванаўне ўручылі на прадпрыемстве грамату і прэмію.

— Яшчэ падчас першага розыгрышу — больш за 25 гадоў таму назад, я тады выпісвала газету яшчэ толькі два гады — я выйграла ў «Звяздзе» фотаапарат «Зеніт». Ён і дагэтуль у нас ёсць і спраўны. Шмат ім здымалі. Шкада, што зараз плёнку да яго цяжка знайсці, — расказвае жанчына.

Цікава, што свой другі выйгрыш — мангал — яна выйграла гэтым летам. Яго з рэдакцыі забірала дачка Ірыны Іванаўны, якая жыве ў Мінску. Другая дачка — у Лідзе. Прыз даўно апрабавалі — засталіся задаволеныя. «Зяць сказаў, добрая прылада», — усміхаецца наша пераможца. Паверыць у яшчэ адну ўдачу літаральна праз пару месяцаў было цяжка, кажа яна.

— Вечарам у нядзелю, ужо дзяцей адправіла дадому, сядзела чытала артыкул пра жанчыну, якая пакінула працу ў банку, каб стаць прыёмнай мамай. А пасля выпадкова ўбачыла сваё прозвішча на суседняй старонцы. Па прафесійнай звычцы бухгалтара пачала шукаць, пра што гаворка. Адгортваю першую старонку — ох! — прыз! Я доўга не магла апрытомнець ад узрушэння, не магла паверыць, што зноў перамагла, — хвалюецца Ірына Кротава. — А дзеці мае смяюцца: «Мама, табе больш нельга гуляць, а то рэдакцыя збяднее».

Сваю прыхільнасць да выдання на працягу столькіх гадоў яна тлумачыць проста: «Кампактна пішаце, няма «вады» ў газеце, не трэба яе выціскаць».

— Пра ўсе заканадаўчыя змены, што маюць адбыцца, заўжды ў вашым выданні можна пачытаць. Я сваім калегам кажу: чытай «Звязду» — прачытаеш усё. Я люблю аналізаваць, і мяне выданне задавальняе цалкам. З ім можна і пасмяяцца, чытаючы «Алё, народ на провадзе», і здымкі Анатоля Клешчука паглядзець заўжды цікава, якія таксама без гумару не абыходзяцца. Колькі буду жыць — столькі буду «Звязду» выпісваць, так што я ў вас пажыццёвы падпісчык.

На жаль, доўга пагутарыць з пераможцам не давялося, бо на адпачынак часу ў дарожнікаў у гэтую пару няма. Праз якіх 15 хвілін жанчына паспяшалася на працу, а вяндлярню ад «Звязды», даволі-такі ёмістую скрынку, дадому завёз на машыне брат Ірыны Іванаўны. Яна паабяцала, што адзначыць прафесійнае свята, гатуючы на новенькай вяндлярні скумбрыю.

Пасля выхадных мы пацікавіліся, як удалася страва.

— У нас атрымалася скумбрыя гарачага вэнджання. Думалі крышку падвэндзіць, каб як у краме было. На гадзіну яе паставілі — дасталі — атрымалася ах, вельмі смачная, — падзялілася наша пераможца.

Ірына СІДАРОК

sidarok@zviazda.by

P. S. Тым часам мы ўжо падрыхтаваліся да новай падпісной кампаніі. Нават набылі карысныя прызы, якія абавязкова разыграем сярод падпісчыкаў на І квартал або І паўгоддзе 2018-га. Што за прызы? Сачыце за газетай — хутка даведаецеся!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».